wd wp Пошук:

Карней Іванавіч Чукоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чукоўскі. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Карнейчукоў. Карней Іванавіч Чукоўскі (руск.: Корне́й Ива́нович Чуко́вский, сапр. Мікалай Васілевіч Карнейчукоў; 31 сакавіка 1882, Санкт-Пецярбург — 28 кастрычніка 1969) — рускі празаік , літаратурны крытык, дзіцячы паэт , літаратуразнавец, перакладчык. Доктар філалагічных навук (1957).

Біяграфія

Мікалай Карнейчукоў нарадзіўся 19 (31) сакавіка 1882 года ў Санкт-Пецярбургу. Ён быў пазашлюбным сынам Эмануіла Левенсана і Кацярыны Карнейчуковай. Пасля таго як Э. Левенсан пакінуў сваю незаконную сям’ю і ажаніўся, яго маці з дзецьмі пераехала ў Адэсу. З гэтага часу будучы пісьменнік рос бязбацькавічам і бачыў свайго бацьку даволі рэдка. Пасля рэвалюцыі 1917 г. літаратурны псеўданім М. Карнейчукова — Карней Іванавіч Чукоўскі стаў яго пашпартным імем.

З 1901 г. Чукоўскі пісаў артыкулы для перыядычнага выдання «Адэскія навіны». 26 мая 1903 г. ажаніўся з Марыяй Гольдфельд. У гэтым жа годзе быў камандзіраваны ў Лондан, дзе пачалося яго доўгае сяброўства з англійскай літаратурай.

У 1905 г. пачаў выдаваць у Пецярбургу сатырычны часопіс «Сігнал», што прывяло яго да збліжэння з пецярбургскімі пісьменнікамі. З 1906 г. жыў у мястэчку Куокала (зараз Рэпіна) пад Пецярбургам.

Да рэвалюцыі 1917 г. і пасля яе пісаў аналітычныя артыкулы па творчасці рускіх і савецкіх пісьменнікаў: Някрасава, Чэхава, Караленкі, Блока, Ахматавай, Маякоўскага. Таксама публікаваў свае пераклады з англійскай У. Уітмена. У 1920-я гг. напісаў шэраг сваіх казак для дзяцей, якія сталі культавымі і зрабілі яму імя: «Мыйдадзір», «Тараканішча» і інш. У канцы 1920-х — 1930-я гг. К. Чукоўскі сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй яго творчасці з боку ўплывовых асоб у літаратуры. У той час ішла барацьба за класавы падыход у літаратуры (напрыклад, стварэнне негатыўных вобразаў дзяцей непралетарскага паходжання і станоўчых герояў з дзяцей працоўных класаў), што было непрыемна К. І. Чукоўскаму, бо ён вельмі любіў дзяцей і праводзіў з імі шмат часу. Таксама літаратурныя крытыкі лічылі шкодным чытаць дзецям чароўныя казкі, таму што ў іх апісваліся нерэальныя падзеі. Нават узнік тэрмін «чукоўшчына». У 1931 г. ад цяжкай хваробы памерла дачка пісьменніка, Мурачка, якой ён прысвяціў шмат вершаў. А ў 1938 г. быў расстраляны зяць К. Чукоўскага Мацвей Бранштэйн.

У 1930-я гг. Чукоўскі займаўся распрацоўкай тэорыі мастацкага перакладу і перакладам англійскай і амерыканскай літаратуры на рускую: М. Твена, О. Уайльда, Р. Кіплінга.

Таксама, у 1933 г. выдаў свае філалагічнае даследаванне дзіцячай мовы «Ад двух да пяці», у якім ён сабраў дзіцячыя выказванні з усяго СССР на розныя тэмы, уключаючы такія сур’ёзныя як смерць і рэлігія, сістэматызаваў іх і правеў паралелі з рознымі дыялектамі рускай мовы. Апошнія гады свайго жыцця пісьменнік правеў на сваёй дачы ў Перадзелкіна. Сярод яго апошніх праектаў — спроба арганізаваць выданне пераказу біблейскіх апавяданняў для дзяцей. У 1968 г. быў апублікаваны збор «Вавілонская вежа і іншыя старажытныя легенды», але свайго чытача ён убачыў толькі ў 1990 г. Іншымі пасмертнымі выданнямі К. Чукоўскага стаў яго дзённік «Чукоккала», які ён вёў на працягу дзесяцігоддзяў.

