wd wp Пошук:

Аварскі каганат

Аварскі каганат — дзяржава племяннога саюза авараў. Узнікла ў 60-х гг. VI ст. у Паноніі, на Дунаі, пад уладай хана Баяна. Каганат ажыццяўляў актыўную ваенную экспансію ў суседнія землі. Існаваў за кошт рабавання падуладных народаў і кантролю над гандлёвымі шляхамі.

З канца VI ст. вёў спусташальныя напады на Візантыю. У 582 г. каганат захапіў стратэгічны г. Сірмій. У пачатку VII ст. на некаторы час устанавіў кантроль над часткай Далмацыі. Выкуп, які ён атрымліваў ад Візантыі, дасягаў 120 тыс. солідаў у год. Істотную ролю ў гэтых поспехах адыграла эфектыўнасць ваеннай арганізацыі і рыштынку авараў, мабілізацыя імі сіл падпарадкаваных груповак. У 626 г. авары паспрабавалі захапіць Канстанцінопаль, але былі ўшчэнт пабітыя, чым быў пакладзены канец аварскай экспансіі. Паражэнне стала сігналам для паўстання заваяваных народаў. Знешнепалітычныя няўдачы, унутраныя спрэчкі 630-х гадоў, паўстанні славян (у т.л. на чале з Само ў 623 г.) сталі прычынай крызісу і перабудовы структуры каганата, што завяршылася ў канцы VII ст. У 30-х гг. VII ст. ад аварскага панавання вызваліліся славяне. Войны франкаў Карла Вялікага (першы паход у 791 г.), балгарскага хана Крума, славянскіх аб’яднанняў у канцы VIII — пачатку IX стст. прывялі да разгрому каганата. Апошняе ўпамінанне аб аварскіх паслах адносіцца да 822 г. У Вердэнскім дагаворы 843 г. згадваецца «каралеўства авараў», якое належала наследнікам Карла.

Паўднёва-ўсходнія землі каганата ўвайшлі ў склад Балгарскага царства, на некаторых тэрыторыях узніклі славянскія палітычныя аб’яднанні, з якіх частка пазней увайшла ў Вялікую Маравію. З канца X ст. практычна ўсе землі, што некалі ўваходзілі ў каганат авараў, падпарадкавалі венгры і ўтварылі тут сваё Каралеўства Венгрыя. Памяць пра авараў («обраў») як мучыцеляў і волатаў, пакараных багамі за гордасць і бясследна загінуўшых, доўгі час захоўвалася ў славянскіх паданнях. Сведчаннем цесных кантактаў авараў са славянамі з’яўляюцца знаходкі асобных рэчаў аварскага кола на гарадзішчах Верхняга Падняпроўя ў Беларусі (Вежкі, Нікадзімава) і інш.

Аварскія каганы

Літаратура

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·З’явіліся ў 562 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Румыніі
Катэгорыя·Гісторыя Сербіі
Катэгорыя·Гісторыя Харватыі
Катэгорыя·Гісторыя Славакіі
Катэгорыя·Зніклі ў 823 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Аўстрыі
Катэгорыя·Гісторыя Венгрыі
Катэгорыя·Аварскі каганат
Катэгорыя·Гісторыя Чэхіі
Катэгорыя·Гісторыя Украіны