Машко́вічы[1] (трансліт.: Maškovičy, руск.: Мошковичи) — вёска ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Здзітаўскага сельсавета. Размешчана за 14 км ад Бярозы, за 20 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.
У 1864 годзе — вёска ў Сігневіцкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Паводле перапісу 1897 года вёска ў Равяціцкай воласці, дзейнічалі капліца, хлебазапасны магазін. Аднайменны фальварак паблізу вёскі знаходзіўся ва ўладанні Рамуальда Нейгоф-Лея.
З 1915 года акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і з жніўня 1920 года — войскамі Польшчы (у ліпені 1920 устаноўлена савецкая ўлада). З 1921 года — ў складзе Польшчы. У 1924 годзе ў Равяціцкай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства — вёска і фальварак. З 1926 года ў Міжлескай (былой Мацвеевіцкай), з 1932 года ў Сігневіцкай гміне.
З 1939 года ў БССР. З 1940 года вёска, цэнтр Машковіцкага сельсавета, і калонія. У сельсавеце ў той час дзейнічалі 2 пачатковыя школы, чырвоны вугал, хата-чытальня, магазін.
У 1941—1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1949 годзе жыхары вёсак Дзягелец, Машковічы, Шылінок, Шылін былі аб’яднаны ў калгас імя Свярдлова, у 1959 годзе далучаны да саўгаса «Прамень», з 1963 года вёска ў племсаўгасе «Земляроб». 16 ліпеня 1954 года Машковіцкі сельсавет быў скасаваны, тэрыторыя і населеныя пункты далучаны да Міжлескага сельсавета. Паводле перапісу 1959 года (разам з навакольнымі хутарамі) — 90 будынкаў, 90 гаспадарак, 338 жыхароў. З 1960 года ў складзе Углянскага (з 18 студзеня 1988 Здзітаўскі) сельсавета[2]. Паводле перапісу 1970 года дзейнічала комплексная брыгада племсаўгаса.
Планіровачна складаецца з крыху дугападобнай, двухбакова шчыльна забудаванай вуліцы, арыентаванай з захаду на ўсход, да якой у цэнтры прымыкае другая, арыентаваная з поўначы на поўдзень, і з асобных участкаў забудовы (вакол вёскі).