«Ксэ́ракс Белару́скі» — літаратурны альманах, які выдаваўся ў 1990—1996 гадах у Полацку на беларускай мове. Выйшла 6 нумароў. Выдаўцом часопіса быў Алесь Аркуш, рэдактарам — Вінцэсь Мудроў[2]. У выданні ўпершыню быў надрукаваны артыкул Уладзіміра Арлова «“Совершенно секретно” або Адзін у трох іпастасях»[3].
Першы нумар альманаха быў надрукаваны ў Вільні пры дапамозе Алеся Гуркова[4]. У першым нумары, які распаўсюджваўся праз моладзевыя нацыянальныя суполкі, апублікаваны міні-п’еса абсурду Сяржука Сокалава-Воюша «Раніца рэспублікі», апавяданне Вінцэся Мудрова «Час камара», артыкул Уладзіміра Арлова пра Лаўрэнція Абецэдарскага «“Совершенно секретно” або Адзін у трох іпастасях (нататкі няўдзячнага вучня)», вершы Алеся Аркуша, Валянціны Аксак, Лявона Баршчэўскага[5], тэксты гурта «Мясцовы час». Другі нумар выйшаў у 1991 годзе ў Наваполацкай друкарні, у якім акрамя полацкіх пісьменнікаў апублікавалі свае творы Алег Мінкін і Юрась Шаўцоў. У трэцім нумары альманаха, на вокладцы якога пазначаны знак капірайта выдавецкай суполкі «Полацкае ляда», апублікаваны артыкулы, прысвечаныя новай хвалі беларускіх літаратараў і праблеме рэформы арганізацыі беларускага літаратурнага працэсу. У 1993 годзе часопіс стаў выданнем Таварыства Вольных Літаратараў, чый знак з’явіўся на вокладцы чацвёртага нумара. У 1994 годзе з’явіўся пяты нумар[6]. У 1996 годзе выйшаў шосты нумар альманаха, асаблівасцю якога былі добрае паліграфічнае выкананне і павялічаны аб’ём[7].