У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хаменка.
Алег Хаменка (нар. 4 красавіка 1967, Мінск) — беларускі музыкант, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну — новага кірунку ў сучаснай музыцы, лідар папулярнага гурта «Палац».[1]
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці кіраўнік эстрадна-духавога аркестра (1990). У 1990—1992 працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.
У 1992 годзе стварыў гурт «Палац», а ў 1998, пасля сходу з «Палаца» Юрыя Выдронка, стаў мастацкім кіраўніком калектыву, праца з гуртам працягваецца і па гэты дзень. Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча» (Польшча), «Рок-каранацыя» (Беларусь), «Славянскі базар» (Беларусь), фальклорных фестывалях Еўропы: «EBU Contemporary Folk Music Festival» (Германія, 1994), «Suklegos» (Літва, 1987), і краін СНД: «Голас Азіі» (Казахстан, 1995), «Казачы круг» (Расія, 1999), «Країна Мрій» (Украіна 2010)[2].
У 2003—2004 гадах аўтар і вядучы праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад». Таксама доўгі час быў радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў»[2].
У 2008 скончыў аспірантуру БДУКіМ па спецыяльнасці культуралогія. Старэйшы выкладчык кафедры «Рэжысура эстрады» БДУКіМ.
У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Тамарай Лісіцкай і Людмілай Рыжковай запісалі, і выпусцілі, для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».
З 2009 года пастаянна вядучы фестывалю «Камяніца».
У 2009 годзе стварыў фестываль «Bela music», які праходзіў на аэрадроме «Баравая».
Вядучы радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў» на «Радыё Рацыя» і аўтарскай праграмы «Фолк брама».
Быў вядучым праграмы «Брама Iснасцi» на радыёстанцыі «Аўтарадыё» аж да яе закрыцця 12 студзеня 2011 года па палітычных матывах[3].
Часта выступае сольна, без гурта «Палац»[4].
У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба». На Новы 2019 год сыграў у музычным шоў Тузін Гітоў, «Belsat Music Live» ды Лявона Вольскага «Нас у Маскве не зразумеюць».[5][6]
Няма спасылак на крыніцы. Адсутнасць спасылак на крыніцы выклікае недавер да інфармацыі. Калі ласка, калі ведаеце крыніцы змешчанай у артыкуле інфармацыі, пазначце іх. |