wd wp Пошук:

Апчак

Апча́к[1] (трансліт.: Apčak, руск.: Апчак) — вёска ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Лугаваслабадскага сельсавета.

Напісанне і паходжанне назвы

Раней па-руску назву вёскі пісалі як Обчак, а па-беларуску - Апчак ці Абчак. Зараз прынята аднолькавая норма напісання на абедзьвух мовах як Апчак. У сярэднявечных дакументах назва пісалася праз пачатковае О (Опчак, Опчакі, Обчак).

Паводле В. А. Жучкевіча, назвы тыпу Апчак утвораны ад асноў у значэнні “агульнае”, што нагадвае рускія тэрміны “общак” і “общее”. Падобны тэрмін ён знайшоў у жывой гаворцы на Навагрудчыне. Там апчаком называлі месца пасьбы вясковай жывёлы. Такую ж версію назвы вёскі высоўваюць і самі жыхары. Быццам раней на месцы вёскі існаваў луг, на якім пасвілі свіней. Луг гэты называлі Апчак, ад яго назвы пайшло і найменне вёскі. Існуюць і іншыя версіі паходжання назвы Апчак[2].

Гісторыя

Найбольш ранняя вядомая згадка датуецца 20 чэрвеня 1639 г., калі быў складзены ліст перадачы маёнтка Каралішчавічы Менскага павета Менскага ваяводства з сёламі ад аршанскага старасты Рыгора-Юрыя Друцкага-Горскага да земяніна Марціна Шмурлоўскага. Другое пісьмовае сведчанне называе Апчак у складзе маёнтка Лошыца князёў Друцкіх-Горскіх за 1667 год. 16 красавіка 1719 г. маёнтак Лошыца з вёскай Апчак набыты графам Ежы-Антоніем Прушынскім, аршанскім гараднічым і менскім крайчым. У інвентары маёнтка Вялікая Лошыца, уласнасці Антонія Прушынскага, за 22 сакавіка 1789 г. падрабязна пералічана 30 двароў вёскі, якія засялялі 212 чал.

У 1793 г. увайшла ў склад Расійскай імперыі. Па дадзеных рэвізіі 1795 г. складалася з двух дамоў шляхты, 30 дамоў аседлых сялян, 9 сямей неаседлых. Яшчэ адна сям’я чыншавай шляхты пражывала на хутары Слоўсць. Усяго ў Апчаку і на хутары колькасць двароў склала 33, колькасць сялян і чыншавай шляхты — 265 чалавек.

У першай палове ХІХ ст. на могілках пры вёсцы Апчак дзейнічала Мікалаеўская уніяцкая царква.

23 красавіка 1822 г. вёска Апчак з навакольнымі землямі была за даўгі перададзена ад Прушынскіх графу Міхалу Тышкевічу. Паводле інвентара 1844 года маёнтак «Обчак» з фальваркам і паловай вёскі належыў ужо сыну графа — Юзафу Міхайлавічу Тышкевічу. У фальварку знаходзіўся драўляны жылы панскі дом памерам 18х9 аршын. Там жа размяшчаліся свіран (амбар), казённы магазін (насенны склад), хлеў для жывёлы, хлеў для птушкі, склад, сушня, варыўня, склеп. Большая частка будынкаў фальварка была пакрыты драўляным дорам (дранкай), толькі хлявы, сушня і склеп мелі саламянае пакрыццё. Упраўляючым маёнтка служыў Даменік Івашкевіч. У вёсцы пры дарозе стаяла карчма, складзеная з бярвенняў. Яе памеры 12х22 аршыны, накрыта была дорам.

Па 8-м народным перапісе 1834 года ў маёнтку налічвалася мужчынскіх душ — 52, жаночых — 64, а па інвентары 1844 года — мужчынскіх душ 68, жаночых — 67. Агульная колькасць працаздольных сялян: 108 душ, з іх мужчынскіх — 48, жаночых — 60. Двароў сялянскіх цяглых налічвалася 12, агароднікаў — адзін, бабылёў — тры, вольных людзей — 5 двароў.

