wd wp Пошук:

Голас беларуса

«Голас беларуса» — газета дэмакратычнага кірунку. Выдавалася 14 лютага — 19 красавіка 1924 г. у Вільні на беларускай мове 2 разы на тыдзень. Рэдактар-выдавец Мікола Шыла.

Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газеты «Змаганне». Крытычна аналізавала палітычнае і эканамічнае становішча ў Польшчы, сацыяльную палітыку польскага ўрада (артыкул «Сучасны эканамічны крызіс» пад псеўданімам Кугельман, «Панскае аздараўленне крэсаў» падпісаны крыптанімам «К», «У чым сапраўдная санацыя Польшчы?» пад крыптанімам «М», «У зачараваным коле» і інш), разглядала канцэпцыю дзяржавы, яе рэалізацыю польскім грамадствам (артыкул «Дзяржава для народа ці народ для дзяржавы?» падпісаны псеўданімам Ст.Мірскі). Шмат увагі аддавала стану і задачам беларускага вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі (артыкулы: «Рашучая часіна», «Ніякіх летуценняў», «Хто разважа?», «Рэвізія трактатаў і беларусаў», «Беларускае пытанне за граніцай», «Рэалізацыя ідэі незалежнасці», «Найважнейшы вывад» і інш.), піала пра парушэнні правоў чалавека і нацыянальных меншасцей у краіне (артыкул «Польскае obywatelstwo і міжнародныя трактаты» пад псеўданімам Civis). У сувязі з абмеркаваннем польскім сеймам законапраекта аб самаўрадах шырока асвятляла пытанні самакіраўніцтва, улады на месцах (артыкулы: «Ці толькі спадчына керпішчызны» пад крыптанімам «В», «Генеральная баталія», «Прамова Б.Тарашкевіча ў сойме»). Друкавала матэрыялы пра злоўжыванні польскай адміністрацыі і паліцыі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі і беларускай асветы, пра нападкі на беларускіх дэпутатаў з боку эндэкаў — правага крыла сейма, ігнараванне праблем рэпатрыянтаў (артыкулы: «Няўмольныя факты», «На руінах беларускай школы», «Здзекі над рэпатрыянтамі», «Дзікі гвалт»). Перспектывы вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі звязвала з дзяржаўным будаўніцтвам, арганізацыяй навукі і асветы ў Савецкай Беларусі (рубрыка «Навокал пашырэння тэрыторыі БССР», артыкулы: «Паваротны пункт», «Незалежнасць і залежнасць», «Святкаванне шостых угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі»). Вяла дыскусіі па пытаннях стратэгіі і тактыкі беларускага руху, пісала пра міжнародныя падзеі ў свеце, у т.л. пра святкаванне 1 мая, Міжнароднага дня жанчын (артыкулы: «Міжнародны тыдзень работніцы» пад крыптанімам «Яз», «Жанчына ў беларускім адраджэнскім руху» пад крыптанімам «А.Н.», «Міжнародны жаноцкі рух»). На старонках газеты змешчаны рашэнні Беларускага нацыянальнага камітэта па розных праблемах беларускага грамадска-палітычнага жыцця, нота міністра замежных спраў БНР А. Цвікевіч да старшыні Лігі Нацый, выступленне ў сейме дэпутата-камуніста С. Крулікоўскага, артыкул «З беларускага палітычнага архіву», інфармацыя пра грамадска-культурны рух Латвіі, ЗША і Чэхаславакіі, рэцэнзіі У.Самойлы (пад псеўданімамі Суліма, Ars) на перыядычныя выданні і дзейнасць Беларускай драматычнай майстроўні і інш. Рэдакцыя газеты выпусціла брашуру Самойлы «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу польская рэспубліка?», кнігі А. Краскоўскага «Аб чалавечым целе здаровым, хворым і спосабах яго лячэбнай самаабароны», З. Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» і інш. Выйшаў 21 нумар, з іх 4 канфіскаваны. Закрыта польскімі ўладамі, рэдактар-выдавец зняволены ў турму.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Газеты паводле алфавіта
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1924 годзе
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, закрытыя ў 1924 годзе
Катэгорыя·Газеты Вільнюса на беларускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Газеты без геаграфічных каардынат