wd wp Пошук:

Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод

ААТ «Клі́мавіцкі лікёра-гарэ́лачны заво́д» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1858 годзе ў Клімавічах шляхціцам Карлам Камінскім.

На 2018 год завод выпускаў гарэлку «Альфа лінія», «Каласы» і «Сярэбраныя ключы», этанол і настойкі, у тым ліку «Клімград» з мацункам 22%. Прадпрыемства было найбольшым у Клімавіцкім раёне паводле колькасці супрацоўнікаў. На яго прыпадала 10% алкагольнага рынку Беларусі. Звыш паловы выручкі завода ішло на падаткі[2].

Гісторыя

У 1858 годзе шляхціц Карл Камінскі заснаваў у Клімавічах (Магілёўская губерня) рэктыфікацыйны завод на беразе ракі Лабжанка. На завод паступаў спірт-сырэц з сырцовых заводаў Клімавіцкага павета, якія належалі Камінскаму. Спірт-сырэц дастаўлялі гужавымі павозкамі ў бочках, але вымярэнні ажыццяўлялі ў вёдрах. Выраблены спірт-рэктыфікат адпраўлялі ў Чэрыкаў (Магілёўская губерня), дзе з яго выраблялі гарэлку. У лістападзе 1917 года бальшавіцкі ўрад Расіі нацыяналізаваў завод. У 1934 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў пладавінзавод, дзе выраблялі джэм, яблычнае пюрэ і сочыва, пладова-ягаднае віно. У 1935 годзе аднавілі выпуск гарэлкі з разлівам у пляшкі па 0,1 літра, 0,5 літра, 1 літр і 3 літры. У 1937 годзе ўсталявалі канвеер. Пасля ўсталявання 2-га канвеера вытворчасць вырасла да 5000 дэкалітраў за год. У 1939 годзе на канвееры працавала 12 чалавек. Ваду пампавалі з ракі Лабжанкі і артэзіянскай свідравіны пры дапамозе паравых помпаў. У кацельні дзейнічаў кацёл Шухава-Берліна, які забяспечваў завод парай. Крыніцай электраэнергіі служыла паравая машына. Заводу падпарадкавалі гарэлачную краму ў Клімавічах, што да 1939 года належала Цэнтраспірту — саюзнаму аб’яднанню дзяржаўных вінакурняў. У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезлі ў Германію рэктыфікацыйны апарат і падарвалі завод[3].

У 1944 годзе на заводзе аднавілі вытворчасць гарэлкі са спірту-сырцу, які прадавалі ў бочках. У 1947 годзе пабудавалі кацельню з 2 катламі на торфе. У 1948 годзе аднавілі разліў гарэлкі ў пляшкі. У 1950 годзе аднавілі цэх рэктыфікацыі, пабудавалі лікёрны ўчастак і аддзяленне посуду. У 1953 годзе ўкаранілі аўтаматычную лінію разліву на 3000 пляшак за гадзіну, сталі выпускаць гарэлку трох мацункаў — 40%, 50% і 56% — а таксама лікёры і настойкі. У 1955 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну. У 1958 годзе рэктыфікацыйны апарат замянілі на новы магутнасцю 750 дэкалітраў за содні з адначасным аддзяленнем сівушнага алею і эфіраальдэгіднай фракцыі (ЭАФ). Цэх разліву налічваў 4 аўтаматычныя лініі, на трох з якіх разлівалі ў паўлітровыя пляшкі. На яшчэ адной лініі разлівалі ў пляшкі па 0,25 літра. У 1959 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну на 6000 пляшак за гадзіну і прыпынілі выраб гарэлкі мацункам 40%. У 1960 годзе лікёрны цэх пераабсталявалі ў вінны магутнасцю 8000 дэкалітраў за месяц. У 1966 годзе пабудавалі дадатковую артэзіянскую свідравіну з выдаткам 60 м³ вады за год. У 1967 годзе налічвалася 312 супрацоўнікаў, з іх 274 работнікі, 24 інжынеры і тэхнікі, 14 службоўцаў. У 1968 годзе ўсталявалі 5 аўтаматычных ліній разліву гарэлкі магутнасцю на 6000 пляшак за гадзіну. У 1980 годзе ўзвялі будынак з рэктыфікацыйнай устаноўкай на 2000 дэкалітраў за содні і 3-павярховы адміністрацыйны корпус. У 1984 годзе магутнасць віннага цэха дасягула 1,41 млн дэкалітраў за месяц. У красавіку 1987 года Клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу падпарадкавалі Касцюковіцкі спіртзавод. У 1987 годзе ў Клімавічах наладзілі выраб безалкагольнага кактэйлю «Рубінавы». У будынках аўтабазы стварылі кандытарскі цэх, дзе пачалі выпускаць такія ўсходнія ласункі, як фруктовы лукум (250 тонаў за год) і газінакі (100 тонаў). У 1989 годзе прадпрыемства налічвала 310 супрацоўнікаў[3].