Памер 28 кастрычніка 1969 г. ад віруснага гепатыту. Пахаваны на могілках у Перадзелкіна.

Творчасць

Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935).

Галоўныя асаблівасці яго паэтычнага свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэтычнай мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэтычнага выказвання, гульнявы характар вершаваных твораў.

Карней Чукоўскі — адзін з заснавальнікаў савецкай школы тэорыі мастацкага перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць выдатныя пераклады У. Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).

Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літаратурна-крытычнага эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кніга «Сучаснікі», 1962).

Крытычная спадчына

Найбольш грунтоўна К. Чукоўскі даследаваў асобу і творчасць М. Някрасава. Яму ўдалося прасачыць сувязь асабістых трагедый паэта і яго даволі сумнай творчасці, у якой часта прысутнічалі вобразы смерці, магіл, трунаў. Чукоўскі апісвае Някрасава як шчырую двудушную асобу, якая асуджае ў сваіх творах свае ўласныя дзеянні; прычыну гэтага К. Чукоўскі бачыў у пераломным часе і барацьбе кансерватыўных і рэвалюцыйных плыняў у расійскім грамадстве часоў жыцця і дзейнасці гэтага паэта[5].

Грунтоўна, рознабакова Карней Чукоўскі аналізаваў творчасць і іншых пісьменнікаў дарэвалюцыйнай Расіі і СССР у наступных артыкулах: «Талстой, як мастацкі геній», «Уладзімір Караленка як публіцыст», «Ранні Бунін», «Ахматава і Маякоўскі», «Дзве душы М. Горкага», «Аляксандр Блок як чалавек і паэт». Цікавая яго заўвага наконт неалагізмаў, якія ўнеслі ў рускую мову Маякоўскі і некаторыя іншыя паэты: «гэтыя новаўвядзенні законны і каштоўны, але безумоўна столь жа законны і каштоўны тыя ганьба і праклёны, якімі іх сустракаюць раўніцелі старазапаветнага слова… разбушавалася слова, а будзе ўведзена ў берагі, усялякая рухлядзь і дрэнь пройдзе, а моцнае і патрэбнае застанецца»[6]. Пры гэтым ён у доказ гэтай думкі праводзіць паралелі з стварэннем у англійскай мове дзеясловаў ад уласных імён, напрыклад, to outherod Herod (пераірадзіць Ірада, быць больш жорсткім, чым Ірад, біблейскі цар, які загадаў забіць маленькіх дзяцей у Віфлееме)"[7].

Нядзіва, што Чукоўскаму была крыўднай культавая папулярнасць яго твораў для дзяцей і малавядомасць яго навуковых літаратурных даследаванняў[8].

Працы аб перакладзе

Адносіны з савецкай уладай

Напэўна, сярод савецкіх пісьменнікаў не было тых, хто быў згодны з усім, што рабілася ў краіне і ў савецкай літаратуры. Аднак не многія мелі мужнасць публічна выказаць сваю незадаволенасць. Некаторыя сучасныя даследчыкі творчасці К. Чукоўскага лічаць, што ён ненавідзеў савецкую ўладу[8]. Аднак, на прыкладзе кнігі «Ад двух да пяці» можна заўважыць, што гэта было не зусім так. У гэтым творы аўтар вядзе палеміку з прыхільнікамі класавага падыходу ў літаратуры і прыводзіць доказы карыснага ўплыву казак на ўраўнаважанае развіццё асобы дзіцяці. Але з другога боку ён піша і пра дрэнны ўплыў пурытанскага рэлігійнага выхавання дзяцей у Англіі Новага часу, а таксама ўхваляе антырэлігійны светапогляд савецкіх дзяцей (на падставе такіх дзіцячых фраз: «бабуля, а чаму ў цябе над іконай стоп-сігнал свеціць?»)[9]

