Бі́тва пры Цэ́ры — адна з першых бітваў Першай Сусветнай вайны, якая адбылася паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй у жніўні 1914 года.
Пасля аб’явы вайны 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя засяродзіла сілы трох сваіх арміяў для нанясення ўдару па Сербіі. Пятая і шостая арміі, якія знаходзіліся ў Босніі, атрымалі загад нанесці галоўны ўдар па Сербіі. Другая армія была сканцэнтравана ў Срэме і Банаце, для ўвядзення ў зман Вярхоўнага камандавання Сербіі аб напрамку наступлення. У першыя дні вайны падраздзяленні 2-й арміі праводзілі абстрэл населеных пунктаў на поўначы Сербіі, уключаючы Бялград і Смедарава, а 15 жніўня акупавалі Шабац. Асноўныя сілы 5-й і 6-й арміі рыхтаваліся да пераправы праз Дрыну, на што яны патрацілі аж 4 дні[1][2]. У гэты час на сустрэчу аўстра-венгерскім войскам рухаліся часці 2-й і 3-й сербскіх армій.
Каля 23:00 15 жніўня часці сербскай арміі натыкнуліся на пазіцыі аўстра-венгерскіх войскаў на схілах гары Цэр. Аднак пазіцыі былі слаба ўладкаваны і сербы адціснулі з яе аўстрыйскую армію. 16 жніўня каля Слаціна сербскія войскі скавалі і адкінулі аўстра-венгерскія часці. У паласе 3-й сербскай арміі баі былі цяжкімі, і на некаторых участках сербам давялося адысці. 18 жніўня аўстра-венгерскія войскі спрабавалі прасунуцца па плацдарму каля Шабацу, каб забяспечыць лепшыя ўмовы для наступлення 5-й арміі. Аднак разгром аўстрыйскіх часцей на рацэ Добрава разбурыў іх планы. На працягу наступных дзён да сербаў падцягнуліся часці 2-й сербскай арміі, якая прыкрывала больш зручную для вядзення наступу раўнінную мясцовасць паўночнай Сербіі і адпаведна лепш абароненую Радамірам Путнікам. З прычыны гэтага сербам удалося прарваць аўстра-венгерскі фронт у Лазніцы. Для аўстрыйцаў склалася неспрыяльная сітуацыя і яны 19 жніўня пачалі адыход па ўсім фронце. Для гэтага былі выкарыстаныя часці 2-й аўстра-венгерскай арміі, затрымліваючы іх адпраўку на фронт у Галіцыі. Пачынаючы з 20 жніўня сербскія войскі пераследвалі адыходзячыя аўстрыйскія войскі. У выніку да 24 жніўня аўстра-венгерскія войскі былі адкінутыя да рэк Сава і Дрына[3].
Хоць сербская армія дасягнула поспеху ў гэтым баі, сербы страцілі значную частку боепрыпасаў[4]. Камандуючы 2-й сербскай арміі Сцёпа Сцяпанавіч, за паспяховае камандаванне войскамі, быў павышаны да рангу фельдмаршала (сербск.: војвода)[5]. Камандуючы аўстра-венгерскімі войскамі Оскар Паціёрэк быў прыніжаны паразай і патрабаваў рэваншу, на што атрымаў дазвол у верасні 1914 года[6]. З прычыны паразы ў бітве пры гары Цер аўстра-венгерская армія была вымушана адмовіцца ад горада Плеўля, які яна захапіла 19 жніўня[7].
Падчас выканання разведвальнага палёту адбыўся першы паветраны бой сербскага лётчыка Томіча і аўстра-венгерскага пілота. Апошні стрэліў у Томіча з рэвальвера і сербскі лётчык здолеў збегчы[8].
Паспяховы бой прыцягнуў да Сербіі ўвагу ўсяго свету, з прычыны чаго ў прэсе пачалі з’яўляцца артыкулы пра яе абарону, а іншаземцы аказвалі палітычную, гуманітарную і ваенную дапамогу[9].