Бенуа Поль Эміль Клапейро́н (фр.: Benoît Paul Émile Clapeyron; 26.1.1799, Парыж — 28.1.1864) — французскі фізік. Член Парыжскай АН (1858). Замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1830).
Скончыў Політэхнічную школу ў Парыжы (1818). З 1820 працаваў у Пецярбургу ў Інстытуце інжынераў шляхоў зносін, з 1830 прафесар Школы мастоў і дарог у Парыжы.
Навуковыя працы па тэорыі цеплаты, пластычнасці і раўнавазе цвёрдых цел. Надаў ідэям Н. Л. С. Карно строгую матэматычную форму, увёў у тэрмадынаміку метад індыкатарных дыяграм. Вывеў у 1834 годзе ўраўненне стану ідэальнага газу (гл. ўраўненне Клапейрона—Мендзялеева) і ўраўненне для апісання фазавых пераходаў І роду (гл. ўраўненне Клапейрона—Клаўзіуса).