У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Антыёх.
Антыёх VIII Епіфан Філаметар Калінік (Грып) (пам. 96 да н.э.) — цар Сірыі (c 125 да н.э.) з дынастыі Селеўкідаў[5]. Сын Дэметрыя II Нікатара і Клеапатры Тэі, брат Селеўка V Філаметара, стрыечны (і адначасова зводны[6]) брат Антыёха IX Кізікскага. Мянушка «Грып» азначае «гарбаносы», таксама меў мянушку «Філаметар» («які любіць маці»).
Антыёх (або яго стрыечны брат Антыёх IX Кізікскі), магчыма, быў каранаваны сваёй маці Клеапатрай Тэяй пасля смерці Антыёха VII Сідэта пад імем Антыёх Эпіфан, і нядоўга кіраваў краінай да вяртання Дэметрыя II на прастол у 129 годзе да н.э. Антыёх Эпіфан (пра яго існаванне вядома са знойдзеных манет) быў зрынуты з прастола (але не забіты), калі Дэметрый II у другі раз заняў прастол.
Антыёх быў каранаваны ў падлеткавым узросце пасля забойства Клеапатрай Тэяй яго старэйшага брата Селеўка V, які кіраваў разам з ёй. Пасля перамогі ў 123 годзе да н.э. над узурпатарам Аляксандрам II Забінам Клеапатра Тэя ў 121 годзе да н.э. спрабавала забіць Антыёха, паднесла яму атручанае віно, але ў Антыёха ўзніклі падазрэнні і ён сілком прымусіў выпіць саму Клеапатру Тэю, пасля чаго яна памерла. Гэта гісторыя магла быць інспіравана тым фактам, што Антыёх цікавіўся таксікалогіяй. Некаторыя з сачыненняў пра атрутную траву, аўтарам якіх лічыцца асабіста Антыёх, цытаваліся вядомым рымскім урачом Галенам Клаўдзіем.
З гэтага часу ў краіне наступіла некалькі гадоў спакою. Дзяржава Селеўкідаў ужо не была той магутнай дзяржавай, якой яна была раней, і займала невялікую тэрыторыю, абмежаваную з поўначы гарамі Таўры, з усходу — ракой Еўфрат, а на поўдні — Палесцінай, дзе ў 142 годзе да н.э. хасманеі дамагліся незалежнасці ад Селеўкідаў. Ніхто не збіраўся вяртаць былыя тэрыторыі, краіна была знясілена пастаяннымі войнамі і рабаваннямі. Антыёх вядомы сваімі раскошнымі банкетамі, якія прыводзілі да дадатковых расходаў для небагатай казны.
У 124 годзе да н.э. Антыёх ажаніўся з прынцэсай Трыфаенай з роду Пталамеяў (гл. таксама Клеапатра VI).
У 116 годзе да н.э. яго стрыечны брат Антыёх IX Кізікскі вярнуўся са ссылкі і пачаў грамадзянскую вайну за трон. Жонка Антыёха IX Клеапатра была сястрой Трыфаены. Калі Антыёх разбіў брата і захапіў Клеапатру ў палон, то па загадзе Трыфаены яна ў 112 годзе да н.э. была забіта ў храме Дафны каля Антыёхіі. Калі Антыёх IX атрымаў перамогу і захапіў Трыфаену, то ён забіў яе з помсты каля 111 гады да н.э. Пасля абодва браты падзялілі Сірыю паміж сабой і кіравалі асобна: Антыёх IX у Келесірыі і Фінікіі, а яго брат кіраваў астатняй тэрыторыяй. У 105 годзе да н.э. пачалася новая звада паміж імі, якая доўжылася да 96 года да н.э. У гэты год Антыёх быў забіты сваім саветнікам Гераклеонам.
Пяцёра сыноў Антыёха (Селеўк VI Эпіфан, Антыёх XI Філадэльф, Філіп I Філадэльф, Дэметрый III Эўкер і Антыёх XII Дыяніс) пазней станалі царамі дзяржавы Селеўкідаў і ўдзельнічалі ў грамадзянскай вайне, што стала адной з прычын згасання дынастыі. Дачка Антыёха Лаадыка VII Тэя выйшла замуж за цара Камагены Мітрыдата I Калініка пры заключэнні міру паміж Камагенай і Селеўкідамі. Іх сын стаў царом Камагены пад імем Антыёха I Тэаса.
George Rawlinson M.A. History of the Syrian Kingdom of the Seleucidae
Антыёх VIII Грып(англ.) . — у Smith’s Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology.