До́мжарыцы[1] (трансліт.: Domžarycy, руск.: Домжерицы) — вёска ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, на правым беразе ракі Сергуч. Уваходзіць у склад Домжарыцкага сельсавета. Цэнтр сельсавета і адміністрацыйна-гаспадарчы, навуковы цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка. За 35 км на паўднёвы захад ад Лепеля, 150 км ад Віцебска.
Забудоўваецца паводле генплана 1966 г. (праектны інстытут лясной гаспадаркі СССР) і яго карэкціроўкі 1973 г., 1976 г. і 1987 г. БелНДІдзіпрасельбуд). Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца вялікая прамавугольная ў плане плошча — грамадска-адміністрацыйны і культурна-гандлёвы цэнтр (трохпавярховы адміністрацыйна-лабараторны корпус запаведніку, зблакіраваны з двухпавярховым будынкам музея прыроды, чатырохпавярховы атэль са сталоўкай і рэстаранам на першым паверсе, сярэдняя школа з інтэрнатам і сталоўкай, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр у блоку з Домам культуры). На заходнім баку плошчы пабудаваныя двухпавярховыя васьмі- і шаснаццацікватэрныя жылыя дамы. Упрыгожваюць плошчу дэкаратыўны вадаём, кветнікі, газоны. Паблізу плошчы знаходзіцца двухпавярховы медпункт. Вёска забудаваная пераважна двухпавярховымі васьмі- і шаснаццацікватэрнымі жылымі дамамі. У паўднёвай частцы — аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаныя малыя формы дойлідства, групы дэкаратыўных дрэваў, газоны, кветнікі і інш. Усе грамадскія і жылыя будынкі выкананыя па індывідуальных праектах. На ўсходзе вёскі спартыўная зона са стадыёнам, адкрытым плавальным басейнам, на захадзе і поўдні — вытворчая зона.
Распрацоўка праекту і забудова вёскі адзначаны дыпломам ВДНГ СССР (1981).