Карчо́вае[1] (трансліт.: Karčovaje, руск.: Корчёвое) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.
12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў у яго падданых з Карчоўкі (Korczewka), Паселічаў, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 12 снежня 1618 года датаваная скарга рэчыцкага старасты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнанне яго паверанага ў справе размежавання маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той не меў аселасці ў Кіеўскім ваяводстве. І гэта нягледзячы на сведчанне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыццёвае валоданне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[4]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчоўка[upper-alpha 1][5]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[upper-alpha 2] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Карчовым) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[6].
Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя [Канстанціна Яна Шуйскага](/Канстанцін_Ян_Шуйскі "Канстанцін Ян Шуйскі"), якія паводле звестак на восень 1686 года, з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войск, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года добраў князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Карчовае, а таксама Малішаў, Гарошкаў ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste). У інвентары 1721 года, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча, у Карчовым згаданы хіба адзін з трох вясковых млыноў[[7]](/Карчовае#cite_note-9). Адсутнічае інфармацыя пра паселішча ў тарыфах падымнага падатку [Оўруцкага](/Оўруч "Оўруч") павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Тады Хойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва, у Карчовым на 1765 год пражывала 8 чалавек альбо głow — плацельшчыкаў пагалоўшчыны, на 1778 год у Карчовым — 3, у Малым Карчовым[upper-alpha 3] — 2, на 1884 год у Карчовым — 2, у Малым Карчовым — хрысціянін (пагалоўшчыне не падлягаў). Іўдзеі належалі да Хойніцкага кагала[8]. Магчыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года ў нейкай ступені паўплываў на колькасць яўрэяў у паселішчы, роўна як і на прыняцце адным з іх (напэўна, галавой сямейства) хрысціянства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Карчовае апынулася ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[9]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вёскі Вялікая і Малая Карчова згаданыя сярод уладанняў пана Людвіка[upper-alpha 4] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[10]. Тады ў першай з іх было 11 двароў з 32 душамі мужчынскага і 31 душой жаночага полу прыгонных, у другой — 3 двары. Абедзве, разам з Паселічамі, хутарам Рашаўцы і слабадой Рашаў, трымаў у трохгадовай (02.04.1793—02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых мсціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс[11].
11 снежня 1802 года ў Рэчыцкім земскім судзе быў актыкаваны запіс Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар, якім уласніца Хойніцкіх добраў узнагародзіла за службу Яна і Марыяну з Ляўкоўскіх Арліцкіх правам на валоданне фальваркам Малы Карчоў з вёскай Вялікі Карчоў[12]. Трымаў Ян Арліцкі, ротмістр берасцейскі, Карчоў з 60 душамі прыгонных мужчынскага полу і ў 1811 годзе. У шляхецкай рэвізіі 1816 года, Ян, сын Казіміра, Арліцкі (60 г.) запісаны ўдаўцом. Разам з ім у Карчове жылі сын Леон (5 г.), дочкі Людвіка (16 г.), Францішка (9 г.), Ёганна (7 г.). Сыны Пётр (14 г.), Людвік (14 г.), Дамінік (12 г.) навучаліся ў Мазыры[13].
Згодна з інвентаром, складзеным 10 снежня 1844 года, фальварак і вёска Карчовае з 22 дварамі і 144 жыхарамі былі ў складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[14]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 129 жыхароў абодвух полаў з вёскі Карчовае былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 9 мужчын і 19 жанчын належалі да парафіі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[15].
У парэформенны перыяд Карчовае належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 73 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да Карчоўскага сельскага таварыства[16]. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Паселічы заставаліся ў прыходзе Хойніцкай царквы[17].
На 1897 год у вёсцы было 46 двароў, 331 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазін. У 1909 годзе ў вёсцы Карчоў (Карчев) налічвалася 64 двары, 413 жыхароў, побач у аднайменным урочышчы — адзін двор з 2 жыхарамі[18].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Гарманія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карчовае ў складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[19].
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад [Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі](/ССРБ "ССРБ"), аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да [РСФСР](/РСФСР "РСФСР"). Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў школе першай ступені (г. зн. пачатковай) вёскі Карчовае было адпаведна 12 і 20 вучняў[[20]](/Карчовае#cite_note-24). Пасля [другога ўзбуйнення](/Узбуйненне_БССР#Другое_ўзбуйненне_БССР "Узбуйненне БССР") [БССР](/БССР "БССР") з 8 снежня 1926 года вёска Карчовае — цэнтр [Карчоўскага сельсавета](/Карчоўскі_сельсавет_(Хойніцкі_раён) "Карчоўскі сельсавет (Хойніцкі раён)") ў Хойніцкім раёне [Рэчыцкай акругі](/Рэчыцкая_акруга "Рэчыцкая акруга") [БССР](/БССР "БССР"). З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе [Гомельскай акругі](/Гомельская_акруга "Гомельская акруга"). 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага [Гарошкаўскага сельсавета](/Гарошкаўскі_сельсавет_(Хойніцкі_раён) "Гарошкаўскі сельсавет (Хойніцкі раён)"). На 1930 год у Карчовым налічвалася 56 двароў, 296 жыхароў, арганізаваны калгас «Сацыялізм», працавала кузня. З 20 лютага 1938 года — у складзе [Палескай вобласці](/Палеская_вобласць "Палеская вобласць") з цэнтрам у Мазыры.У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік — М. А. Колас).
16 ліпеня 1954 года Карчоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Забалацкага сельсавета[21]. Тады ў вёсцы працавала сямігадовая школа[22]. З 8 студзеня 1954 года Карчовае — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы было 386 жыхароў. У складзе калгаса «Світанне» (цэнтр вёска Паселічы.)
У 1959—1966 гадах — у складзе Небытаўскага сельсавета[23].