wd wp Пошук:

Калочынская культура

Калочынская культура — археалагічная культура плямён, якія ў III-й чвэрці I-га тыс. н.э. (храналагічныя рамкі: канец IV—IX ст., найбольш абгрунтаваная дата V—VII ст.) насялялі большую частку басейна Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром.

Назва ад гарадзішча каля вёскі Калочын Рэчыцкага раёна. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асноўным тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваеннай небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам у цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганых і курганных могілках, пахаванні ўрнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршчкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і іншае.

Этнічная прыналежнасць Калочынскай культуры спрэчная: В. В. Сядоў, І. П. Русанава, А. Р. Мітрафанаў, В. Б. Перхаўка адносяць яе да балтаў; П. М. Траццякоў, Э. А. Сымановіч, Я. А. Гаруноў, Л. Д. Побаль, А. М. Абломскі — да славян.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Калочынская культура
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы