wd wp Пошук:

Камедыя-балет

Шарль-Нікаля Кашэн (Малодшы). Прадстаўленне камедыі-балета «Прынцэса Наварская» з нагоды шлюбу дафіна Людовіка(руск.) бел. і інфанты Марыі Тэрэзы Рафаэлы Іспанскай(руск.) бел. 23 лютага 1745 года

Камедыя-балет (фр.: Comédie-ballet) — тэатральны жанр, які аб’ядноўваў дыялог, танец, пантаміму, спевы і інструментальную музыку. Быў пашыраны ў Францыі з 17 стагоддзя, на Беларусі з 18 стагоддзя.

Гісторыя

Стваральнікам жанру лічыцца Мальер, які аб’яднаў камедыю з упадабаным выглядам прыдворных забавак — балетам.[1] Балетныя элементы маглі быць часткай дзеяння або ўключацца ў яго ў выглядзе самастойных дывертысментаў.[2] Камедыйныя сцэны выконваліся пры гэтым акцёрамі, членамі трупы Мальера, а балетныя — аматарамі з ліку прыдворнай шляхты, у тым ліку самога караля і прынцаў.[1] Асноўная інтрыга перадавалася праз дыялогі, аднак у спектакль, які ўяўляў сабой сінтэз некалькіх відаў мастацтваў, маглі таксама ўключацца вакальныя нумары.[3]

Разам з кампазітарамі Ж.-Б. Люлі, М. А. Шарпанцье, балетмайстрам П. Башанам і дэкаратарам К. Вігарані(англ.) бел. Мальер ажыццявіў пастаноўку сваіх камедый-балетаў: «Дакучныя(руск.) бел.» (1661), «Шлюб па прымусу(руск.) бел.» (1664), «Прынцэса Эліды(руск.) бел.» (1664), «Лекаванне каханнем(руск.) бел.» (1665), «Камічная пастараль(руск.) бел.» (1666—1667), «Сіцыліец, або Любоў-жывапісец» (1666—1667), «Жорж Дандэн(руск.) бел.» (1668), «Спадар дэ Пурсаньяк(руск.) бел.» (1669), «Мешчанін у дваранах(руск.) бел.» (1670), «Цудоўныя каханкі(руск.) бел.» (1670), «Графіня д’Эскарбаньяс» (1671), «Псіхея(руск.) бел.» (1671), «Прытворнахворы(руск.) бел.» (1673).

Жанр аказаў значны ўплыў на наступнае развіццё французскага музычнага тэатра, з’явіўшыся важным этапам на шляху да «музычных трагедый» (tragedies lyriques) Ж.-Б. Люлі, камічнай оперы 18 стагоддзя і пантамімнага балета Ж. Ж. Навера.

На Беларусі

Першыя паказы камедый-балетаў на Беларусі пачаліся з 1749 года ў Нясвіжскім тэатры Радзівілаў («Убачанае не мінае» Ф. У. Радзівіл, перапрацоўка «Цудоўных каханкаў» Мальера). Камедыі-балеты былі састаўной часткай камедый і фарсаў Мальера, пастаўленных у Нясвіжы («Лекар па прымусу», 1750; «Сганарэль» і «Мешчанін у дваранах», абодва 1751; «Маскарыль», 1752; «Жорж Дандэн», 1757), Навагрудку («Прытворнахворы», 1761).

Блізкая да камедыі-балета камедыя М. Цяцерскага «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі Арлекіна» (Забельскі школьны тэатр, паміж 1790—1791).

Зноскі

  1. 1 2 Мокульский, 1956
  2. Комедия-балет (нявызн.). Большая российская энциклопедия.
  3. M. Elizabeth C. Bartlet. Comédie-ballet (opera)(англ.) . Grove Music Online.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Віды і жанры тэатра