З аднаго боку Чукоўскі пісаў адрачэнне ад казак у 1929 г., калі савецкія чыноўнікі ад літаратуры зацкавалі яго за ягоную творчасць[10], з другога боку ён, ужо прызнаны ў Савецкім саюзе і за яго межамі пісьменнік, маючы розныя ўзнагароды ад савецкай улады, у 1966 годзе падпісаў ліст 25-ці дзеячаў культуры і навук генеральнаму сакратару ЦК КПСС Л. І. Брэжневу супраць рэабілітацыі Сталіна[11] і сябраваў з дысідэнтамі. Усе гэтыя факты падводзяць да высновы, што Чукоўскі не быў крывадушнікам у тым, аб чым пісаў. Ён як і большасць іншых пісьменнікаў СССР згаджаўся з аднымі з’явамі савецкай рэчаіснасці і не мог прымірыцца з іншымі. Таксама трэба памятаць, што яго творчасць была апалітычнай[12] і таму ў яго працах не часта можна сустрэць тое, што можна трактаваць як прасавецкае, так і антысавецкае.

Выбраная бібліяграфія

Беларускія пераклады

На беларускую мову творы К. Чукоўскага перакладалі Ю. Гаўрук, У. Дубоўка, А. 3арыцкі, А. Куляшоў, Я. Сіпакоў і інш.

Зноскі

  1. 1 2 3 Жданов В. В. Чуковский К. // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 8.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. В. Львов-Рогачевский Чуковский, Корней Иванович // Энциклопедический словарь Гранат — 7 — Александр Наумович Гранат, 1910. — Т. 48.
  4. 1 2 3 Жданов В. В. Чуковский Корней Иванович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1978. — Т. 29 : Чаган — Экс-ле-Бен. — С. 252. Праверана 28 верасня 2015.
  5. К. Чуковский Сочинения в 2-х томах. т.2.Критические рассказы. М.: «Правда», 1990, с. 47-53
  6. К. Чуковский Сочинения в 2-х томах. т.2.Критические рассказы. М.: «Правда», 1990, с. 327
  7. тамсама с. 326
  8. 1 2 Корней Чуковский: “Я готов бить кулаками мамаш, которые сообщают мне, что их дети знают наизусть мою «Путаницу» Архівавана 25 красавіка 2012. Аргументы и факты в Беларуси 31.03.2012
  9. К. И. Чуковский. От двух до пяти
  10. Чукоўскі К. І.
  11. Письма деятелей науки и культуры против реабилитации Сталина
  12. Існуе думка, што галоўны герой «Тараканішча» быў вобразам Сталіна, але гэта вершаванае апавяданне было выдадзена ў 1923 г., калі яшчэ ішла барацьба за ўладу паміж Сталінам, Троцкім і іншымі партыйнымі лідарамі. Сітуацыя, калі «пакарыліся зверы вусатаму», адлюстроўвае шырокі спектр магчымых жыццёвых сюжэтаў: адносіны насельніцтва краіны з уладаром-дыктатарам, адносіны працоўнага калектыву з шэфам-тыранам, сямейная тыранія і інш.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

Тэмы гэтай старонкі (39):
Літаратурныя крытыкі СССР
Рускамоўныя пісьменнікі
Удакладненне арфаграфіі
Пісьменнікі Расійскай імперыі
Дактары філалагічных навук
Асобы
Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Нарадзіліся ў 1882 годзе
Паэты XX стагоддзя
Перакладчыкі XX стагоддзя
Перакладчыкі Расіі
Паэты Расіі
Паэты Расійскай імперыі
Пісьменнікі XX стагоддзя
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў 1969 годзе
Памерлі ў Маскве
Паэты СССР
Перакладчыкі Расійскай імперыі
Паэты паводле алфавіта
Перакладчыкі паводле алфавіта
Нарадзіліся 31 сакавіка
Літаратурныя крытыкі Расійскай імперыі
Перакладчыкі СССР
Пахаваныя на Перадзелкінскіх могілках
Выпускнікі СПбДУ
Лаўрэаты Ленінскай прэміі
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Рускамоўныя паэты
Пісьменнікі паводле алфавіта
Літаратурныя крытыкі Расіі
Кавалеры ордэна Леніна
Літаратурныя крытыкі XX стагоддзя
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Памерлі 28 кастрычніка
Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
Пісьменнікі Расіі
Пісьменнікі СССР