wd wp Пошук:

Жабнік звычайны

Жабнік звычайны[3], Парэз[4] (Hydrocharis morsus-ranae) — від водных раслін роду жабнік (Hydrocharis) сямейства жабнікавыя (Hydrocharitaceae).

Назва

Навуковая назва роду, Hydrocharis паходзіць ад стар.-грэч.: ὕδωρ «вада» і χάρις «упрыгожванне, хараство», гэта значыць назва расліны перакладаецца як «упрыгожванне вод».

Відавы эпітэт утвораны ад лац.: morsus — укус і rana — жаба, гэта значыць «укус жабы».

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Шматгадовая плавальная травяністая расліна з кароткім карэнішчам, як бы абкусаным знізу (адсюль назва «morsus ranae» — укус жабы). Доўгія даданыя карані пакрытыя тонкімі валасінкамі, усярэдзіне якіх здзяйсняецца вярчальны рух пратаплазмы[5]. Увесь сасудзісты пучок у каранях зводзіцца ў жабніку да аднаго-адзінага вузкага сасуда[6].

Кожны парастак пачынаецца двума кароткімі ніжнімі лістамі, за якімі ідуць да пяці доўгачарашковых лістоў з круглявымі пласцінкамі, ля аснавання сэрцападобныя (як у гарлачыка), каля 2,5 см у папярочніку; з кутоў лісця выходзяць бакавыя плёткападобныя парасткі, якія развіваюць на канцах новае лісце і даданыя карані. Пасля адгнівання ці адарвання ад першапачатковай расліны, такія парасткі становяцца самастойнымі. Гэта адзін са спосабаў размнажэння жабніку звычайнага[5]. Увосень лісце адмірае.

Расліна двухдомная: на адных раслінах толькі тычынкавыя (мужчынскія) кветкі, на іншых — плодавыя (жаночыя); выходзяць на доўгіх ножках з кутоў лісця, у пачатку цвіцення зусім закрытыя адным ці двума напаўпразрыстымі крыючымі лісткамі; мужчынскіх кветак адна ці две, рэдка больш, на кожнай ножцы, з 12-15 зрослымі пры аснаванні тычынкамі і трыма белымі пялёсткамі; жаночых — две з шасцю неразвітымі тычынкамі, шматгнёздавым плодзікам і таксама трыма пялёсткамі[5]. Рыльцы двухлопасцевыя[7].

Плады не раскрываюцца.

У жабніку звычайным утвараюцца зімовыя (якія спачываюць) пупышкі, доўгія і шчыльныя, якія падаюць на дно і прарастаюць вясною[5].

Лік храмасом 2n = 28[8].

Арэал

Жабнік звычайны шырока распаўсюджаны ў прыродзе, сустракаецца ад тундравай да субтрапічнай зоны (Заходняя і Усходняя Еўропа, Каўказ, Заходняя Сібір, захад Усходняй Сібіры, Усходні Казахстан, Заходні Кітай). Прадстаўнік флоры сярэдняй паласы еўрапейскай часткі Расіі.

Натуралізаваўся паўсюль у свеце[9].

Часцей за ўсё расце на прыбярэжнай паверхні сажалак, азёр, рачных старыц, у ціхіх затоках.

Экалогія

Жабнік звычайны ставіцца да раслін, якія плаваюць на паверхні вады. Шматлікія галінаваныя карані жабніку пагружаныя ў ваду і здабываюць пажыўныя рэчывы непасрэдна з яе. Асвятлення патрабуе светлага, тэмпературу — 18-20 °C, а ўлетку да 28 °C.

Значэнне і ўжыванне

Жабнік — непатрабавальная расліна, якую выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання сажалак і вадаёмаў.

З’яўляецца індыкатарам чыстай вады, разрастаючыся ў ёй з утварэннем зараснікаў[10].

У мастацтве

Герб горада Жабінка

На гербе беларускага горада Жабінка — стылізаваная выява жабніка звычайнага.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 66. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  5. 1 2 3 4 Водяные растения // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  6. Корень, часть растений // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
  7. Б. А. Федченко. Род 68. Водокрас — Hydrocharis // Флора СССР. В 30-ти томах / Главный редактор акад. В. Л. Комаров; Редактор тома М. М. Ильин. — М.—Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1934. — Т. I. — С. 297—298. — 302 + XVI с. — 5 000 экз.
  8. Паводле сайта EOL. Гл. раздзел Спасылкі
  9. Паводле сайта GRIN. Гл. раздзел Спасылкі.
  10. Биологические индикаторы(нявызн.). Экологический словарь. Академик (2000-2010). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2012. Праверана 15 лістапада 2010.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Жабнікавыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1753 годзе
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Водныя расліны