wd wp Пошук:

Вялікія Радванічы

Вялі́кія Радва́нічы[1] (трансліт.: Vialikija Radvaničy, руск.: Великие Радваничи) — аграгарадок у Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці, на правым беразе р. Рыта. Адміністрацыйны цэнтр Радваніцкага сельсавета. Размешчаны за 33 км на паўднёвы ўсход ад Брэста, 23 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка, на ўсходзе меліярацыйныя каналы, на захадзе — р. Рыта (прыток р. Мухавец). Транспартныя сувязі па аўтадарозе Вялікія Радванічы — Брэст.

У складзе Рэспубліканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Заходні» (цэнтр — аг. Вялікія Матыкалы).

Гісторыя

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVI стагоддзя як сяло — цэнтр Радваніцкай воласці ў Берасцейскім старостве Троцкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1510 годзе кароль Жыгімонт I Стары зацвердзіў Радванічы Царкоўныя на р. Рыць за берасцейскім дваранінам Андрэем Лозкам. У 1600 годзе была пабудавана праваслаўная царква.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 года — у Літоўскай, з 1801 года — у Гродзенскай губернях. У 1886 годзе ў сяле размяшчалася валасное праўленне, праваслаўная царква, карчма, за 3 вярсты знаходзілася лясная кантора Каблунь. У 1890 годзе ўладальнікамі маёнтка былі І. Песціч, Катарскі, У. Тур. У 1889 годзе працавала народнае вучылішча, у якім вучыліся 67 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі.

У 1905 годзе сяло Радванічы Царкоўныя — цэнтр Радваніцкай воласці, за 25 вёрст ад Брэста. У ім працаваў валасны сельскі фельчар, былі размешчаны ўчасткі паліцэйскіх ураднікаў, міравых пасрэднікаў, судова-міравой акругі, судовых следчых, адзін раз у год дзейнічаў прызыўны ўчастак па воінскай павіннасці. У воласць уваходзілі маёнтак Франопаль, вёскі Літвіны, Кашылава, Міхалін, Ваўкі, Радванічы Зарэчныя. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Радваніцкай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства. Дзейнічала падпольная ячэйка КПЗБ.

З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну фашысты знішчылі 97 двароў, загубілі 34 жыхароў; на фронце загінуў 41 вясковец.

Інфраструктура

Сярэдняя школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка, аддзяленне сувязі, 2 магазіны.

Насельніцтва

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Населеныя пункты Брэсцкага раёна
Катэгорыя·Радваніцкі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Аграгарадкі Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных