wd wp Пошук:

Алесь Мікалаевіч Белакоз

Алесь Мікалаевіч Белакоз (11 верасня 1928, в. Ляткі Ваўкавыскі павет, цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобл. — 1 снежня 2016) — беларускі грамадскі дзеяч, музеязнаўца, настаўнік, краязнаўца.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х гг. едзіў на заробкі ў Бразілію, а па звароце пабудаваў на заробленыя грошы хату ў вёсцы Ляткі і адкрыў прыватную краму. Амаль усё жыццё Алесь Белакоз пражыў у сваёй вёсцы, якая з цягам часу злілася з буйнейшымі Гудзевічамі. Да нямецка-фашысцкай акупацыі паспеў скончыць 5 класаў гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Калі ішла вайна, за настаўніцу яму была родная сястра Вера. У 1943 г. іх хату спалілі невядомыя, якія, па ўспамінах Белакоза, хлусліва выдавалі сябе за партызан. Бацьку забіла выбухам гранаты. Юны Алесь узяў гаспадарку на свае плечы.

Па вызваленні Беларусі ў кастрычніку 1944 г. уладкоўваецца ў восьмы клас ваўкавыскай школы, якую скончыў у 1947 г. Праз гады скардзіўся на тое, што ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Свіслацкім раёне тады не было ніводнай беларускамоўнай школы, якая б мела васьмігодку. Пасля няўдалай спробы паступіць у Мінскі медыцынскі інстытут адмаўляецца ад кар’еры лекара ды ідзе працаваць настаўнікам другіх і чацвёртых класаў у Гудзевіцкай школе, дзе раней вучыўся сам. З 1949 г. распачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гродзенскага педагагічнага інстытута. Трохі раней (1948 г.) пачаў дысідэнцкую дзейнасць. Раскідваў з цягніка лістоўкі, што заклікалі змагацца за незалежную Беларусь, распаўсюджвай іх у Гродне. Ён і яго сябры цудам уніклі арышту, але ў выніку было затрымана шмат невінаватых людзей, і Белакоз пакінуў гэтую справу.

У час вучобы працаваў у розных школах: 1953-1954 — настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-1955 — выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 — выкладчык беларускай, нямецкай моў у Радзявіцкай семігодцы. Пасля інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Яго захапляла праца з вучнямі і прага вывучэння беларускай гісторыі, мовы, культуры. У 1965 ён наладжвае перапіску вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, арганізоўвае школьны кабінет беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і даследніцкай дзейнасцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах.

У 1966 Б. разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху «Праменьчык». Выданне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў тыражом па 4 экзэмпляры.

За актыўную дзейнасць па збіранні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджанні беларускай мовы неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КДБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Белакоза яшчэ ў 1969: «Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский». Аднак, нягледзячы на перашкоды, музей існаваў далей, нават пашыраўся.

З 1990 года Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спецыяльную методыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і праз гэта да каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры.

Памёр 1 снежня 2016 года. Пахаваны ў вёсцы Гудзевічы на мясцовых могілках, побач з сястрой Верай[1].

Зноскі

  1. Алесь Белакоз: Як жыць, дык жыць для Беларусі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Беластоцкім ваяводстве (1919—1939)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў Мастоўскім раёне
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1928 годзе
Катэгорыя·Педагогі Беларусі
Катэгорыя·Краязнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 11 лістапада
Катэгорыя·Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Постаці беларускага музеязнаўства
Катэгорыя·Памерлі ў 2016 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 1 снежня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мастоўскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 11 верасня