«Андалузскі сабака» (фр.: Un chien andalou) — 16-хвілінны сюррэалістычны нямы фільм іспанскага рэжысёра Луіса Буньюэля і іспанскага мастака Сальвадора Далі. Першапачаткова быў выпушчаны да абмежаванага паказу ў Парыжы ў 1929 годзе, але, зрабіўшыся папулярным, заставаўся ў пракаце восем месяцаў. З’яўляецца адным з найбольш вядомых сюррэалістычных фільмаў «авангарду» 1920-х.[2]
У фільме адсутнічае сюжэт. Храналогія фільма разрозненая: пераход ад першай сцэны фр. Il etait une fois (бел. «Калісьці») да другой сцэны «Праз восем год» адбываецца без змены абстаноўкі і персанажаў. Па сутнасці, кінематаграфічнае апавяданне Буньюэля падпарадкоўваецца законам «логікі» сноў, у якіх глядзельныя выявы мяняюцца, не падпарадкоўваючыся рацыянальнай логіцы і храналагічнай паслядоўнасці, таму кінакрытыкі, што аналізуюць фільм, часта карыстаюцца тэрмінамі папулярнай у тыя гады тэорыі сноў Фрэйда.[3]
Фактычна абвяргаючы розныя інтэрпрэтацыі фільма, Буньюэль у сваіх успамінах адзначаў, што адзіным правілам, якім яны з Далі карысталіся пры напісанні сцэнарыя, была забарона на «любыя ідэі або вобразы, якія маглі б мець рацыянальнае тлумачэнне».[4] Акрамя таго, ён сцвярджаў, што «ў фільме няма нічога, каб нешта сімвалізавала. Адзіным метадам даследавання сімвалаў, магчыма, з’яўляецца псіхааналіз».[5]