wd wp Пошук:

Гідраэнергетыка Беларусі

Гродзенская ГЭС
Рачунская ГЭС
Гезгальская ГЭС

Гідраэнергетыка Беларусі — галіна энергетыкі Беларусі, у аснове якой ляжыць выкарыстанне гідраэнергіі.

Гісторыя

У мінулым гідраэнергетычныя рэсурсы на тэрыторыі Беларусі актыўна выкарыстоўваліся праз вадзяныя млыны і пільні, так у 1941 годзе іх дзейнічала больш за 1000.

У 1950—1960-я гады ў БССР была пабудавана 179[1] малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 21 тыс. кВт (найбольш буйная — Асіповіцкая ГЭС) са штогадовай выпрацоўкай электрычнасці 88 млн кВт*г[2]. Але за развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць з іх закінутая або закансерваваная. У Пінскім гідратэхнікуме навучалі па спецыяльнасці «будаўніцтва сельскіх ГЭС і гідрамеліярацыя». Цяпер некаторыя з колішніх малых ГЭС аднаўляюць, таксама будуюцца новыя.

На пачатак 2004 года вызначаная магутнасць 21 ГЭС[3] на балансе ДВА «Белэнерга» склала 10,9 МВт, а іх гадавая выпрацоўка электраэнергіі — ~29 млн кВт*г (0,1 % ад выпрацоўкі ўсёй энергасістэмай), што адпавядае ~8 тыс. т.у.п.[4] На канец 2010 г. у краіне дзейнічала 36 малых ГЭС агульнай магутнасцю 13,5 МВт і выпрацоўкай звыш 33 млн кВт*г у год. У 2011 годзе колькасць ГЭС у Беларусі плануецца павялічыць да 48. Паводле «Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»[5], да 2020 года плануецца выйсці на паказчыкі атрымання за кошт гідраэнергетыкі да 0,8—0,9 млрд кВт*г у год, што адпавядае 220—250 тыс. т.у.п. і будзе складаць ~8 % у выпрацоўцы электраэнергіі ўсёй энергетычнай сістэмай. Каб дасягнуць гэтых паказчыкаў плануецца не толькі ўзнаўленне і рэканструкцыя ўсіх мэтазгодных колішніх малых ГЭС, а і будаўніцтва каскадаў ГЭС у т.л. каскадаў малых ГЭС на малых рэках — так у перыяд 2004—2020 плануецца пабудаваць 9 ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 200,4 МВт і 8 малых ГЭС агульнай вызначанай магутнасцю 1,44 МВт.

У 2010-х былі адкрыты тры вялікіх па беларускіх маштабах ГЭС. Найбольшыя з іх — Віцебская ГЭС (40 МВт) і Полацкая ГЭС (22 МВт), што сталі першынцамі ў каскадзе на Заходняй Дзвіне. Гродзенская ГЭС (17 МВт) на р. Нёман. Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач і Чыгірынская ГЭС (1,5 МВт) на р. Друць. Да 2020 г. плануецца давесці сумарную магутнасць гідраэлектрастанцый да 200 МВт.

Эканамічныя паказчыкі

Эканамічны гідраэнергетычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 325 МВт або 1,5 млрд кВт*г у год (2007)[6]. Да 2010-х наяўны патэнцыял быў асвоены толькі на 3 % (2003), тымчасова як у Літве на 14 %, у Германіі — 70 %, Бельгіі — 75 % (2007). Пачынаючы з 212012, на Нёмане і Заходняй Дзвіне былі ўзведзены тры адносна вялікіх ГЭС сумарнай магутнасцю 80 МВт, што павысіла выкарыстанне патэнцыялу да 25 %. На 2004 года доля ГЭС у выпрацоўцы электраэнергіі энергетычнай сістэмай складае толькі 0,1 %, на 2007 — 0,3 %, на 2017 — ужо 1,2 %.[7]

Невысокія лічбы гідраэнергапатэнцыялу абумоўлены асаблівасцямі рэльефу — тэрыторыя Беларусі раўнінная, таму могуць быць выкарыстаны толькі нізканапорныя гідраэнергетычныя аб’екты. На самым Дняпры і ў басейне Прыпяці магчымасці будаўніцтва гідраэлектрастанцый абмежаваныя з-за вялізных плошчаў, якія будуць затопленыя пры стварэнні вадасховішчаў, але на прытоках Дняпра, а таксама ў басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана ёсць умовы для стварэння досыць эканамічных і экалагічна бяспечных гідраэлектрастанцый. У перспектыве гідраэнергетыка ў Беларусі можа развівацца ў напрамку будаўніцтва гідравузлоў комплекснага выкарыстання — стварэння вадасховішчаў для рэгулявання сцёку пры адначасовым выкарыстанні іх у мэтах энергетыкі, водазабеспячэння, воднага транспарту, меліярацыі і аховы вод.

Будаўніцтва 1 кВт гідраэнергетычных магутнасцей у 2,1 разы (2006) даражэй за будаўніцтва магутнасцей традыцыйнай (газавай) энергетыкі, але цэны на газ няўхільна павышаюцца, таму з пункту гледжання энергетычнай бяспекі краіны гідраэнергетыка перспектыўная галіна. Навукоўцы Інстытута энергетыкі АПК НАНБ распрацавалі электрагенератар для мікра ГЭС вызначанай магутнасцю 15 кВт. Выпрабаванні эксперыментальнага ўзору генератара выявілі, што яго ККД на 10—15 % вышэйшы чым у аналагаў.

Зноскі

  1. Работай, сила малых рек // Рэспубліка № 250(4187). 2007, 17 студз. (са слоў нам. старшыні Мінаблвыканкама Анатолія Мірчука)
  2. Основы энергосбережения: Курс лекций / Свидерская О. В. — 3-е издание — Мн.:Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2004. −296 с. Гл.3. Разд.3.
  3. 16 з іх — ГЭС адноўленыя у 1997—2004 гадах
  4. У сумежнай Літве ў 1999 годзе працавала 20 ГЭС, у 2003 — 43, у 2005 — 63.
  5. Зацверджана 26.8.2005
  6. ЦНДІКВВР Мінпрыроды (2007)
  7. Промышленность Республики Беларусь. Статистический сборник. — Мн.: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2018. — С. 146.
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гідраэнергетыка Беларусі