Амбро́зія палыналістая[3] (Ambrosia artemisiifolia) — від кветкавых раслін роду Амброзія (Ambrosia) сямейства Астравыя (Asteraceae).
Аднагадовая травяністая апушаная расліна са сцяблом вышынёй 20—200[3] (20—150[4]) см і моцным разгалінаваным коранем, пранікаючым на глыбіню да 4[4] м.
Сцябло разгалінаванае ў верхняй частцы. Верхняе лісце чаргаванае, перыстараздзельная і амаль сядзячая, ніжняе — супраціўнае, на кароткіх чаранках. Верхні бок лісця цёмна-зялёнага колеру, ніжні — шараваты. Пераважна аднадомная расліна[4]. Мужчынскія (тычынкавыя) кветкі дробныя, жоўтыя, па 5—25 кветак у кошыках, сабраных у коласападобныя суквецці па канцах парасткаў. Жаночыя кветкі знаходзяцца па 2—3 у пазухах лісця. Плод — сухая сямянка.
Амброзія палыналістая паходзіць з Паўночнай Амерыкі. Паўсюдна расце на тэрыторыі Канады, усходніх і паўднёва-ўсходніх штатаў ЗША[4]. У 1863 годзе завезена ў Германію, потым у Францыю, распаўсюдзілася ў даліне ракі Рона, на тэрыторыі Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Расіі, на Балканскім паўвостраве[4]. У цяперашні час сустракаецца ў Еўропе, Малдове, Міжземнамор’еі, на Каўказе, на тэрыторыі Украіны, Расіі, Казахстана, у Сярэдняй і Малой Азіі, Іране, Кітаі, Японіі, Афрыцы, Аўстраліі, Паўднёвай Амерыцы[4].
Каранцінны від на тэрыторыі Беларусі[5].
Расліна высушвае глебу, пагаршае яе ўрадлівасць, прыгнятае культурныя расліны на пасевах[4]. На лугах і пашах выцясняе злакавыя і бабовыя расліны, зніжае кармавую якасць сена (з прычыны ўтрымання ў лісцях горкіх эфірных алеяў жывёла іх не паядае)[4]. Пылок амброзіі палыналістай з’яўляецца алергенам[4].