Маёнтак «Обчак» перайшоў да сына графа Тышкевіча па «падзельнаму запісу» ад 26 студзеня 1853 г. 9 лістапада 1855 г. новы гаспадар Міхаіл Іосіфавіч Тышкевіч прадаў маёнтак удаве генерал-маёршы Іаганне Уладзіславаўне Гедройць-Юрага за 12 000 рублёў срэбрам. Пасля яе смерці ў 1876 г. спадчынніцай стала яе дачка Казіміра Казіміраўна Каменская, якой з мэтай пазбаўлення пазык давялося цалкам прадаць маёнтак калежскаму саветніку Андрэю Фёдаравічу Іскрыцкаму, рэвізору губернскага акцызнага ўпраўлення. Пры Іскрыцкім ажыццявілася поўная рэканструкцыя сядзібы, у 1884 г. у вёсцы адчынена царкоўна-прыходская школа (у 1890 г. у ёй навучаўся 21 хлопчык), з 1892 г. пачаў дзейнічаць крухмальны завод. У 1898 г. маёнтак перайшоў у валоданне Надзеі Андрэеўны Іскрыцкай, па першаму мужу Экстэн, па другому Нольдэ.

Другая частка вёскі Апчак, якая ўваходзіла з дваром Вінцэсні ў маёнтак Апчак-Горкі, належыла Вінцэнту Францавічу Фрыбесу, пляменніку Прушынскіх. У дваранскіх спісах за 1835 г. за В. Фрыбесам запісана ў Апчаку 67 душ сялян. Вядома, што 1 красавіка 1840 г. Фрыбес звяртаўся ў Мінскі прыказ для займа грошай пад залог свагой маёнтка Апчак-Горкі. 10 мая 1856 г. па купчай крэпасці ён прадаў маёнтак Апчак-Горкі з дваром Вінцэсні і часткай вёскі Апчак памешчыку Карнэлю Ігнатавічу Пялікшу. Па дадзеных 10-га народнага перапісу (1858) у вёсцы Апчак пану Пялікшы належала 52 мужчынскія душы сялян.

Карнэль Герард Пялікша — адзін з арганізатараў паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Мінскай губерні — сабраў у сваім маёнтку багаты кнігазбор, калекцыю карцін і габеленаў, адчыніў для сялян шпіталь з фельчарам, а для іх дзяцей — вучылішча. У 1858-1863 гг. перабудаваў гаспадарчы комплекс у маёнтку, які перайменаваў у Залатую Горку. У кастрычніку 1863 г. з’ехаў у эміграцыю з-за пагрозы смяротнага пакарання. Пасля яго ад’езду маёнтак быў секвестраваны ў казну і перайшоў пад дзяржаўнае кіраванне. Эканамічнае становішча маёнтка пры Пялікшы ў лепшы бок адрознівалася ад некаторых суседніх маёнткаў, у т.л. удавы Гедройць-Юрага і яе спадчыннікаў.

У снежні 1868 г. дадзены дазвол на продаж секвестраванага маёнтка Апчак-Горкі. 5 лютага 1869 г. яго без таргоў, як узнагароду за адданую службу, набыў былы віцэ-губернатар Мінскай губерні пракурор Аляксандр Васільевіч Лучынскі. Яго ўнёсак у казну за кошт маёнтка і на кампенсацыю яго даўгоў склаў 15 114 рубл. 30 кап. Аляксандр Лучынскі пакінуў па сабе сына Уладзіміра, які пасля яго смерці ў 1904 г. да самай рэвалюцыі з’яўляўся трымальнікам гэтай часткі маёнтка і вёскі.

Праваслаўнае насельніцтва вёскі адносілася да прыходу Замастоцкай Мікалаеўскай царквы (царква з такім жа тытулам на апчакоўскіх могілках лічылася прыпісной). Каталіцкае насельніцтва належыла да парафіі Каралішчавіцкага касцёла.

9 мая 1896 г., падчас святкавання дня памяці Свяціцеля Мікалая Мірлікійскага, у карчме вёскі Апчак адбылася бойка апчакоўцаў з жыхарамі Каліты, у выніку якой загінуў завадатар — Ф. Сушчынскі з Каліты. Чацвёра жыхароў Апчака былі асуджаны на двухмесячнае зняволенне.

У 1902 г. у вёсцы пабудавана ўласнае памяшканне для народнага вучылішча. У 1909 г. яно было адкрыта, настаўнікам стаў Д. Адашкевіч.

