У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дубінкі. Дубінгей (літ.: Dubingiai, традыцыйная беларуская назва — Дубі́нкі) — мястэчка ў Малетайскім раёне Уцянскага павета Літвы, на беразе возера Асвяя. Адміністрацыйны цэнтр Дубінгейскай сянюніі. Насельніцтва 260 чал. (2003).
Знаходзяцца за 20 км на поўдзень ад Малетая, за 50 км на паўночны ўсход ад Вільнюса. Згодна з сучаснай афіцыйнай літоўскай класіфікацыяй мястэчка належыць да этнаграфічнага рэгіёна Аўкштота.
Дубінкаўская зямля ўпершыню згадваецца пад 1334 годам[1]. У 1373 і 1377 пацярпелі ад нападаў крыжакоў. У пачатку XV стагоддзя вялікі князь Вітаўт збудаваў каля Дубінак драўляны[2] замак, у якім заснаваў касцёл Св. Духа.
У канцы XV стагоддзя вакол замка ўтварылася мястэчка. Да пачатку XVI стагоддзя Дубінкі разам з Майшаголай кіраваліся каралеўскімі намеснікамі, пасля сталі ўласнасцю Радзівілаў, а Юрый Радзівіл распачаў тут узводзіць мураваны замак. Па яго смерці ў 1541 годзе мястэчка перайшло да яго сына Мікалая Радзівіла «Рудага», які ў 1564 годзе прыняў кальнівісцкае веравызнанне і перарабіў касцёл на кальвінскі збор. Той зрабіўся месцам пахавання біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў[3].
У другой палове XVI—XVII стагоддзях цэнтр Дубінкаўскага княства. У 1547—1548 гадах тут жыла Барбара Радзівіл. У XVII стагоддзі Дубінкі складаліся з дзвюх частак на розных берагах возера — Ціванішак і Лаўрыканцаў[3].
У 1651 годзе ў мястэчку было 67 дымоў (каля 450 жыхароў), аднак у 1661 годзе ў выніку ваенных спусташэнняў іх колькасць скарацілася да 12[3].
У 1682 годзе ў Дубінках адбыўся сінод кальвінісцкай царквы Вялікага Княства Літоўскага. У 1777 годзе ў мястэчку адкрылася парафіяльная школа.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. З 1808 года — ва ўладанні Тышкевічаў.
З 1918 года — у складзе Літвы, летняя рэзідэнцыя прэзідэнта Антанаса Смятоны.
23 чэрвеня 1944 годзе мясцовае падраздзяленне Арміі Краёвай ўчыніла гвалт над больш чым 20 жыхарамі-літоўцамі[4][5] ў адказ за ранейшыя адпаведныя дзеянні да польскіх жыхароў Гліцішкаў літоўскімі калабарацыяністамі[4][5].
У пачатку XXI стагоддзя на Замкавай гары ў Дубінках праводзіліся археалагічныя раскопкі, падчас якіх былі знойдзены астанкі Радзівілаў. Па аналізе ДНК літоўскія і польскія спецыялісты здолелі ідэнтыфікаваць косці Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудага. 5 верасня 2009 года астанкі стрыечных братоў былі ўрачыста перахаваныя ў адрэстаўраваных руінах кальвінскага збора[6].