wd wp Пошук:

Канстанцін Горскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Горскі.

Канстанцін Антані Горскі (пол. Konstanty Antoni Gorski; 13 чэрвеня 1859, Ліда — 31 мая 1924, Познань) — польскі кампазітар , скрыпач-віртуоз, педагог, дырыжор, грамадскі дзеяч, аўтар рамансаў, двух опер і многіх інструментальных твораў.

Біяграфія

Агульную адукацыю К. Горскі атрымаў у Віленскай філалагічнай гімназіі. Пасля гімназіі ён паступіў У Варшаўскі музычны інстытут, дзе вучыўся ў выдатнага польскага скрыпача Апалінарыя Концкага. Пасля заканчэння вучобы ў Концкага К. Горскі паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю ў клас знакамітага прафесара Леапольда Аўэра. Паралельна вучыўся ў класе кампазіцыі прафесара М. Рымскага-Корсакава. У 1881 годзе скрыпач закончыў кансерваторыю са срэбным медалём і атрымаў дыплом на званне вольнага мастака. Наступныя пяць гадоў К. Горскі працаваў у Саратаве і Пензе выкладчыкам па класе скрыпкі ў мясцовых аддзяленнях Рускага Музычнага Таварыства. У 1885 годзе па запрашэнні М. Іпалітава-Іванава працаваў канцэртмайстрам аркестра опернага тэатра ў Тыфлісе. У Тыфлісе ж адбылося знаёмства Горскага з П. І. Чайкоўскім, якое перарасло ў сяброўства. У 1890 годзе К. Горскі прыняў запрашэнне з Харкава заняць пасаду выкладчыка па класе скрыпкі.

У Харкаве К. Горскі развіў актыўную дзейнасць: стварыў Польскі і касцельны хор, якія рэгулярна выступалі з канцэртамі, а ў пачатку 1890-х гадоў яшчэ і смычковы квартэт, у якім выконваў партыю першай скрыпкі.

Першая сусветная вайна і расійскія рэвалюцыйныя падзеі «адмянілі» канцэрты, спынілі заняткі з вучнямі… Пры такіх абставінах у 1919 годзе К. Горскі вярнуўся ў Варшаву, дзе спачатку імкнуўся атрымаць пасаду выкладчыка ў кансерваторыі, але безвынікова. Бліскучы канцэртуючы скрыпач, каб не памерці з голаду, ён быў вымушаны зарабляць на жыццё ігрой паміж сеансамі ў варшаўскіх кінатэатрах «Калізей» і «Вадэвіль».

Толькі ў 1922 годзе К. Горскі дамогся працы, дастойнай свайго музыканцкага ўзроўня — атрымаў месца канцэртмайстра аркестра Вялікага тэатра ў Познані. Там адбылася прэм’ера яго оперы «Маргер» (13. 01. 1927), аднак адбылася яна ўжо пасля смерці выдатнага скрыпача і кампазітара, — ён памёр 31 мая 1924 года.

Кампазітарская спадчына Канстанціна Горскага багатая і разнастайная. Ён аўтар шматлікіх скрыпічных мініяцюр (паланезаў, мазурак, канцэртных п’ес), 36-ці эцюдаў для скрыпкі, кадэнцыі да Скрыпічнага канцэрта Л. ван Бетховена, дзвюх мес (Es-dur, a-moll) для салістаў, хору і аркестра, Арганнай фантазіі, сімфанічных паэм «На Алімпе» і «Чарадзейны круг».

К. Горскі аўтар дзвюх опер: «За хлебам» (паводле навэлы Г. Сенкевіча) і «Маргер» на лібрэта В. В. Вальгера (паводле паэмы У. Сыракомлі). Сюжэт апошняй пабудаваны на падставе падзей змагання Вялікага княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам. Вялікую ўвагу аддаваў кампазітар камерна-вакальнаму жанру. Усяго К. Горскім напісана болей за 100 рамансаў. У 1914-м годзе выйшаў з друку зборнік «12 песень на словы М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, З. Дэмбіцкага і іншых» («12 pieśni do słów M.Konopnickiej, Wł. Syrokomli, Zd. Dębickiego i in. na m-sopran lub tenor z towarzyszeniem fortepianu»).

Зноскі

  1. 1 2 Konstanty Antoni Gorski // International Music Score Library Project — 2006. Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Памерлі ў Познані
Катэгорыя·Музычныя педагогі Польшчы
Катэгорыя·Дырыжоры Польшчы
Катэгорыя·Кампазітары Польшчы
Катэгорыя·Кампазітары паводле алфавіта
Катэгорыя·Дырыжоры паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў 1924 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1859 годзе
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 чэрвеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лідзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 31 мая