У 1909 г. «Обчак» — вёска Сенніцкай воласці Мінскага павета. Дзялілася на дзве часткі: вёска Лучынскага (32 двары, 205 жых.), вёска Экстэна (47 двароў, 262 жых.). Двор маёнтка «Обчак» налічваў 57 жых. Існаваў і двор пры млыне «Обчак», у якім пражывала 6 чалавек. Акрамя таго, землямі ва ўрочышчах Дзягцярная, Мша, Асінавы Груд плошчай 188,14 дзесяцін валодаў Сялянскі Пазямельны банк. Двума ўчасткамі ў 111,8 і 157,67 дзесяцін зямлі валодалі сумесна сяляне 1-га і 3-га «Абчакоўскіх сялянскіх таварыстваў».

Галоўным заняткам насельніцтва ў дарэвалюцыйныя часы была сельская гаспадарка. Дадатковымі крыніцамі прыбытку былі збор грыбоў і ягад, рыбная лоўля і продаж дроў. Назва суседняга з Апчаком хутара Гута на беразе ракі Слоўсць сведчыць аб тым, што тут калісьці выраблялі шкло. Для гэтага высякаліся ў вялікай колькасці лісцевыя пароды дрэў. Багатыя навакольныя пушчы былі паступова знішчаны. Дзелавая драўніна прадавалася памешчыкамі яўрэям-прадпрымальнікам на патрэбы будаўніцтва ў недалёкі Мінск і на вываз у іншыя месцы. З менш прыгоднай драўніны выраблялі дзёгаць у мясцовай смалярні і нарыхтоўвалі дровы.

У маёнтку вялася апрацоўка зерневых на муку на вадзяным млыне, з другой паловы ХІХ ст. у маёнтку з’явіліся першыя машыны — малатарні, а крыху пазней пачалася перапрацоўка бульбы на заводзе Іскрыцкага [3].

У 1917 г. у вёсцы 90 двароў, 591 жыхар, у маёнтку 62 жыхары, на млыне 1 двор, 7 жыхароў. З лютага да снежня 1918 г. вёска акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі, з ліпеня 1919 г. да ліпеня 1920 г. — войскамі Польшчы. З 1919 г. у БССР. У 1922 г. створаны калгас “Серп і молат”. З 20.08.1924 г. вёска — цэнтр Абчацкага сельсавета Смілавіцкага р-на Мінскай акругі (да 26.07.1930 г.). У 1924 г. адкрыта пачатковая школа, 100 вучняў. У 1926 г. цэнтр Абчацкага сельсавета перанесены ў вёску Лугаўская Слабада, з 08.07.1931 г. у Пухавіцкім раёне, з 26.05.1935 г. у Мінскім раёне. З 20.02.1938 г. у Мінскай вобласці[4].

Акупавана ў 1941-1944 гг. На фронце загінула, памерла ад ран і прапала бяз вестак 40 мужчын і юнакоў з вёскі, яшчэ 7 чалавек з торфарцелі “8 з’езд Саветаў”. Пры вызваленні ў ліпені 1944 г. самыя значныя страты ў раёне вёскі панеслі 1289 стралковы полк 110 стралковай дывізіі, 212 стралковы полк 49 стралковай дывізіі, 787 стралковы полк 222 стралковай дывізіі, 1311 стралковы і 979 артылерыйскі палкі 173 стралковай дывізіі, 1223 стралковы полк 369 стралковай дывізіі. У 1957 г. на іх магіле пастаўлены абеліск. Пазней у 80-я месца пахавання было рэканструявана, створана мемарыяльная зона.[5].

Пасля вайны знаходзілася ў складзе Абчацкага с/с, з 08.06.1981 - Лугаваслабадскога с/с, у складзе саўгаса Мінскага цяплічнага камбіната (цэнтр - в. Замасточча).

23 ліпеня 1981 г. з вёскай з’яднаўся пасёлак Абчак [4].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Аўчыннікава Р.І. Апчак: гісторыя адной вёскі. - Мінск, 2016. - С. 5-6.
  3. Аўчыннікава Р.І. Апчак: Гісторыя адной вёскі. - Мінск, 2016. - С.7-74.
  4. 1 2 Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. - Мінск, 2012. - Том 8. - Кн. 3. С.352.
  5. Аўчыннікава Р.І. Апчак: Гісторыя адной вёскі. - Мінск, 2016. - С.117-118, 125-131.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Населеныя пункты паводле алфавіта
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Населеныя пункты Мінскага раёна
Лугаваслабадскі сельсавет
Вікіпедыя:Артыкулы з разыходжаннем каардынат з Вікідадзенымі