wd wp Пошук:

Гісторыя Дукоры

Дуко́ра[1] (трансліт.: Dukora ) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Дукорскага сельсавета. Насельніцтва 1588 чал. (1993).

Вялікае Княства Літоўскае

У XVI ст. Дукора знаходзілася ў складзе маёнтка Бакшты і належала Кезгайлам, з 1554 — ва ўладанні іх нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. Першы пісьмовы ўспамін пра Дукору як уласнасць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582. Тады ж згадваецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Паводле юрыдычных актыў 1592 г. сяло. Пад 1592 і 1595 у якасці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца — С. Мазоўка.

З 1606 Дукора знаходзілася ў супольным валоданні ўдоў А. Завішы і В. Шэмета, старац — Ц. Мазоўчыч. У 1615 сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялян-кунічнікаў. Пазней уласнікамі маёнтка сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімір.

У 1708 г. у час паўночнай вайны шведскія войскі караля Карла 12 знаходзіліся у Дукоре.

У 1791 г. мястэчка перашло да Ашторпаў.

Пад уладай Расійскай імперыі

Партрэт Лявона Ашторпа

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дукора апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. З канца 1790-х мясцовасць перайшла да Францішка Оштарпа — сына аселага на Літве шведскага жаўнера арміі Карла XII. У 1800 Дукора складалася з сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела ўніяцкую Узвіжанскую царкву, яўрэйскую школу, будаваўся мураваны касцёл; рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. У першай палове XIX ст. сын Францішка Леў Оштарп (17861851) пабудаваў мураваны палац, завёў у маёнтку цырк з замежнымі акцёрамі, аркестр, бібліятэку.

У 1845 г. пабудавана царква ў імя святых Пятра і Паўла.

З 1861 г. цэнтр воласці.

Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1864 расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.

У 1863 г адкрыта мужчынскае, 1685 г. жаночае народнае вучылішча.

У 1874 маёнтак перайшоў да галандца Канстанціна Гарцінга (памёр у 1891), сям’я якога ўсталявалася на Міншчыне ў пачатку XIX ст. У 1876 у Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 мястэчка злілося з сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.

У 1886 г. у народных вучылішчах займаліся 80 хлопчыкаў і 35 дзяўчынак. Настаўнікамі працавалі Леанід і Надзея Астапені.

У 1897 г. дзейнічала валасное праўленне, 2 народных вучылішчы, царкоўнапрыхадская школа, пітны дом, 2 праваслаўныя царквы, 2 хлебазапасныя магазіны, 14 дробных лавак, капліца, сінагога, вадзяны млын.

На 1900 г. у 2 вучылішчах налічваўся 131 вучань, у тым ліку 52 дзяўчынкі.

У 1901 дзейнічае сыраварны завод.

У мястэчку заўсёды бытавалі промыслы і рамёства: ткацкія, бандарныя, кавальскія, ганчарныя, шорныя, гарбарныя, кравецкія, шавецкія, пчалярскія, збор ягад, грыбоў, лекавых траў, лоўля рыбы і ракаў у Свіслачы. У жыцці насельніцтва важнае месца займалі земляробства і жывёлагалоўля, агародніцтва, дробны гандаль. Па нядзелях, святочных днях адбываліся таржкі і базары. Прадметамі гандлю былі: бандарныя вырабы (бочкі, вёдры, цэбры, бойкі і іншыя), дугі, збруя, мёд, воўна, сукно, аўчына, жывёла, дары прыроды і іншае. Частка вырабаў вывозілася для продыжу на фурманках па паштовым тракце ў Мінск.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Дукорскай воласці адбываліся масавыя хваляванні.

Найноўшы час

У цэнтры вёскі

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года Дукору была пад акупацыяй войскаў кайзераўскай Германіі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.

У жніўні 1919 — ліпені 1920 мястэчка знаходзілася пад польскай уладай, было цэнтрам гміны.

З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Дукора ўвайшла ў склад БССР, дзе 20 жніўня 1924 зрабілася цэнтрам сельсавета.

У 1926 г. дзейнічала сямігадовая школа з сельскагаспадарчым ухілам, у якой працавала 11 настаўнікаў. У школе вучыліся не толькі дзеці з Дукоры, але і з навакольных вёсак. У 1926 г. У. Лабанок скончыў школу. Пры Дукорскай школе былі створаны: бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг (1926), пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. Працаваў клуб, чытальня.

У 1920-ых гг. асаблівай папулярнасцю сярод насельніцтва карыстаўся Дукорскі драматычны гурток, удзельнікам яго з’яўлялся будучы пісьменік В.Гарбацэвіч і актрыса Т.Бандарчык.

На пачатку 1930-ых арганізаваны саўгас «Дукора», працавала цыркулярка, майстэрня па рамонту сельскагаспадарчых машын, кузня, валяльная майстэрня.

У 1938 г. статус паселішча панізілі з мястэчка ў вёску.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй.

28.09.1967 г. да Дукоры былі далучаны в. Дукоркі і в. Харэвічы. Харэвічы цяпер вуліца Блажко.

У лютым 1974 г. у в. Дукора адкрыты раённы краязнаўчы музей (у 1993 г. пераведзены ў в. Блонь).

У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Габрэі

Па не вельмі дакладных дадзеных габрэі пасяліліся ў 1850-х гг., да гэтага было шмат татар. Габрэі займаліся гандлем і рамяством. Была цырульня, шаўцы, кавалі, краўцы. Была сінагога. Габрэйская школа адкрылася пад канец 19 стагоддзя. Перад вайной была пачатковая габрэйская школа, а з пятага класа — агульная. Падчас вайны, калі прыйшлі немцы, у першыя ж дні ўсіх габрэяў сагналі разам, абгарадзілі плотам хаты. На расстрэл прыехалі чатыры грузавыя машыны з салдатамі, сярод якіх быў літоўскі атрад з Мінска. Колькі ўсяго загінула дакладна невядома. Прыкладна 400 чалавек. Спісы ніхто не складаў. На месцы расстрэлу ў 1956 годзе ўсталяваны помнік[2][3].

Гл. таксама

Спасылкі

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. http://shtetle.com/shtetls_minsk/dukora/dukora.html
  3. https://by-mohilki.livejournal.com/46313.html
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гісторыя Дукоры