wd wp Пошук:

Ляхчыцы

Ля́хчыцы[1] (трансліт.: Liachčycy, руск.: Ляхчицы) — вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Хідрынскага сельсавета. Вёска размешчана на захадзе Палесся за 60 км ад Брэста, 15 км ад Кобрына і 18 км ад Дывіна.

Гісторыя

Назва вёскі ўтворана ад слова «ляха» — незасеянае поле («ляшыць» — значыць засяваць). Паводле народнага падання, назва паходзіць ад прозвішча першапасяленца Ляха, які быў палякам.

Каля вёскі былі знойдзены крамянёвыя наканечнікі стралы і дзіды. Упершыню вёска ўпамінаецца ў Рэвізіі Кобрынскай эканоміі, састаўленай каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегай у 1563 годзе [2]. Тамжа ўпершыню ўпамінаецца ўрочышча Княжая Гара, на якім, паводле народнага падання, пахавана княгіня Вольга.

Каля вёскі знаходзяцца дзве магілы ахвяр фашызму. На поўдзень ад вескі каля каналізаванай рэчкі Трасцяніца знаходзіцца ўрочышча Княжая гара. Паводле мясцовага падання ва ўрочышчы размешчана магіла княгіні Вольгі.

Дэмаграфія

У 2011 годзе — 72 двары, у весцы жыве 155 чалавек. Самыя распаўсюджаныя прозвішчы Назарук і Барысюк.

Паданне пра Княжую гару

У паўднёвай частцы вёскі знаходзіцца пагорак, які назвываецца Княжай гарой. Пагорак мае вышыню ў амаль 10 метраў, аднак непадалёк размешчаныя і больш высокія ўзгоркі. Пра Княжую гару існуе мясцовае паданне.

" Даўно тое было. Княгіня Вольга тут праходзіла. Была яна наша, руская… Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць з ворагамі… Вольга хітрасцю перамагла ворагаў, перакаваўшы ў коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ёй не было. Там княгіня і спынілася. У той час варожыя войскі наступалі з поўдня, ад Навасёлак. На гары і напаткала смерць Вольгу… Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу гара і завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго знялі… "

Гістарычныя крыніцы

Паданне звязана з канкрэтнымі гістарычнымі фактамі.

Герб Валыні

У 1287 годзе галіцка-валынскія князі пайшлі на Польшчу. Уладзіміра-валынскі князь Уладзімір Васількавіч, цяжка хворы, паслаў замест сябе ваяводу, а сам застаўся ў Каменцы. Вельмі пакутуючы ад сваёй раны (у яго гніла ніжняя сківіца), ён паведаміў Мсціславу Данілавічу Луцкаму, што прызначае яго спадкаемцам. Пасля паходу Луцкі князь быў выкліканы для падпісання дакументаў. Асобна была напісана грамата, у якой жонцы Уладзіміра Вользе Раманаўне быў адпісаны горад Кобрын і сяло Гарадел (Гарадзец). Акрамя таго, у грамаце князь запісаў: «… а княгіня мая оже восхочет у чэрніч поіті поідеть, Аже не восхочет ити, а како ёй любо мне не воставши глядеті, што, хто мае чыніть по моем жывоте»[4]. Да таго ж князь вымусіў пераемніка цалаваць крыж, што ён не аддасць прыёмную дачку Ізяславу супраць яе волі замуж, а толькі так, як захоча Вольга.

Крыж на Княжай Гары

10 снежня 1288 года Уладзімір Васількавіч памёр. Вольга Раманаўна на пахаванні мужа была з Ізяславай і з сястрой свайго мужа манашкай Аленай. Апошні раз у Іпацьеўскім летапісе Вольга згадваецца ў сакавіку 1289 года[4].

Аб Княжай гары існуюць пісьмовыя звесткі ў гістарычных крыніцах. Першы гэта «Рэвізія Кобрынскай эканоміі» 1563, дзе запісана: «Княжая Гора, урочище села Рухович» [5]. Пазней Гара прысутнічае на рускіх мапах XIX ст. і на польскіх пачатку XX ст. У канцы XIX ст. археолаг Ф. В. Пакроўскі са слоў святара запісаў: «с. Хабовічы… Блоцкай вол., Кобрынскага павета. У 5 вярстах на паўднёвы-захад ад сяла ёсць невялікі пагорак, званы ў народзе Княжы гара. Называецца так таму, што тут быццам бы ў час бою забітая нейкая князёўна» [6].

Княжая гара аказала вялікі ўплыў на развіццё вёскі Ляхчыцы і суседняй акругі. У Пакроўскай царкве в. Хабовічы, у прыход якой уваходзяць Ляхчыцы, захоўваўся летапіс пра падзеі, звязаныя з урочышчам, а 24 ліпеня «на Вольгу» адзначаецца прастольнае храмавае свята. У Ляхчыцах вельмі распаўсюджана жаночае імя Вольга. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы в Ляхчыцы — герб і сцяг, на якіх намаляваная княгіня Вольга.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 22 лютага 2012 года прыняла рашэнне ўнесці прапанову ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці тапанімічнай аб’екту - назве ўрочышча Княжая Гара, якое знаходзіцца каля в.Ляхчыцы Кобрынскага раёна. Гэта першы тапонім, які плануецца ўзяць пад ахову дзяржавы.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ля́хчычы
  2. Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1876. Т. 15. С. 68.
  3. Рашэнні выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 кастрычніка, 18 снежня 1972 г. і 8 студзеня 1973 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 4 (1378).
  4. 1 2 ПСРЛ. Т. 2. Іпацьеўскі летапіс. М.: АН СССР, 1952. С. 904—905.
  5. Акты Віленскай археаграфічнай камісіі. Вільні, 1876. Т. 15. С. 67.
  6. Ф.В. Пакровский. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895. С. 83.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Ляхчыцы
Катэгорыя·Хідрынскі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Кобрынскага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных