wd wp Пошук:

Галіна Анатолеўна Каржанеўская

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Каржанеўская. Галіна Анатолеўна Каржане́ўская (27 жніўня 1950, в. Лясішча, Слуцкі раён, Мінская вобласць) — беларуская пісьменніца.

Біяграфія

Нарадзілася ў в. Лясішча ў сям’і служачых. Пераехала ў Янушкавічы, калі бацьку накіравалі ў мясцовы саўгас дырэктарам. Недзе з сёмага класа пачала пісаць вершы. Настаўніца беларускай мовы В. М. Жардэцкая разгледзела ў дзяўчынкі парасткі літаратурных здольнас­цей і сама паслала яе вершы ў раённую газету «Ленінскі сцяг». З лёгкай рукі галоўнага рэдактара Б. Сасноўскага неўзабаве яны з’явіліся ў друку. Першая публікацыя ў «Маладосці» прыпадала на 1967 год. Стала ўдзельнікам рэспубліканскага семінара маладых паэтаў у Каралішчавічах, на яе вершы звярнулі ўвагу крытыкі[1].

У 1968 годзе скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[2]. З трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне ў сувязі з нараджэннем дачкі[1] і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Скончыла ўніверсітэт у 1973 годзе, выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна[2].

У 19801982 гадах рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, з 1984 у карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г. — загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва»[2].

Сябра СП СССР з 1976 года, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў[2].

Актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». На мясцовых выбарах 2018 года балатавалася ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Фрунзенская раённая выбарчая камісія вынесла ёй 2 лютага папярэджанне за размяшчэнне плакату без выходных дадзеных, хоць выраб друкарскім салонам плакату быў аплочаны за кошт сродкаў выбарчага фонду, а яго ўзор быў яшчэ 28 студзеня перададзены ў камісію. Другое папярэджанне камісія вынесла за распаўсюд газеты «Народная воля». 13 лютага Фрунзенская раённая выбарчая камісія пазбавіла яе рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты[3].

Творчасць

У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была…» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветкупапараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зборнікі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М. Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык[4].

Зноскі

  1. 1 2 Каржанеўская Галіна Анатолеўна — Біяграфія
  2. 1 2 3 4 Старонка на сайце СБП Архівавана 18 кастрычніка 2020.
  3. Галіна Каржанеўская патрабуе ўзнавіць яе ў статусе кандыдата ў дэпутаты 16.02.2018
  4. Л. М. Гарэлік. Каржанеўская Галіна Анатолеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1950 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Члены Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім раёне
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Літаратура і мастацтва»
Катэгорыя·Пісьменніцы Беларусі