wd wp Пошук:

Ерамія

Ерамія (іўр.: יִרְמְיָהוּ, стар.-грэч.: Ἰερεμίας) — другі з чатырох г.зв. вялікіх біблейскіх прарокаў побач з Ісайем, Езекіілем і Даніілам. Паводле Бібліі, сваю прароцкую дзейнасць пачаў у 626 да н.э., калі яму было каля 15 гадоў, і прадаўжаў яе на працягу 45 гадоў у смутны, цяжкі час, калі Іудзейскае царства прыходзіла ў заняпад. Значная частка пропаведзей Ераміі была прысвечана палітычнаму становішчу Іудзейскага царства. Сваім пранікнёным словам прапаведніка ён энергічна падтрымліваў рэфарматарскі рух цара Іасіі, які, імкнучыся ачысціць краіну ад уплываў паганства, знішчаў капішчы Ваала і Астарты. Смерць Іасіі выклікала ў дзяржаве палітычныя смуты, якія вялі да слабасці дзяржавы перад знешняй небяспекай з боку найбольш магутнага ворага Іудзеі Вавілоніі. Аддаючы перавагу залежнасці ад Вавілона перад пагрозай знішчэння ім Іудзеі, Ерамія сваімі пропаведзямі заклікаў народ і цароў да міру з Вавілонскім царствам. Але ніхто не хацеў верыць у яго прароцтвы, у выніку чаго сам прарок неаднаразова падвяргаўся як парушальнік грамадскага парадку турэмнаму зняволенню. Іудзейскія цары насуперак парадам Ераміі заводзілі палітычныя інтрыгі і шукалі пагаднення з егіпецкімі фараонамі, каб знайсці ў іх абарону ад месапатамскіх заваёўнікаў. А гэта выклікала гнеў з боку апошніх, і лёс Іудзейскага царства быў вырашаны. Пасля захопу Іерусаліма Навухаданосарам ў 586 да н.э. у часы валадарства цара Седэкіі, разбурэння горада і паланення яго жыхароў прароку заставалася толькі аплакваць папялішчы і руіны свяшчэннага горада, што ён і зрабіў у сваіх жалобных песнях, якія захаваліся ў кнізе «Плач Ераміі». Быў вывезены ў Егіпет, дзе ён і загінуў, пабіты камянямі сваімі суайчыннікамі, якіх ён і там не пераставаў выкрываць. Апрача Плача Ераміі яго пяру належыць яшчэ адна кніга Бібліі, у якой падаецца гісторыя жыцця гэтага прарока і аснову складаюць пропаведзі і афарызмы, пададзеныя часткова ў яго ўласных запісах, а таксама ў запісах яго паплечніка Варуха, які ўключыў у гэту кнігу і свае пераказы пра Ерамію — кніга «Прарок Ерамія» з’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Блізкага Усходу 75 ст. да н.э.[1]

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы:… С. 149.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Памерлі ў 586 годзе да н.э.
Катэгорыя·Біблейскія прарокі
Катэгорыя·Памерлі ў Егіпце
Катэгорыя·Ерамія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы