Джэйн Осцін (англ.: Jane Austen; 16 снежня 1775, Стывентан, Вялікабрытанія — 18 ліпеня 1817) — брытанская раманістка.
Нарадзілася ў сям’і Джорджа і Касандры Осцінаў, якія належалі да класа джэнтры — нетытулаванага дробнапамеснага дваранства. Сям’я Осцінаў была вялікая: шасцёра сыноў і дзве дачкі. Сярод братоў самым блізкім Джэйн быў Генры (пэўны час ён працаваў банкірам, а калі банк збанкрутаваў, зрабіўся англіканскім святаром), які быў таксама літаратурным агентам сястры. Джордж быў псіхічна нездаровы і нават не гаварыў, Чарлз і Фрэнк служылі ў флоце і абодва зрабіліся адміраламі, Эдварда ўсынавілі багатыя родзічы Осцінаў Найты, ён атрымаў у спадчыну іх маёмасць і імя ў 1812 годзе.
У 1783 годзе Джэйн і яе сястра Касандра пачалі навучанне ў місіс Эн Каўлі ў Оксфардзе і праз год пераехалі з ёй у Саўтгемптан. Але праз некаторы час дзяўчаты захварэлі на тыф; Джэйн ледзь не памерла. Апроч таго, дырэктарка школы мела досыць дэспатычны характар. Дзяўчат перавялі ў школу ў Рэдынг, а ў снежні 1786 года бацька вярнуў дачок дадому, бо не змог плаціць за навучанне, і сам заняўся іх адукацыяй. Дзяўчаты чыталі шмат раманаў, захапляліся паэзіяй.
Прыкладна ў пачатку 1787 года Джэйн Осцін пачала пісаць вершы, апавяданні і п’есы, якімі забаўляла сваіх родных. Пазней яна сабрала 29 твораў, напісаных у 1787-93 гадах. Пасталеўшы, Джэйн Осцін засталася жыць у бацькоўскім доме, практыкавалася ў гульні на фартэпіяна, дапамагала маці і сястры кіраваць гаспадаркай, наведвала родных і сяброў, хадзіла ў царкву, займалася шытвом і чытала ўслых перад сном раманы (часам свае ўласныя) сваім хатнім.
Пасля смерці бацькі (1805) Джэйн, Касандра і іх маці засталіся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і браты дамовіліся кожны год выплачваць пэўную суму на падтрымку сям’і. Наступныя чатыры гады жанчынам даводзіцца часта пераязджаць, падоўгу жыць у родных, пакуль у 1806 годзе яны не пасяліліся ў Саўтгемптане разам з Фрэнкам і яго жонкай. А ў 1809 годзе Эдвард забяспечыў маці і сёстрам сталае жытло — вялікі дом у Чотэне. Падчас жыцця ў Чотэне Дж. Осцін выдала чатыры раманы, якія былі добра прынятыя чытачамі.
У пачатку 1816 года здароўе Дж. Осцін пагоршылася. З сярэдзіны красавіка 1817 яна ўжо не ўставала з ложка, у траўні брат Генры адвёз яе з Касандрай у Вінчэстэр на лекаванне, дзе Джэйн Осцін і памерла ва ўзросце 41 года.
У рэалістычных сацыяльна-бытавых раманах «Розум і пачуцці» (т. 1—3, 1811), «Пыха і перадузятасць» (т. 1—3, 1813), «Мэнсфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Перакананне» і «Абацтва Нортэнгер» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзен» (выд. 1871), «Каханне і сяброўства» (выд. 1922), «Уотсаны» (выд. 1958) і інш. у іранічнай манеры адлюстравала жыццё, норавы і псіхалогію англійскага правінцыяльнага грамадства, са спачуваннем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцці.[11]
У парадку публікацыі: