wd wp Пошук:

Залацістыя водарасці

Залацістыя водарасці (Chrysophyceae) — клас водарасцей; прадстаўнікі фітапланктону.

Апісанне

Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Клеткі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некаторыя ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1-2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і алей.

Арэал і віды

Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арганічных рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напрыклад, гіялобрыян (Hyalobryon), дынобрыян (Dinobryon), кефірыян (Kephyrion), маламонас (Mallomonas), сінура (Synura), стэнакалікс (Stenokalyx), ураглена (Uroglena), урагленопсіс (Uroglenopsis), хрызідаліс (Chrisydalis), тылахрызіс і інш.

Экалогія

Размнажэнне ў асноўным ажыццяўляецца шляхам дзялення мацярынскай асобіны на 2 даччыныя, а таксама шляхам распада калоній і плазмодыяў на часткі. У выніку бінарнага дзялення, не даведзенага да канца, утвараюцца калоніі пераважна шарападобнай і дрэвападобнай формы. Бясполае размнажэнне адбываецца таксама зааспорамі і аўтаспорамі. Палавое размнажэнне (іза-, гола-, аўтагамія) вядома толькі ў нешматлікіх відаў і вывучана недастаткова.

Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.

Зноскі

  1. Паводле EOL. Гл. картку арганізму.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Пратысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Залацістыя водарасці