У 1992 годзе пабудавалі цэх з прэс-формамі для вырабу скрыняў з поліэтылену нізкага ціску. У 1994 годзе пусцілі нямецкую аўтаматычную лінію «Нагема» на 6000 пляшак за гадзіну з укупоркай «пад шруб». У 1996 годзе скончылі будаўніцтва спіртасховішча на 150 000 дэкалітраў. Уласны аўтапарк дастаўкі сыравіны налічваў 68 грузавікоў. У 1997 годзе пусцілі аўтаматычныя майстэрні. У 1999 годзе кацельню перавялі з вадкага паліва на прыродны газ. У 2001 годзе ўсталявалі італьянскую лінію разліву «Маг» для пляшак ад 0,25 літра да 1 літра з магчымасцю прымяняць кроненкорку для ўкупоркі і 2-пазіцыйнай этыкеткі. Таксама паставілі лінію разліву віна. У 2002 годзе паставілі 3 прэсы «Бухер» для перапрацоўкі 15 тонаў яблыкаў за гадзіну і вакуум-выпарную ўстаноўку для вырабу канцэнтраванага соку. У 2004 годзе набылі газавы храматограф для вызначэння мікрадамешкаў у спірце і гарэлцы. У 2005 годзе заклалі сад на 110 гектараў з 7 відамі раслін: алыча, вішня, чарнаплодная рабіна, чорныя і чырвоныя парэчкі, яблыня. У 2006 годзе УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м паводле велічыні вытворцам гарэлкі ў Беларусі. Вытворчая магутнасць завода складала: па спірце-сырцы — 2,87 дэкалітраў за содні і 876 000 дэкалітраў за год; па спірце-рэктыфікаце — 4000 дэкалітраў за содні і 1,25 млн дэкалітраў за год; па гарэлцы — 2,5 млн дал за год; па настойках — 180 000 дал за год; па вінаградным віне — 271 200 дал за год. Гадавая магутнасць па вырабе ўсходніх ласункаў складала 204 тонаў, у тым ліку грыльяжу, газінакаў і лукуму. Гадавая магутнасць па выпуску поліэтыленавых скрыняў складала 280 000 адзінак[3].

У 2007 годзе набылі аўтаматычны станок для прастаўлення этыкетак і акцызных марак. У 2008 годзе адрамантавалі свідравіну і паставілі ўстаноўку змякчэння вады і фільтар абезжалезвання. У 2009 годзе на Касцюковіцкім спіртзаводзе замянілі 3-калонную брагарэктыфікацыйную ўстаноўку на 6-калонную. У чэрвені 2010 года ў Касцюковічах увялі новае варачнае аддзяленне. У верасні 2010 года пусцілі ўстаноўку сярэбранай фільтрацыі. У студзені 2011 года паставілі ўстаноўку паліравальнай фільтрацыі. У верасні 2013 года УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» асвоіла выпуск спірту з найвышэйшай у Беларусі ступеняй ачысткі «Белальфа», што прадугледжвала змяшчэнне не больш як 0,003% бясколернай атруты метылавага спірту ў пераліку на бязводны спірт. Пагатоў дагэтуль выкарыстоўвалі спірт вышэйшай ачысткі, дзе дапускалася 0,03% бясколернай атруты метылавага спірту[4]. 17 ліпеня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» пад кіраўніцтвам ААТ «Мінск Крышталь», якому падпарадкавалі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»[5]. На час уключэння ў холдынг «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м найбольшым падаткаплатнікам Магілёўскай вобласці. 16 мая 2018 года Магілёўскі абласны суд зацвердзіў 1,5-гадовы план санацыі завода ў сувязі з неплатаздольнасцю па запазычанасці на 59 млн рублёў[2].

Кіраўнікі

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год(руск.) , Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (23 мая 2016). Праверана 3 снежня 2018.
  2. 1 2 На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод(нявызн.). Радыё «Свабода» (16 мая 2018). Праверана 3 снежня 2018.
  3. 1 2 3 4 Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод(нявызн.). Магілёўская абласная бібліятэка (28 красавіка 2006). Праверана 3 снежня 2018.
  4. Коратка // Звязда : газета. — 19 верасня 2013. — № 176 (27541). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  5. А. Лукашэнка Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 г. № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі»(руск.) . Нацыянальны прававы інтэрнэт партал Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 2015). Праверана 3 снежня 2018.(недаступная спасылка)
  6. Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва(нявызн.). Радыё «Свабода» (24 жніўня 2017). Праверана 3 снежня 2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кампаніі паводле алфавіта
Катэгорыя·Прадпрыемствы харчовай прамысловасці Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Кампаніі, заснаваныя ў 1858 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Эканоміка Клімавіцкага раёна
Катэгорыя·Прадпрыемствы Магілёўскай вобласці
Катэгорыя·1858 год у Беларусі
Катэгорыя·Клімавічы
Катэгорыя·Вытворцы алкагольных напояў Беларусі