wd wp Пошук:

Гары Потэр і філасофскі камень

«Гары Потэр і філасофскі камень» (англ.: Harry Potter and the Philosopher’s Stone) — першы раман з серыі пра Гары Потэра брытанскай пісьменніцы Джаан Роўлінг. Галоўны герой рамана Гары Потэр — незвычайны хлопчык, які раптам выяўляе ў сябе дзіўныя здольнасці. Ён адпраўляецца вучыцца ў школу для чараўнікоў, дзе заводзіць блізкіх сяброў, а таксама і ворагаў: на першым годзе навучання Гары сутыкаецца са спробай вяртання злога чарадзея Лорда Валдэморта, які забіў яго бацькоў, але не здолеў забіць самога хлопчыка, якому быў усяго год. Пасля той смяротнай для бацькоў хлопчыка і Валдэморта сустрэчы ў Гары застаўся шрам у выглядзе маланкі.

Дэбютная кніга Джаан Роўлінг была апублікаваная 26 чэрвеня 1997 года выдавецтвам «Bloomsbury» ў Лондане. У 1998 годзе выдавецтва «Scholastic Corporation» апублікавала раман у Злучаных Штатах Амерыкі пад назвай «Гары Потэр і філасофскі камень» (англ.: «Harry Potter and the Philosopher’s Stone»).

Сюжэт

У Гары Потэра няпростае жыццё, з яго пастаянна здзекуюцца цётка і дзядзька, Вернан і Петунія Дурсль, а таксама іх распешчаны сын Дадлі. Дзесяць гадоў таму памерлі бацькі Гары, і цяпер ён вымушаны жыць у сям’і Дурсляў. Жыццё Гары змяняецца ў адзінаццаты дзень нараджэння, калі хлопчык атрымлівае ліст, што ён прыняты ў Школу чарадзейства і магіі Хогвартс. Ліст даставіў паўгігант Рубеус Хагрыд пасля таго, як папярэднія лісты былі знішчаны Дурслямі. Хагрыд падрабязна расказвае пра мінулае Гары, яго бацькоў Джэймса і Лілі Потэр, якія былі чараўнікамі, і пра тое, як іх забіў самы злы і магутны цёмны чараўнік усіх часоў, лорд Валдэморт. Гэта прывяло Гары ў дом да цёткі і дзядзькі. Валдэморт не толькі не здолеў забіць Гары, але і страціў свае сілы. Ён быў вымушаны хавацца, і гэта зрабіла Гары вельмі папулярным сярод магічнай супольнасці.

Хагрыд знаёміць Гары са светам чараўнікоў, прыводзячы яго ў Крывы завулак, схаваную вуліцу ў Лондане. Там Гары ўпершыню бачыць багацце, якое яму пакінулі ў спадчыну бацькі ў банку Грынгатс. У Крывым завулку ён атрымлівае ў падарунак ад Хагрыда саву, Хэдвігу, купляе розныя школьныя прылады і чароўную палачку. Пазней ён даведаецца, што яго палачка мае ядро з той жа крыніцы, што і палачка Валдэморта. У Крывым завулку Гары асэнсоўвае, наколькі ён сапраўды вядомы сярод чараўнікоў. Яго называюць «хлопчык, які выжыў». Праз месяц Гары пакідае дом Дурсляў, каб патрапіць на «Хогвартскі экспрэс» з сакрэтнай платформы 9 3⁄4 на чыгуначнай станцыі Кінгс-Крос. У цягніку ён знаёміцца з калегам-першакурснікам Рональдам Уізлі, і разам яны сустрэнуць Герміёну Грэйнджэр, чые снабізм і любоў да заклінанняў першапачаткова выклічуць у хлопцаў непрыманне. У цягніку Гары таксама становіцца ворагам яшчэ аднаго першакурсніка, Драка Малфоя, які прадузята ставіцца да Рона праз фінансавыя цяжкасці яго сям’і.

Пасля прыбыцця ў Хогвартс, першакурснікі з дапамогай Размеркавальнага капелюша трапляюць на адзін з факультэтаў, які найбольш адпавядае іх асобе. Усяго ў Хогвартсе 4 факультэты: Грыфіндор, Слізэрын, Хафлпаф і Рэйвэнкло. Слізэрын мае змрочную рэпутацыю, там вучыліся многія вядомыя цёмныя чараўнікі, таму Гары не хоча, каб Размеркавальны капялюш накіраваў яго на гэты факультэт. Праўда, Капялюш сцвярджае, што Слізэрын можа быць добрым месцам для Гары. Але хлопчык апынаецца ў Грыфіндоры разам з Ронам і Герміёнай, а Драка размяркоўваюць у Слізэрын, дзе вучылася ўся яго сям’я.

З першых заняткаў у Хогвартсе Гары выяўляе ў сабе здольнасць лётаць на мятле. Яго прымаюць у каманду Грыфіндора па квідычы (папулярны ў свеце чараўнікоў спорт) у якасці лаўца. У Гары не складваюцца адносіны са школьным настаўнікам, прафесарам Снэйпам, які выкладае зеллязнаўства і адначасова з’яўляецца дэканам Слізэрына. Снэйп заўжды дзейнічае на карысць вучняў свайго факультэта і пастаянна шукае магчымасці пакараць Гары і яго сяброў. Малфой заваблівае Гары і Рона на двубой у трафейным пакоі, каб вывесці іх са сваёй спальні ноччу, і ўпотай расказвае Філчу, вартаўніку школы, дзе яны будуць знаходзіцца. Герміёна спрабуе спыніць хлопцаў, але ў выніку вымушана ісці з імі. Каля ўвахода ў гасцёўню Грыфіндора яны знаходзяць свайго аднакурсніка Нэвіла Лангботама, які спіць на падлозе, бо забыў пароль, каб патрапіць унутр. Пасля таго, як сябры разумеюць, што Малфой іх ашукаў, яны ўцякаюць. Потым яны знаходзяць вялізнага трохгаловага сабаку, які стаіць на варце над люкам у забароненым калідоры на чацвёртым паверсе. Святкаванне Хэлаўіна ў школе перапыняецца ўварваннем троля. Ён трапляе ў жаночую прыбіральню, дзе ад сяброў хаваецца Герміёна. Аднак яе ратуюць Гары і Рон, і ўсе трое становяцца найлепшымі сябрамі. Яны звязваюць нядаўнюю траўму нагі Снэйпа, а таксама яго паводзіны і здагадваюцца, што прафесар шукае спосаб прайсці праз сабаку і ўвайсці ў люк.

Герміёна забараняе хлопцам праводзіць расследаванне, баючыся выключэння са школы. Замест гэтага яна прымушае Гары звярнуць увагу на першую гульню ў квідыч, дзе яго мятла пачынае губляць кантроль і пагражае скінуць яго. Гэта прымушае Герміёну падазраваць, што Снэйп зачараваў мятлу Гары, бо прафесар дзіўна сябе паводзіў падчас матча. Пасля таго, як азарт ад перамогі ў матчы заціх, надыходзяць Каляды, і Гары атрымлівае мантыю-няўгледку ад невядомага адрасата, які сцвярджае, што мантыя належала бацьку Гары. Выкарыстоўваючы яе, каб даследаваць школу ўначы і даведацца, што знаходзіцца пад люкам, Гары знаходзіць Люстэрка Арам, у якім глядач бачыць, як здзяйсняюцца яго самыя патаемныя жаданні. У Люстэрку Гары бачыць, як стаіць з абодвума бацькамі.

Сябры наведваюць хаціну Хагрыда каля падножжа школы і знаходзяць газетнае паведамленне пра спробу рабавання сховішча Грынгатса — таго самага сховішча, якое наведвалі Хагрыд і Гары, калі апошні даставаў школьныя прыналежнасці. Далейшая разважлівасць Хагрыда дазваляе ім зразумець, што аб’ект, які знаходзіцца пад гэтым люкам, — гэта Філасофскі камень, які дае карыстальніку неўміручасць, а таксама здольнасць ператвараць любы метал у чыстае золата. Гары таксама паведамляе ў лесе кентаўру Фірэнцы, што змову з мэтай скрасці Камень арганізоўвае не хто іншы, як сам Валдэморт, які плануе выкарыстаць яго для аднаўлення свайго цела і вяртання да ўлады. Калі дырэктара школы Альбуса Дамблдора няпраўдай выманьваюць з Хогвартса, Гары, Герміёна і Рон баяцца, што крадзеж непазбежны, і самі праходзяць праз люк.

Яны сутыкаюцца з шэрагам перашкод, кожная з якіх патрабуе ўнікальных навыкаў, якімі валодаюць сябры. Напрыклад, Рон мусіць ахвяраваць сабой у гульні ў чарадзейныя шахматы ў натуральную велічыню. У апошнім пакоі Гары, які застаўся без сяброў, знаходзіць прафесара Квірэла, настаўніка абароны ад цёмных мастацтваў, які прызнаецца, што менавіта ён спрабаваў забіць Гары. Спачатку зачараваўшы мятлу, а потым прапусціўшы ў школу троля, у той час як Снэйп наадварот спрабаваў абараніць Гары. Квірэл дапамагае Валдэморту, твар якога прарос на ягонай патыліцы, але ўвесь час хаваецца за вялізным турбанам, знайсці Філасофскі камень, каб аднавіць яго цела. Квірэл выкарыстоўвае Гары, каб пераадолець апошнюю перашкоду, Люстэрка Амар, прымушаючы хлопца стаць перад ім. Люстэрка прызнае адсутнасць прагнасці Гары да Каменя і таемна кладзе яго хлопцу ў кішэню. Калі Квірэл спрабуе схапіць камень і забіць Гары, яго плоць гарыць пры кантакце са скурай хлопчыка і ператвараецца ў пухіры. Шнар у Гары пачынае гарэць ад болю, і ён страчвае прытомнасць.

