Брахоцкія (польск.: Brochoccy) — шляхецкі род гербу «Праўдзіц» у Польшчы і ВКЛ. Запісаны ў РК Мінскай і Гродзенскай губерній.
Заснавальнікам лічыцца Анджэй Брахоцкі з Брахоціна ў Плоцкай зямлі, удзельнік Грунвальдскай бітвы (1410). Яго далёкія нашчадкі, чатыры браты Брахоцкія — Антоні, Валенты, Рох і Ігнацы — перасяліліся з Мазовіі ў ВКЛ неўзабаве пасля Барскай канфедэрацыі поўнымі банкрутамі. Праз удалыя шлюбы род Брахоцкіх набыў значныя зямельныя ўладанні ў Ашмянскім і Новагародскім паветах: Гарадзей, Вераскава, Морына, Гаўю, Ушу і інш. Росквіт роду прыпадае на часы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай: апошнімі выбарнымі маршалкамі шляхты Ашмянскага і Новагародскага паветаў (да 1863) былі адпаведна Антоні (1824—1885) і Уладзіслаў (1810—1896), удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў. Іх стрыечны брат Адам Юзаф Брахоцкі (1796—1858) праславіўся як рэфарматар гаспадаркі і селекцыянер; ягоныя дочкі Эмілія і Марыя распачалі прамысловую вытворчасць «літоўскага» сычужнага сыру ў Беларусі і Літве ў канцы 1850-х.
Станіслаў, ж. — Катажына Струсінская
Аляксандр (1819—1869), суддзя, ж. — 1) 1849 Казіміра (1830-18 красавіка 1852), д. Гераніма Кастравіцкага і Юліі з Швыкоўскіх; 2) 1852 Аліна Мінейка (каля 1830-?)
Аляксандр Янавіч Дынгайм-Брахоцкі (1837-?), удзельнік паўстання 1863—1864