Бяча́нская Бу́да[1] (трансліт.: Biačanskaja Buda, руск.: Бечанская Буда) — вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Азяранскага сельсавета.
На поўдні і ўсходзе мяжуе з лесам.
За 37 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Жыткавічы (на лініі Лунінец — Калінкавічы), 270 км ад Гомелю.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Чэрнічы — Жыткавічы. Планоўка складаецца з 2 плыўна выгнутых шыротных вуліц, злучаных паміж сабой на ўсходзе і захадзе. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XIX стагоддзя як вёска ў Тураўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. У 1930 годзе жыхары ўступілі ў калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1943 года нямецкія акупанты спалілі 30 двароў і забілі 9 жыхароў. 17 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Савецкая Беларусь» (цэнтр — вёска Азяраны).