wd wp Пошук:

Авары

Ава́ры (грэч.: Άβαροι, Ουαρχωννιται; лац.: Avares; рус.: О́бры) † — саюз качавых народаў, верагодна, цюркамоўны, роднасны гунам.

Цалкам або часткова авары атаясамліваюць з жужанямі (кітайскія жуань-жуані), якія перасяліліся з Цэнтральнай Азіі на захад і ўключылі ў свой саюз плямёны Заходняй Сібіры, Прыўралля і Паволжа, дзе ў сярэдзіне V ст. ўтварылі дзяржаву. У 550562 гг. яны вышлі на Паўночны Каўказ. У гэты час авараў налічалася ўсяго каля 50 тыс. чалавек, у іх ліку 10 тыс. воінаў. Характэрнай рысай аблічча аварскіх воінаў былі доўгія валасы, заплеценыя ў косы. У 552555 гг., у час стварэння Цюркскага каганата, яе разграмілі цюркі-паўстанцы на чале з родам Ашына. Частка авараў пазбегла знішчэння і пайшла на захад, далучаючы да сабе іншыя плямёны. Верагодна, гэтае аб’яднанне ў 558 г. уварвалася ў Паўночнае Прычарнамор’е і пакарыла некаторыя мясцовыя, у асноўным качэўніцкія, групоўкі. Паводле сцвярджэння пасольства цюркаў у Канстанцінопалі, еўрапейскія авары — разнароднае аб’яднанне, якое толькі ўзяло сабе грознае імя азіяцкага народа.

Каля 560 г. па згодзе з Візантыяй разграмілі протабалгарскае аб’яднанне утыгураў, якое панавала ў Паўночным Прычарнамор’і, а ў 562 і 566 гг. ваявалі з франкамі. Да 565 г. авары вышлі да меж Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Аварскі хан накіраваў да імператара пасольства з трохсот сваіх супляменнікаў, запатрабаваўшы выплаты штогадовай даніны, але Юсцін II, які незадоўга да гэтага ўзышоў на візантыйскі сталец, на афіцыйнай сустрэчы з пасламі (21.11.565) рашуча адмовіў аварам.

У саюзе з лангабардамі разграмілі і захапілі каралеўства гепідаў на прытоку Дуная р. Цісе і, паводле дагавору, занялі землі лангабардаў, якія пайшлі ў Італію, на правабярэжжа Сярэдняга Дуная (567568). Так у 567 г. пад кіраўніцтвам хана Баяна ўтварылася дзяржава Аварскі каганат, захаваўшая за сабой землі да Усходняга Прыазоўя. Авары здзяйснялі набегі на славян, грузін, а таксама на правінцыі Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Аварскі каганат трымаўся на ваенным падначаленні розных плямёнаў і подкупе племянной знаці. У 626 годзе авары ўмяшаліся ў зацяжную персідска-візантыйскую вайну (602628) і разам з падуладнымі славянамі аблажылі Канстанцінопаль, але пацярпелі паражэнне.

Адчувальнымі для авараў былі паражэнні ад балгараў, якія ўтварылі ў 680 уласнае ханства, франкаў і саюза славянскіх плямёнаў, створанага ў 623 франкскім купцом Само — т.зв. «дзяржавы Само». Да канца VII ст. авары былі выцесненыя з Паўночнага Прычарнамор’я; аслабеў іхні ўплыў у Падунаўі. Канчатковае паражэнне Аварскі каганат пацярпеў у канцы VIII ст., калі войскі франкаў пад кіраўніцтвам Карла Вялікага разграмілі найбольш значныя аварскія крэпасці, у т.л. і сталіцу каганата — Рынг (назва ўмоўная, паселішча ў адным з рынгаў (хрынгаў) паблізу цяперашняй Цімішаары ў Румыніі). Пасля падзення Аварскага каганата авары сталі даннікамі славянскіх мараўскіх плямёнаў. У пачатку X ст. землі, на якіх жылі авары, былі заваяваныя венграмі, і імя авараў знікла з гісторыі.

Аварскія археалагічныя помнікі

Археалагічныя помнікі, пакінутыя аварамі і падпарадкаванымі імі народамі ў Сярэднім Падунаўі, прадстаўлены ў асноўнымі грунтавымі могільнікамі. Раскапана больш за 50 тыс. пахаванняў, у асноўным па абраду трупапалажэння (трупаспаленні на заходняй і паўночнай перыферыі нешматлікія і звязаны з некаторымі групамі славян), вядомы пахаванні з канём ці чучалам каня з іншымі рознакультурнымі і лакальнымі асаблівасцямі. Некаторыя пасяленні авараў узніклі на месцы больш ранніх (у т.л. антычных). Вывучаліся селішчы з паўзямлянкамі, шматлікімі гаспадарчымі ямамі і іншымі пабудовамі, у т.л. з адрэзкамі равоў (адна з інтэпрэтацый — загоны для жывёлы); вядомы металургічныя печы, калодзежы. Вылучаюць 3 перыяды з дзяленнем на фазы (суіснуюць некалькі храналагічных схем, якія адрозніваюцца дэталямі). Помнікаў раннеаварскага перыяду (каля 568620/640 гг.) вядома параўнальна вядома параўнальна нямнога, яны гетэрагенныя ў культурных адносінах: адметнасцю з’яўляюцца своеасаблівыя паясы з радам падвешаных рамяшкоў і гладкімі наканечнікамі, паказальны шэраг рэчаў візантыйскага і германскага кола. Вылучаюць асобую «культуру Кестхей» (асноўны цэнф на заходнім узбярэжжы воз. Балатан) з характэрнымі жаночымі ўпрыгажэннямі, што маюць аналагі ў Адрыятыцы; у розных формах праіснавала да познааварскага часу. Помнікаў сярэднеаварскага перыяду (каля 620/640 — 690/710 гг.) больш; з іх раннія (у т.л. «княжацкія» тыпу Боча, Кунбабонь, багатыя пахаванні рамеснікаў тыпу Фелнак, Кунсенмартон і інш.) шэраг даследчыкаў адносіць да позняй фазы раннеаварскага перыяду, працягваючы яго да 650/670-х гг. У гэты час афармляюцца і некаторыя спецыфічныя для авараў стылі рэчаў; у позніх комплексах з’яўляюцца шаблі, страмёны з прамой падножкай і іншыя новаўвядзенні ў асноўным у воінскай культуры (менавіта іх шэраг венгерскіх даследчыкаў пачынаючы з І. Боны адносяць да сярэднеаварскага перыяду, але гіпотэза аб сувязі гэтых помнікаў з міграцыяй балгар Кувера цяпер практычна не мае прыхільнікаў). Помнікі познааварскага перыяду (у асноўным VIII ст.; падзяляюць на 3—4 фазы) найбольш шматлікія, але і найбольш уніфікаваныя (хаця лакальныя групы вылучаюць і сярод іх); асабліва паказальныя літыя раменныя гарнітуры ў стылі «грыфа» і «расліннага парастка». Гіпотэза Д. Ласла, які звязваў гэтыя і іншыя інавацыі са з’яўленнем пасля заваявання Арпадаў новага (уграмоўнага) насельніцтва, што вызначыла мову венграў падунайскіх зямель, у сучасных даследаваннях не падтрымліваецца. Захаваліся нямногія руны авараў. Найбольш познія помнікі — самыя скупыя; вылучэнне аварскіх старажытнасцей IX ст. лічыцца спрэчным.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Зніклыя народы Еўропы
Катэгорыя·Старажытныя народы
Катэгорыя·Зніклыя народы Азіі