Гло́дава — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Мядзелка. Знаходзіцца за 5 км у напрамку на поўдзень ад горада Паставы, прыкладна за 0,65 км на ўсход ад вёскі Сіманькі. Належыць да групы Пастаўскіх азёр.
Возера адносіцца да ліку мелкаводных вадаёмаў. Плошча возера складае 0,35 км². Даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,45 км. Даўжыня берагавой лініі 4,04 км. Найбольшая глыбіня возера 6 м, сярэдняя 3,6 м. Аб’ём вады ў возеры складае 1,19 м³, плошча вадазбору — 13,6 км². Аб’ём вады ў возеры каля 1,19 млн м³.
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Сярэдняя шырыня катлавіны складае 0,22 км. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 2—4 м, на поўдні і ўсходзе — да 10 метраў, стромкія, парослыя хмызняком і ў верхняй частцы разараныя. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя, зарослыя водна-балотнай расліннасцю, але сустракаюцца і высокія, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, стромкае і пясчанае. Дно возера пераважна глеістае, месцамі пясчанае. Найбольшыя глыбіні знаходзяцца бліжэй да ўсходняга берага. Глыбіні да 2 метраў складаюць 23 % плошчы возера. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Зарастае да глыбіні 3 м і на адлегласці ад 7—60 да 125 м ад берага возера. Найбольш моцна зарастае паўночная затока.
На поўдні ў возера ўпадае ручай з возера Доўжа. На поўначы з Глодава выцякае ручай у возера Задзеўскае. Таксама з возера выцякае рака Глодаўка.
У возеры сустракаюцца лешч, шчупак, плотка, акунь, краснапёрка, карась, лінь, джгір і іншыя віды рыб[2].
На возеры адзначаны рэдкі від раслін зоркаўка таўсталістая (Stellaria crassifolia Ehrh.), занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[3].