Праз тры дні ён прачынаецца ў школьным лазарэце, дзе Дамблдор тлумачыць, што выжыванне супраць Валдэморта звязана з тым, што маці Гары ахвяравала жыццём, каб яе сын мог жыць. Гэта пакінула на Гары магутныя ахоўныя чары, якія жывуць у ягонай крыві, і гэта выклікала апёкі рук Квірэла пры кантакце з Гары. Таксама Дамблдор прызнаецца, што менавіта ён адправіў Гары мантыю-няўгледку. Валдэморт пакінуў Квірэла паміраць, а Камень быў знішчаны. Насычаны падзеямі навучальны год заканчваецца апошнім святам, падчас якога Грыфіндор выйграе Кубак школы. На лета Гары вяртаецца на Крушынавую вуліцу і не паведамляе Дурслям, што чараўнікі, якія не дасягнулі паўналецця, не могуць карыстацца магіяй. Гэта абяцае яму шмат спакою і весялосці на канікулах.

Галоўныя героі

Сярод іншых супрацоўнікаў: каржакаватая настаўніца травазнаўства і дэкан Хафлпафа, прафесар Маккорань, нізенькі і маленькі настаўнік заклінанняў, а таксама дэкан Рэйвэнкло, прафесар Флітвік, нудны настаўнік гісторыі магіі, прафесар Бінс, прывід якога, відаць, не заўважыў уласную смерць, і мадам Бух, трэнерка па квідычы, строгая, але ўважлівая і метадычная настаўніца. Палтэргейст Назола бадзяецца па замку і прычыняе непрыемнасці паўсюль, дзе толькі можа.

Ацэнкі

У Брытаніі раман атрымаў большасць літаратурных прэмій, журы якіх складалася з дзяцей. Таксама раман атрымліваў літаратурныя прэміі ў ЗША. Кніга дасягнула вяршыні спісу фантастычных бэстсэлераў паводле версіі «Нью-Ёрк Таймс» (англ.: «New York Times») у жніўні 1999 года і заставалася ў ім сярод найлепшых на працягу 1999—2000-х гг. Раман быў перакладзены на іншыя мовы, а ў 2001 годзе паводле яго знялі аднайменны фільм.

Збольшага водгукі на раман былі вельмі прыхільныя. Крытыкі ацанілі надзвычайнае ўяўленне аўтаркі, добры гумар, прастату, прамы стыль і добрую сюжэтабудову, але некаторыя крытыкі скардзіліся на тое, што ў канцоўцы твору падзеі развіваюцца залішне хутка. Стыль Роўлінг параўновалі з Джэйн Осцін, адной з яе ўлюбёных пісьменніц, а таксама з Роальдам Далем, творы якога дамінавалі сярод дзіцячых апавяданняў да з’яўлення Гары Потэра, і старажытнагрэчаскім казачнікам Гамерам. У той час, як некаторыя крытыкі сцвярджалі, што кніга вяртаецца да твораў пра школы-інтэрнаты віктарыянскай эпохі караля Эдуарда, іншыя гаварылі, што гэты жанр займае трывалае месца ў сучасным свеце, асвятляючы сённяшнія этычныя і сацыяльныя праблемы.

«Гары Потэр і філасофскі камень», як і астатнія кнігі з серыі, неаднаразова крытыкаваўся паасобнымі рэлігійнымі групамі, таксама твор забаронены ў некаторых краінах праз абвінавачванні у спрыянні вядзьмарству. Але ж некаторыя хрысціянскія крытыкі пісалі, што кніга з’яўляецца добрым прыкладам хрысціянскіх каштоўнасцей, у тым ліку сілай самаахвярнасці і прыняццем людзьмі важных рашэнняў, якія фарміруюць іх характары. Педагогі лічаць «Гары Потэр і філасофскі камень» і яго сіквелы важнай дапамогай у паляпшэнні пісьменнасці ў сувязі з велізарнай папулярнасцю кніг. У некаторых замежных школах серыю кніг пра Гары Потэра выкарыстоўваюць на дапаможных уроках па педагогіцы, сацыялагічным аналізе і маркетынгу.

Беларускія пераклады

14 снежня 2019 года выдавецтва «Янушкевіч» выдала пераклад кнігі. Перакладчыца — Алена Пятровіч.

Зноскі

  1. http://archive.wikiwix.com/cache/index2.php?url=http%3A%2F%2Fwww.jkrowling.com%2Ftextonly%2Ffr%2Fbiography.cfm Праверана 2 кастрычніка 2021.
  2. http://archive.wikiwix.com/cache/index2.php?url=http%3A%2F%2Fwww.eitb24.com%2Fnew%2Fen%2FB24_57676%2Fentertainment%2FFACTBOX-Final-Harry-Potter-book-set-for-release%2F — 2007. Праверана 2 кастрычніка 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Дэбютныя раманы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кнігі пра Гары Потэра
Катэгорыя·Кнігі 1997 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Лаўрэаты брытанскай літаратурнай прэміі