Гро́мкі[1] (трансліт.: Hromki, руск.: Громкий) — пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Малажынскага сельсавета.
У 26 км на ўсход ад Брагіна, 52 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галінцы Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 143 км ад Гомеля.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтадарозе Камарын — Брагін.
Планоўка складаецца з прасталінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.
Заснаваны напачатку 1920-х гадоў перасяленцамі з суседніх вёсак на былых памешчыцкіх землях. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1943 года фашысты цалкам спалілі пасёлак і забілі 2 жыхароў. У баях за вызваленне мястэчка і суседніх вёсак у кастрычніку 1943 года загінулі 140 салдат 356-й стралковай дывізіі 89-га стралковага корпуса 61-й арміі (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры пасёлка). У 1959 годзе ў складзе калгаса «Першамайскі» (цэнтр — вёска Малажын).