wd wp Пошук:

Віцебская абласная бібліятэка

Дзяржаўная ўстанова «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» — дзяржаўная бібліятэка Беларусі, заснаваная ў студзені 1929 года ў Віцебску ў якасці аддзялення Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі. На канец 2016 г. змяшчала 708 622 асобнікі выданняў. За 2016 г. 44 117 чытачоў (12 % насельніцтва Віцебску, 3,7 % насельніцтва Віцебскай вобласці) ажыццявілі 852 520 наведванняў бібліятэкі, падчас якіх атрымалі 868 215 асобнікаў выданняў (па 19,7 на чытача)[1].

На 2017 г. бібліятэка працавала з панядзелка па чацвер з 10:00 да 21:00, у суботы і нядзелі — з 10-ай да 18-ай гадзіны. Аддзел дзіцячай літаратуры па пр. Будаўнікоў, д. 10 працаваў з панядзелка па пятніцу і ў нядзелі з 10:00 да 19:00[2]. Чытачы з прапіскай у Віцебску мелі права браць да 5 выданняў з абанементу (на дом) на тэрмін да 30 дзён[3]. За плату бібліятэка ажыццяўляла: капіраванне; сканаванне; выдачу дакументаў з чытальні на дом; бронь дакументаў; раздрукоўку; брашураванне аркушаў спружынай; складанне бібліяграфічнага апісання; нарады і выстаўкі; заняткі па інфарматыцы, літаратуры і англійскай, нямецкай і французскай мовах[4]. За 2016 г. бібліятэка выканала платных паслуг на 13137,21 руб. ($6569,26)[1].

Назва

У кастрычніку 2003 года, у рамках ініцыятывы Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы па ўшанаванні памяці да 80-годдзя Васіля Быкава, было прапанавана назапць абласную бібліятэку ў гонар вялікага беларускага пісьменніка радзіма якога знаходзіцца на Віцебшчыне. Ідэю перайменавання падтрымалі таксама грамадскія актывісты Віцебска і Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ. Але, арганізацыі пенсіянераў і ветэранаў Віцебска выступілі супраць. Яны прывялі аргумент (ліст Раўзона ў газеце «Віцебскі рабочы»), што «Быкаў, канечне, неблагі пісьменнік, але параўнаць яго з Леніным немагчыма».

Гісторыя

1 студзеня 1929 года ў Віцебску (Беларуская ССР) па вуліцы Валадарскага, д. 1/3 заснавалі Віцебскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі (БДБ). Аснову кнігазбору склалі бібліятэкі археалагічнага інстытута, Інстытута народнай адукацыі і Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея. Пры стварэнні кнігазбор налічваў 35 тыс. кніг. Працавалі 5 аддзелаў: агульны, беларусазнаўчы, яўрэйскі, замежных і старадрукаваных кніг, перыядычнай літаратуры. Бібліятэка мела 3 супрацоўнікаў, статус навуковай і папаўнялася паступленнямі з Беларускай кніжнай палаты. З 1934 г. бібліятэка пачала атрымліваць 2 абавязковыя платныя асобнікі беларускіх выданняў і мела 558 чытачоў. У 1937 г. лік супрацоўнікаў вырас да 4[5].

У 1938 г. Віцебскае аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі БССР пераўтварылі ў Віцебскую абласную бібліятэку ў сувязі са стварэннем Віцебская вобласці. У маі 1941 г. налічвалася 9 бібліятэкараў. Пасля пачатку 22 чэрвеня 1941 г. Вялікай Айчыннай вайны частку кнігазбору вывезлі на ўсход. У час нямецкая акупацыі бібліятэку разбурылі. У жніўні 1944 г. бібліятэка ўзнавіла дзейнасць пасля адновы кнігазбору пры дапамозе Дзяржаўнага фонду літаратуры СССР, які паставіў кнігі з Масквы, Ленінграда і Казахскай ССР. У 1967 г. бібліятэка пераехала ў новы будынак плошчай каля 5000 м² з чытальнямі на 500 месцаў[5].

На май 2012 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы было 118 супрацоўнікаў сярэдняга ўзросту каля 39 гадоў. У фондах размяшчалася 710 тыс. асобнікаў выданняў. Налічвалася звыш 56 000 чытачоў, што было найбольшым паказчыкам сярод абласных бібліятэк Беларусі[6].

За 2016 г. абслужыла 44 117 (99,3 %) непасрэдных і 308 аддаленых чытачоў, з іх 4210 (9,5 %) дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў. Чытачы атрымалі 868 215 асобнікаў выданняў (19,7 выдання на чытача, абарачальнасць фонду 1,2). Сярэднедзённая выдача склала 2894 асобнікаў. Адбылося 852 520 непасрэдных наведванняў бібліятэкі і 621 084 наведванні яе сайта. За 300 каляндарных дзён працы сярэднедзённая наведвальнасць склала 771 чытач. Са 110 супрацоўнікаў 72 працавалі ў аддзелах абслугоўвання, з іх 55 уласна работнікаў. У сярэднім на бібліятэкара прыпадала 882 чытачы і 17 364 асобнікаў дакументавыдачы. У фонд бібліятэкі набылі 15 175 выданняў за 215,9 тыс. рублёў ($108 тыс.; у сярэднім 14,23 руб. за выданне). На канец года фонд бібліятэкі склаў 708 622 асобнікі, гэта значыць вырас за год на 2813 асобнікі (+0,4 %). За год правялі 101 выставу з удзелам 9505 наведнікаў[1] (94 наведнікі ў сярэднім).

Аддзелы

12 аддзелаў абслугоўвання, з іх 3 уласна чытальні:

3 фунцкцыянальныя аддзелы:

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Камендантава, В.М Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна ў 2016 годзе(нявызн.). Віцебская абласная бібліятэка (8 лютага 2017). Праверана 6 жніўня 2017.
  2. Рэжым работы(нявызн.). Віцебская абласная бібліятэка (1 жніўня 2016). Праверана 6 жніўня 2017.
  3. Правілы карыстання(нявызн.). Віцебская абласная бібліятэка (2 чэрвеня 2014). Праверана 6 жніўня 2017.
  4. Бягучыя цэны платных паслуг(руск.) . Віцебская абласная бібліятэка (8 лютага 2017). Праверана 6 жніўня 2017.
  5. 1 2 Гісторыя(нявызн.). Віцебская абласная бібліятэка (13 жніўня 2012). Праверана 6 жніўня 2017.
  6. Аляксандр Пукшанскі. Прафесія не для ўсіх // Звязда : газета. — 16 мая 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  7. 1 2 Структура(нявызн.). Віцебская абласная бібліятэка (25 мая 2017). Праверана 6 жніўня 2017.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вуліца Леніна (Віцебск)
Катэгорыя·Бібліятэкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Бібліятэкі Віцебска
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1929 годзе
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·1929 год у Віцебску