У гэтага тапоніма ёсць і іншыя значэнні, гл. Белае.
Вялікае Белае — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Свіна, за 50 км у напрамку на паўночны ўсход ад горада Полацк, за 0,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Белае.
Плошча паверхні возера 1,45 км². Даўжыня 2,65 км, найбольшая шырыня 0,81 км. Даўжыня берагавой лініі 7,5 км. Найбольшая глыбіня 10,2 м, сярэдняя 5,4 м. Аб′ём вады ў возеры 8,06 млн м³. Плошча вадазбору 3,2 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны стромкія, пясчаныя, вышынёй 11—17 м. Берагавая лінія слабазвілістая, утварае некалькі заліваў. Берагі возера высокія і стромкія, паўночныя — сплавінныя. Пойма шырынёй да 15 м, сухая, у паўночна-заходняй частцы пераходзячая ў верхавое балота. Каля 53 % плошчы дна Вялікага Белага да глыбіні 5 м выслана пяском, да глыбіні 6—7 м апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. У паўночнай частцы возера востраў плошчай 0,1 га і водмель з глыбінямі да 0,1 м.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. У паўночнай частцы ў Вяліка Белае ўпадае ручай (пратока) з возера Гваздок.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, гусцяра, плотка, краснапёрка і іншыя віды рыб. Расце ахоўны від раслін — палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[2].
У паўночна-усходняй частцы Вялікае Белае мяжуе з возерам Малое Белае і аддзяляецца ад яго перашыйкам шырынёй каля 50 м.
Для паляпшэння артыкула пажадана:
|