wd wp Пошук:

Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дабравешчанне.

«Дабравешчанне», Фра Беата Анжэліка, 1430—1432, Прада. На заднім плане — архангел Міхаіл выганяе з раю Адама і Еву пасля грэхападзення (ад вынікаў якога чалавецтва будзе выратавана Ісусам, зачатым у гэты момант). Марыя вытлумачваецца як «новая Ева»
«Дабравешчанне», мазаікі на двух слупах Кіеўскай Сафіі, каля 1040 года. Найстаражытнейшая захаваная выява сцэны ва ўсходнеславянскім мастацтве. У руках у Божай Маці — чырвоная пража, адлюстраваная згодна з апакрыфічнымі паданнямі.

Дабраве́шчанне, таксама Благаве́шчанне або Звестава́нне (ст.-слав: Благовѣщеніе; калька грэч.: Εὐαγγελισμός [τῆς Θεοτόκου]; лац.: Annuntiatio — абвяшчэнне) — евангельская падзея і прысвечанае ёй хрысціянскае свята; абвяшчэнне архангелам Гаўрыілам Дзеве Марыі аб будучым нараджэнні ў плоці ад яе Ісуса Хрыста.

У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. Руская праваслаўная царква і іншыя цэрквы, якія карыстаюцца юліянскі каляндар, святкуюць Дабравешчанне (25 сакавіка) 7 красавіка па грыгарыянскаму календару (у XX—XXI стагоддзях). У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых свят.

Сюжэт Дабравешчання

Паводле кананічных Евагелляў

Падзеі Дабравешчання апісаны толькі адным евангелістамапосталам Лукою. У сваём Евангеллі ён паведамляе, што ў шосты месяц пасля зачацця праведнаю Лізаветаю святога Яна Прадцечы Бог паслаў Гаўрыіла ў Назарэт да Дзевы Марыі з весткаю аб будучым нараджэнні ад яе Збавіцеля свету:

Ангел, увойдучы да Яе, сказаў: радуйся, Шчаслівая! Гасподзь з Табою; блаславенная Ты сярод жанчын. Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слоў яго і разважала, што гэта было за прывітанне. І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты атрымала Ласку Божую; і вот, зачнеш у чэраве, і народзіш Сына, і нарачэш Яму імя: Ісус. Ён будзе вялік і нарачэцца Сынам Усявышняга, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго; і будзе царстваваць над домам Якава ў векі, і Царству Яго не будзе канца.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

Ангел, войдя к Ней, сказал: радуйся, Благодатная! Господь с Тобою; благословенна Ты между жёнами. Она же, увидев его, смутилась от слов его и размышляла, что бы это было за приветствие. И сказал Ей Ангел: не бойся, Мария, ибо Ты обрела благодать у Бога; и вот, зачнёшь во чреве, и родишь Сына, и наречёшь Ему имя: Иисус. Он будет велик и наречётся Сыном Всевышнего, и даст Ему Господь Бог престол Давида, отца Его; и будет царствовать над домом Иакова во веки, и Царству Его не будет конца.

Лк. 1:28-33

«Дабравешчанне». Сандра Бацічэлі. 1489—1490 гады. Уфіцы, Фларэнцыя

На думку шэрагу багасловаў, словы архангела Гаўрыіла — «Радуйся, Шчаслівая» — сталі першаю «добраю» весткаю для чалавецтва пасля яго грэхападзення[1]. Феафілакт Балгарскі ў тлумачэнні да Евангелля ад Лукі піша: «Паколькі Гасподзь сказаў Еве: „У хваробе будзеш нараджаць дзяцей“ (Быц. 3:16), цяпер гэту хваробу перамагае тая радасць, якую прыносіць Дзеве Ангел, кажучы: радуйся, Шчаслівая! Паколькі Ева была праклята, Марыя цяпер чуе: блаславенная Ты»[2].

Сумняваючыся (па меркаванню Рыгора Неакесарыйскага, апасаючыся парушэння яе дзявоцтва[3]), Марыя запыталася ў ангела: «як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?». На што ангел абяцаў бяссемявае, таямнічае зачацце — «Дух Святы нойдзе на Цябе, і сіла Усявышняга агарне Цябе», а затым пацвярджаючы, «што ў Бога не астанецца бяссільным ніякае слова», прывёў прыклад яе сваячкі Лісаветы.

Марыя, убачыўшы ў словах ангела волю Божую, кажа вельмі значныя словы: «вось, Раба Гасподня; хай будзе Мне па слову твайму». Лічыцца, што ў момант, калі Дзева Марыя сказала гэтыя словы, і адбылося нявіннае зачацце ёю Ісуса Хрыста[4]. Мікалай Кавасіла так каменціруе гэтыя словы:

Увасабленне было не толькі справаю Айца, Яго Сілы і Яго Духа, але таксама справаю волі і веры Прасвятой Дзевы. Без згоды Нявіннай, без садзейнічання Яе веры гэты план астаўся б неажыццёўленым гэтак жа, як і без дзеяння Саміх трох Асоб Боскае Тройцы. Толькі пасля таго, як Бог навучыў і пераканаў Святую Дзеву, Ён прымае Яе як Маці і запазычае ў Яе плоць, якую Яна Яму з радасцю аддае. Як Ён увасобіўся дабравольна, гэтак жа было Яму трэба, каб і Яго Маці нарадзіла Яго свабодна і па Сваёй добрай волі.[5]

Сваёй пакорнасцю і згодаю, па меркаванню Афанасія Вялікага, Марыя выразіла сваё вызнанне веры. Ён параўноўвае яе са скрыжаллю, «на якой Пісец піша, што Ён жадае. Гасподзь усяго хай піша і творыць, што хоча»[6].

Паводле апакрыфічных крыніц

Ікона «Багародзіца каля калодзежа». Сярэдзіна XIX стагоддзя, Мсцёра
Мазаіка «Дабравешчанне каля калодзежа», XIV стагоддзе. Царква Хора, Стамбул

Гісторыя Дабравешчання апісана і ў апакрыфічных тэкстах. Пра падзею расказваецца ў наступных апокрыфах II стагоддзя: «Протаевангелле Якава» і «Кніга аб растве Найблажэннейшай Марыі і дзяцінстве Збавіцеля» (вядома таксама як «Евангелле Псеўда-Матфея»)[7]. Апакрыфічныя тэксты не змяняюць агульнае гісторыі пра з’яўленне Дзеве Марыі архангела Гаўрыіла з весткаю аб нараджэнні ад яе Збавіцеля, але дабаўляюць рад падрабязнасцей, якія пазней былі адлюстраваны ў іканаграфіі гэтага свята.

Паводле апокрыфаў, Марыі па жэрабю выпала саткаць новую заслону з пурпуру для Іерусалімскага Храма[8]. Адправіўшыся за вадою, яна каля калодзежа пачула голас, які сказаў ёй: «Радуйся, шчаслівая! Гасподзь з Табою; блаславенная Ты сярод жанчын». Не ўбачыўшы побач нікога, яна спужаўшыся вярнулася дадому (гэты сюжэт часам называюць «прадблагавешчаннем» — г. зн. падрыхтоўчым этапам да самога Благавешчання[9]). Сеўшы за калаўрот, Марыя ўбачыла ангела, які супакоіў яе словамі: «Не бойся, Марыя, бо Ты атрымала Ласку Божую і зачнеш у славу Яго» (Правобразам сцэны каля калодзежа лічыцца гісторыя старазапаветнай Рэвекі, якая напаіла Еліезера, пасланага яе будучым жаніхом Ісакам).

У апокрыфах таксама падкрэсліваецца таямнічая форма зачацця, і на пытанне Марыі «Няўжо Я зачну ад Бога жывога і нараджу, як жанчына любая нараджае?» ангел адказвае: «Не так, Марыя, але сіла Усявышняга агорне Цябе». Пасля адыходу ангела Марыя закончыла прасці шэрсць і аднесла яе першасвяшчэнніку, які блаславіў яе, сказаўшы: «Бог узвялічыў імя Тваё, і Ты будзеш блаславенная ва ўсіх народах на зямлі».

Таксама царкоўнае паданне гаворыць, што Дзева Марыя ў момант з’яўлення ёй ангела чытала ўрывак з кнігі прарока Ісаі з яго прароцкімі словамі: «Вось, Дзева ў чэраве прыме, і народзіць Сына»[10]. З гэтай прычыны ў сцэне Дабравешчання Дзеву Марыю часам адлюстроўваюць з раскрытаю кнігаю.

Аб Дабравешчанні ўпамінаецца таксама ў Каране (3:45—51, 19:16—26), дзе гэты сюжэт не мае такога значэння, бо ў ісламе Ісус не Бог, а прарок.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Епископ Александр (Милеант). Праздник Благовещения. Начало нашего спасения. На сайце “Православие и мир”.
  2. Толкование Феофилакта Болгарского на Евангелие от Луки. Глава 1
  3. Григорий Неокесарийский. Беседа 1. На Благовещение Пресвятой Богородицы.
  4. Схиархимандрит Иоанн (Маслов). Благовещение Пресвятой Богородицы: о Богослужении
  5. Николай Кавасила. Проповедь на Благовещение (цитируется по: Лосский В. Н. Мистическое богословие Восточной Церкви. М., 1991).
  6. Афанасий Великий. Из толкования на Евангелие от Луки.
  7. Иеромонах Ефрем (Просянок). Благовещение Пресвятой Богородице и Приснодеве Марии
  8. Апокрифы древних христиан. СПб., 1992.
  9. Благовещение. Иконография на icon-art.info
  10. **Н. В. Квливидзе.. Богородица // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2002. — Т. V. — С. 488. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Святы 7 красавіка
Катэгорыя·Дванадзясятыя святы
Катэгорыя·Святы 25 сакавіка
Катэгорыя·Жыціе Багародзіцы
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Хрысціянскія святы
Катэгорыя·Непераходныя святы
Катэгорыя·Дабравешчанне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Архангел Гаўрыіл
Катэгорыя·Евангелле паводле Лукі