wd wp Пошук:

Вільчыцы

Ві́льчыцы[2] (трансліт.: Viĺčycy, руск.: Вильчицы) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Вяйнянскага сельсавета. Чыгуначная станцыя на лініі МагілёўЖлобін. Размешчана за 12 км на поўдзень ад Магілёва. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. На захадзе, поўдні і ўсходзе мяжуе з лесам. На поўдні цячэ р. Вільчанка (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па шашы Санкт-ПецярбургАдэса, якая праходзіць побач з вёскай.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню ўпамінаецца ў фрагментах інвентара 1560 года як сяло ў Магілёўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага, дзяржаўнае ўладанне, налічвала 15 дымоў. У 1580 годзе перададзена ў валоданне шляхціцу. У 1635 годзе сяло ў Вяйнянскім войтаўстве Магілёўскай воласці, дзяржаўная ўласнасць, дзейнічалі царква, млын, карчма.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1850 годзе ў складзе маёнтка Вейна Магілёўскага павета, шынок, млын, сукнавальня. Пасля пракладкі ў 1859 годзе шашы МагілёўДоўск у сяле размяшалася паштовая станцыя, якая мела 16 коней.

З пракладкай чыгункі пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Апрача земляробства ва ўсіх дварах сяльчане займаліся вырабам ільняной і пяньковай кудзелі і тканіны. Паводле перапісу 1897 года ў Палыкавіцкай воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні.

У 1897 годзе дзейнічалі школа граматы і хлебазапасны магазін.

Найноўшы час

У пачатку XX стагоддзя школа граматы была ператворана ў царкоўна-прыходскую. На базе дарэвалюцыйнай адкрыта працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе было 67 вучняў, дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска стала часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ў складзе Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала этнічна беларускія тэрыторыі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года ў выніку першага ўзбуйнення БССР вёска вернута Беларусі, з 17 ліпеня 1924 года ў Лупалаўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 2 сакавіка 1931 года ў Магілёўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1930-я гады арганізаваны калгас «Пралетарый».

У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 26 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У барацьбе супраць фашызму загінулі 74 вяскоўцы. На ўшанаванне іх памяці ў 1975 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла.

У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Вяйнянскі цяплічны камбінат» (цэнтр — в. Вейна). Размяшчаліся Магілёўская зверагаспадарка, лясніцтва, ферма буйной рагатай жывёлы, вытворчае аддзяленне, свінагадоўчы комплекс «Усход». У вёсцы працавалі бібліятэка, сталовая, магазін, аддзяленне сувязі, Дом быту, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, 8-гадовая школа.

У 2007 годзе цэнтр ААТ «Агракамбінат „Усход“», дзейнічалі ўрачэбная амбулаторыя, кафэ.

Планіроўка

Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1982 годзе ў інстытуце «Магілёўграмадзянпраект». Планіровачна складаецца з працяглай плаўна выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Амаль паралельна да яе на ўсход праходзіць прамалінейная вуліца. Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На поўначы размешчаны парк і шэраг двухпавярховых 4—8-кватэрных мураваных дамоў, якія належаць зверагаспадарцы, на паўночным захадзе — свінагадоўчы комплекс.

Насельніцтва

Славутасці

Страчаная спадчына

Зноскі

  1. http://pop-stat.mashke.org/belarus-census/mahilouskaja.htm
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты Магілёўскага раёна
Катэгорыя·Вяйнянскі сельсавет