wd wp Пошук:

Вольга Барысаўна Ладыгіна

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ладыгіна. Вольга Барысаўна Ладыгіна (23 снежня 1922, Масква — 3 студзеня 2008, Мінск) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1969). Дачка Барыса Іванавіча Ладыгіна, жонка архітэктара Яўгена Заслаўскага.

Біяграфія

Нарадзілася 23 снежня 1922 года ў г. Маскве ў сям’і інжынера Барыса Ладыгіна і Арыядны Пампееўны Александроўскай, сястры беларускай спявачкі Ларысы Александроўскай. Мела сястру Арыядну (нар. 1927), якая стала вучоным-эстэтыкам. У 1926 годзе сям’я пераехалі на на радзіму маці — у Менск. Тут Вольга пайшла ў школу, аднак, ратуючыся ад рэпрэсій, бацькі ў кастрычніку 1938 года з’ехалі ў Саратаў, дзе бацька працаваў выкладчыкам аўтамабільна-дарожнага інстытута[1]. Вольга з дзяцінства «марыла будаваць цудоўныя будынкі, каб у іх было радасна і шчасліва жыць і працаваць»[1].

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940 годзе яна паступае на архітэктурны факультэт Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Улетку 1941 года, калі Вольга Ладыгіна сканчае першы курс інстытута, пачынаецца Вялікая Айчынная вайна[1].

З жахам глядзела я на будынкі, якія гінуць  — іх яшчэ ўчора мы з трапятаннем абмяралі, спрабуючы пракрасціся ў тайны прапорцыі, спрабуючы зразумець прычыну іх надзвычайнага ўздзеяння на чалавека[1].

Уладкавалася ў шпіталь пры бальніцы імя Урыцкага. У кастрычніку 1941 года студэнтаў адправілі на будаўніцтва абаронных збудаванняў горада, дзе Вольга працавала прарабам. У сакавіку 1942 года па лёдзе Ладажскага возера супрацоўнікаў і студэнтаў эвакуіравалі ў Пяцігорск на Паўночным Каўказе. 2 красавіка Вольга пераехала да бацькоў у Саратаў. Праз пэўны час яна ўладкавалася аналітыкам ваенна-дарожнай лабараторыі пры Саратаўскім аўтадарожным інстытуце і адначасова пачала вучыцца на дарожна-будаўнічым факультэце інстытута. Увосень 1944 года Вольгу залічылі на 2-і курс Маскоўскага архітэктурнага інстытута, які скончыла ў 1949 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Дыпломная работа — праект буйны жылы раён у Хімках (Масква) і праект аднаго з жылых дамоў у гэтым раёне (кіраўнік М. Х. Палякоў). Была накіравана разам з мужам, аднакурснікам Яўгенам Заслаўскім, на працу ў родны Мінск, у якім паспела пабываць неўзабаве пасля вызвалення[1].

Працавала архітэктарам, у 1969—1975[2] гадах галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, з 1978 года — начальнік аддзела дзяржэкспертызы Белдзяржпраекта, з 1988 года — аддзела галоўэкспертызы пры Дзяржбудзе БССР[3].

Грамадская дзейнасць

Член КПСС з 1945 года. Член Саюза архітэктараў СССР з 1953 года. З 1961 па 1964 год — старшыня праўлення СА БССР[3]. Удзельнічала ў нарадах і кангрэсах Міжнароднага саюза архітэктараў у Гаване (Куба), Мадрыдзе (Іспанія), Міжнароднага кангрэса жанчын (Масква)[1].

Творчасць

Праект рэспубліканскай (цяпер Мінскай абласной) бальніцы ў пас. Бараўляны. Макет
Жылы дом з гастраномам «Сталічны»
Дом па вуліцы Казлова № 8/1
Галоўны корпус Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта

Асноўныя работы: вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955), у Віцебску Кіраўскі мост (1955)[2], жылыя дамы па вул. Варвашэні, Казлова, Берасцянскай, В. Харужай, Кульман, М. Горкага, Ленінскім і Партызанскім праспекце (1954—1987)[3], жылы дом з гастраномам «Сталічны»[d] (1962)[2], адміністрацыйна-вытворчыя будынкі па вул. Варвашэні, Чырвонай (1955), Палац воднага спорту (1967), рэканструкцыя дамоў архітэктара (1961), працаўнікоў мастацтваў (1965) у Мінску; у аўтарскім калектыве: праект галоўнага корпуса Беларускага тэхналагічнага інстытута (1956—1958), комплекс будынкаў тэхнікума Белпрамсавета па вул. З. Бядулі (1956), тыпавыя праекты жылых дамоў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых садкоў (1955—1961), праект забудовы мікрараёна па вул. Валгаградскай (1958)[3], корпус Інстытута гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса Прэзідыума НАН РБ[2], мікрараён па вул. Куйбышава і 9-, 11-павярховыя жылыя дамы з убудаванымі ўстановамі (1984), комплекс здароўя па вул. Сурганава (1988) у Мінску, комплексы будынкаў НДІ анкалогіі і медрадыялогіі ў Бараўлянах (1963) і абласной бальніцы ў пас. Лясное (1967, у сааўтарстве з А. Канстанціновічам) Мінскага раёна, мост цераз р. Дняпро (1955) і Палац культуры ВА «Хімвалакно» (1976) у Магілёве[3], гандлёва-грамадскі цэнтр на вуліцы Куйбышава (1997, у суаўтарстве) у Мінску[2].

Аўтар артыкулаў па пытаннях архітэктуры[3].

Узнагароды

У 1969 годзе ёй сярод першых прысвоена званне «Заслужаны архітэктар БССР». Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалямі, дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1968, 1969) і Узбекскай ССР (1970) «За высокую свядомасць патрыятычнага абавязку і самаадданую працу па ліквідацыі наступстваў землетрасення, аднаўленні і будаўніцтве горада Ташкента», Дыпломам лаўрэата прэміі Мінбудархітэктуры імя У. А. Караля, інш[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Архитектор Ольга Ладыгина (23.12.1922-03.01.2008)
  2. 1 2 3 4 5 Ладыгіна Вольга Барысаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
  3. 1 2 3 4 5 6 Ладыгина Ольга Борисовна // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др.. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1.(руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
Катэгорыя·Памерлі ў 2008 годзе
Катэгорыя·Архітэктары Віцебска
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Супрацоўнікі Белдзяржпраекта
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Старшыні Беларускага саюза архітэктараў
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без партрэтаў
Катэгорыя·Архітэктары Магілёва
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза архітэктараў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі 3 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1922 годзе
Катэгорыя·Архітэктары Мінска
Катэгорыя·Заслужаныя архітэктары Беларускай ССР
Катэгорыя·Члены Саюза архітэктараў СССР
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь імя У. А. Караля
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 снежня
Катэгорыя·Выпускнікі МАРХІ
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы