wd wp Пошук:

Мачалілья

Мачалі́лья (ісп.: Machalilla) — старажытная археалагічная культура на захадзе Эквадора, што існавала ў другой палове 2 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. Ахоплівала тэрыторыі правінцыі Санта-Элена і поўдню правінцыі Манабі.

Даследаванне

Культура Мачалілья была асобна вылучана эквадорскімі археолагамі Эмілія Эстрада[1] і Хулія Вітэры Гамбаа[2] ў 1958 г. Яны палічылі яе працягам болей старажытнай культуры Вальдывія. У 1962 г. амерыканскія археолагі Бэцці Мэгерс і Кліфард Эванс даследавалі кераміку і звычай дэфармацыі чэрапаў і прыйшлі да высновы, што носьбіты Мачалілья мелі сувязі з папярэднімі культурамі захаду Мексікі. У 1970-х гг. амерыканскі археолаг Дональд Латрап развіваў думку пра ўплыў Мачалілья на чавіноідныя культуры ў рэчышчы Мараньёну.

Асаблівасці

Носьбіты культуры Мачалілья займаліся земляробствам, вырошчвалі кукурузу, амарантавыя, лубін, магчыма маніёк і бульбу. У іх ежы прысутнічала садавіна, асабліва авакада, ананасы і папая, але існуе верагоднасць, што гэтыя расліны назапашвалі ў выніку збіральніцтва. Пра традыцыі палявання кажуць знаходкі костак аленяў. Значную ролю ў забеспячэнні адыгрывалі рыбалоўства і збор малюскаў.

Керамічны посуд вылучаецца з-за наяўнасці стрэмя ці ручніц, хамутоў з падвойным вадазлівам. Керамічныя скульптуры сустракаюцца рэдка. Антрапаморфныя постаці плоскія і шырокія, з мноствам вушэй, пляскатай галавой і маленькімі вачыма. Некаторыя ўпрыгожваліся чырвонай фарбай, іншыя наогул не ўпрыгожваліся. Адметны полыя статуэткі, якія на самой справе з’яўляліся бутэлькамі.

Носьбіты Мачалілья ведалі ткацтва, выраблялі фарбаваныя тканіны з раслінных валокнаў і воўны. З іх шылі накідкі, якія падпяразвалі рамянём, каляровыя цюрбаны, падобныя на кароны, паясы. Шматлікія ўпрыгожванні выраблялі на аснове нітак, насення. Але болей важным было тое, што носьбіты Мачалілья здабывалі металы накшталт золата, срэбра і медзі, выраблялі з іх завушніцы, бранзалеты, пярсцёнкі і інш.

Відавочна, першапачатковае грамадства Мачалілья было эгалітарным. Але паступова фарміраваўся інстытут правадыроў і старэйшын, якія кіравалі некалькімі паселішчамі, гуртавалі жыхароў адной мясцовасці для выканання супольных рытуалаў. Каля паселішчаў месціліся цырыманіяльныя могілкі. Разам з гэтым існаваў звычай хаваць нябожчыкаў у ніжэйшай часткі хацін, што будаваліся з бамбуку і саману на па́лях. Целы нябожчыкаў маглі некалькі разоў перазахоўвацца перад набыццём сталай магільні. Некаторыя даследчыкі ўпэўнены, што носьбіты Мачалілья практыкавалі пасмяротны канібалізм. Прадстаўнікі культуры вядомы звычаем дэфармацыі чэрапаў. З маленства чэрапы змянялі так, каб візуальна яны выглядалі павялічанымі.

Зноскі

  1. Estrada Ycaza Emilio
  2. Estrada Ycaza Emilio 3 voluntades y una finalidad — Julio Viteri Gamboa

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Андскія культуры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Медны век
Катэгорыя·Археалогія ў Эквадоры