У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гапановіч. Віктар Якаўлевіч Гапано́віч[1] (15 красавіка 1921 — 12 жніўня 2009) — беларускі вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі, доктар медыцынскіх навук (1969), прафесар (1973). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзіўся 15 красавіка 1921 года ў вёсцы Сераднякі (Сярэднікі[1]) Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер — Слуцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1940 годзе скончыў Магілёўскі медыцынскі тэхнікум, працаваў фельчарам у абласной паліклініцы ў Магілёве[2].
З 1940 года ў Чырвонай Арміі. У 1940—1941 гадах — фельчар стралковага батальёна Прыбалтыйскай ваеннай акругі[2]. У час Вялікай Айчыннай вайны старшы фельчар, камандзір санітарнага ўзвода стралковага батальёна, фельчар упраўлення палявога эвакуацыйнага пункта. У 1942 годзе быў цяжка паранены.
У 1951 годзе скончыў Мінскі медыцынскі інстытут і працаваў у ім (аспірант, дацэнт кафедры). У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1970 годзе — доктарскую. Адначасова з працай у інстытуце, 1972—1990 гадах — галоўны отарыналарынголаг Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1973—1989 гадах — загадчык кафедрай вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута, з 1989 года — прафесар кафедры[2].
Памёр 12 жніўня 2009 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам[3].
В. Я. Гапановічу належаць навуковыя працы па біялагічных і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. Распрацаваў і ўкараніў у практыку методыку атрымання аўтагенных фібрынных плёнак (біялагічны прэпарат крыві) і іх выкарыстання ў якасці стымулятара працэсу рэгенерацыі пасля хірургічных аперацый[3]. Прымаў удзел у распрацоўцы фантомаў-трэнажораў для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.
Вучонаму належаць каля 190 навуковых прац[2]. Аўтар двух вынаходніцтваў і 76 рацыяналізатарскіх прапаноў[2]. Падрыхтаваў трох кандыдатаў медыцынскіх навук[2].
Сярод апублікаванага:
Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні II і III з’ездаў отарыналарынголагаў Беларусі, двух навуковых канферэнцый[2]. Удзельнік арганізацыі Усесаюзнага пленума отарыналарынголагаў у 1978 годзе[2]. У 1972—1990 гадах — старшыня праўлення Беларускага навуковага медыцынскага таварыства отарыналарынголагаў. Быў членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства отарыналарынголагаў, членам рэдакцыйных саветаў часопісаў «Вестник оториноларингологии», «Журнал ушных, носовых и горловых болезней», старшынёй Рэспубліканскай праблемнай камісіі па отарыналарынгалогіі[2].