wd wp Пошук:

Лявонпаль

Ляво́нпаль[1] (трансліт.: Liavonpaĺ, руск.: Леонполь) — вёска ў Беларусі, на рацэ Заходняя Дзвіна. Уваходзіць у склад Узмёнскага сельсавета Мёрскага раёна Віцебскай вобласці.

Гісторыя

У XVIII ст. пісар вялікі Мікалай Тадэвуш Лапацінскі набыў маёнтак Чурылавічы ў Полацкім ваяводстве і перайменаваў яго ў Лявонпаль у гонар свайго бацькі Лявона Лапацінскага (1663—1732) — мсціслаўскага мастаўнічага і ўдзельніка бітвы пад Венай (1683). У 1768—1769 гг. Мікалай Тадэвуш Лапацінскі ўзвёў тут невялікі палац у стылі позняга барока (захаваўся да нашага часу), побач з якім разбіў французскі парк на тэрасах. На галоўнай восі сядзібы стаяла брама (не збераглася)[2]. У 1772 г. у мястэчку збудавалі драўляную ўніяцкую царкву са званіцай. Лапацінскія наладзілі вытворчасць каберцаў, сурветак, абрусаў з гэтак званага друйскага лёну. Апроч таго, працавалі капялюшная і суконная вытворчасці.

У 1791 г. Ян Лапацінскі ў сваім маёнтку Лявонпаль, які пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) стаў знаходзіцца каля адміністрацыйнай мяжы з Расійскай імперыяй, паставіў мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года, каб увекавечыць месца, дзе заканчваецца свабода і пачынаецца няволя.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лявонпаль апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерні. У часы вызваленчага паўстання ў 1831 г. расійскія карнікі спалілі тутэйшы палац. Станам на 1866 г. у мястэчку было 26 двароў.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лявонпаль апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. У міжваенны перыяд ў Лявонпалі знаходзілася Гміннае ўпраўленне памежнай заставы.

У 1939 г. Лявонпаль увайшоў у БССР. Статус паселішча панізілі да вёскі. З кастрычніка 1940 г. цэнтр сельсавета.

У 1941—1944 гадах акупаваны нацыстамі. Брацкая магіла савецкіх воінаў знаходзіцца ў цэнтры вёскі, у скверы. Пахаваны 55 воінаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1950 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Да ліпеня 1965 г. Лявонпаль з’яўляўся цэнтрам Лявонпальскага сельсавета. Пасля скасавання сельсавета паселішча ўваходзіла ў склад спачатку Даўгінаўскага сельсавета, а потым, з 16 верасня 2010 г. — у склад Узмёнскага сельсавета.

Насельніцтва

Славутасці

Страчаная спадчына

Галерэя

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Людміла Хмяльніцкая. Паштоўка з Беларусі Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Туризм и Отдых» № 19, 2008.
  3. Leonpol // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 147.
  4. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część II. Ziemia Wileńska. Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Населеныя пункты Мёрскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Узмёнскі сельсавет
Катэгорыя·Лявонпаль
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мястэчкі Полацкага ваяводства