wd wp Пошук:

Škoda Auto

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Шкода.

«Шкода» (чэшск.: Škoda) — назва кампаніі (Škoda Auto) і марка аўтамабіляў, якія выпускаюцца ў Чэхіі (раней у Чэхаславакіі). Штаб-кватэра — у горадзе Млада-Болеслаў.

Гісторыя

Гісторыя вытворчасці аўтамабіляў, якія носяць у цяперашні час марку «Шкода», пачалася з канца 1895 года ў чэшскім горадзе Млада-Болеслаў. Кнігагандляр Вацлаў Лаўрын і механік Вацлаў Клемент, абодва аматары-веласіпедысты, пачалі выпускаць веласіпеды ўласнай канструкцыі, назваўшы іх патрыятычна — Славія.

Іх справы ішлі шчасна. Да 1899 г. фірма Laurin & Klement Co. пачала вытворчасць матацыклаў. Гоншчыкі атрымалі першыя перамогі ў міжнародных спаборніцтвах.

На мяжы стагоддзяў кампанія ўзяла курс на вытворчасць аўтамабіляў.

Першы аўтамабіль, Voiturette A, выпушчаны ў 1905, меў камерцыйны поспех і стаў знакавым у гісторыі чэшскага аўтамабілебудавання. Дзякуючы сваім ноў-хаў і досведу, кампанія вельмі хутка заняла трывалае становішча на сусветных рынках. Laurin & Klement спрыяла сцвярджэнню пазіцый Багемскага каралеўства як найбольш прамыслова развітога рэгіёна Аўстра-Венгерскай манархіі.

У 1907 г. заснавальнікі пераўтварылі некалі сямейнае прадпрыемства L & K у акцыянернае таварыства. Прагрэс прывёў да стварэння новай мадэлі — Faeton. Пасля 1914 г. кампанія прымала ўдзел у вытворчасці ваеннай прадукцыі.

Для ўмацавання і захавання сваіх пазіцый, а таксама мадэрнізацыі вытворчасці, L & K шукалі моцнага партнёра.

27 чэрвеня 1925 года L & K увайшла ў склад найбуйнейшага прамысловага прадпрыемства рэгіёна, «Шкода-Пльзень» (Škoda Plzeň), уладальнікам якой з’яўляўся Эміль Шкода. На гэтым скончылася гісторыя маркі Laurin & Klement і з’явілася новая кампанія - Škoda.

Гады Другой Сусветнай вайны

У гады Другой Сусветнай вайны Skoda стала часткай эканамічнай сістэмы Трэцяга Рэйха і практычна цалкам пераключылася на выпуск ваеннай прадукцыі. Заводы выпускалі газагенератарныя грузавікі, гусенічныя цягачы, а на базе распрацаванай у 1936 г. вытанчанай мадэлі Skoda Superb выпускаліся ваенныя пазадарожнікі. Завод выпускаў узбраенне для фашысцкіх войскаў і таму ў 1945 да 70 % завадскіх магутнасцей былі знішчаны англа-амерыканскімі бамбаваннямі.

Сацыялістычны перыяд

Пасля Другой сусветнай вайны прадпрыемства было нацыяналізавана, аддзелена ад машынабудаўнічай вытворчасці Škoda ў Пльзені і пашырана за кошт далучэння фабрык у Квасінах і Врхлабі. Першая пасляваенная мадэль 1101 Tudor сышла з канвеера завода ў Млада Болеславе ў маі 1946 года[5].

Пасля аксамітнай рэвалюцыі

Пасля «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года стала ясна, што заводу будзе нялёгка на адкрытым рынку. Гадавая магутнасць складала каля 200 000 аўтамабіляў, пры гэтым акрамя машын састарэлай канструкцыі з рухавіком у задняй частцы, адзінымі сучаснымі мадэлямі былі хэтчбек Favorit і ўніверсал Forman. Škoda быў патрэбен моцны партнёр. Першапачаткова ў якасці патэнцыйных партнёраў чэшскі ўрад разглядаў спіс з 24 вытворцаў аўтамабіляў, летам 1990 года гэтая колькасць скарацілася да васьмі. Толькі чатыры з іх падалі заяўкі, і ў выніку толькі дзве кампаніі ўвайшлі ў канчатковы спіс у жніўні 1990 года: альянс Renault-Volvo і Volkswagen Group. 9 і 10 снежня адбыліся паседжанні ўрада, на аснове якіх 21 снежня 1990 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з канцэрнам Volkswagen.

28 сакавіка 1991 года міністр прамысловасці чэшскага ўрада Ян Врба[cs] і старшыня савета дырэктараў Volkswagen AG Карл Хорст Хан[de] заключылі асноўнае пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства Škoda Auto. Пасля выканання адпаведных пунктаў пагаднення 16 красавіка Volkswagen набыў 31% акцый за 620 мільёнаў марак. У наступныя гады група павялічыла сваю долю да 100%[6].

У складзе канцэрна Фальксваген

Дзякуючы ўзаемадзеянню з заходнімі партнёрамі і новаму эканамічнаму мысленню Skoda правяла мерапрыемствы па мадэрнізацыі тэхнічна-вытворчай базы. У выніку гэтага з’явілася канкурэнтаздольная мадэль — Felicia. За ёй рушылі ўслед і больш паспяховыя мадэлі — Octavia, Fabia і Superb.

Сучаснасць

Вытворчасць

Škoda Auto мае вытворчыя прадпрыемствы ў Чэхіі (Млада Болеслаў, Квасіны, Врхлабі), Славакіі, Украіне, Кітаі, Індыі і Расіі.

У Чэхіі

Млада Болеслаў

У Млада Болеславе знаходзіцца галаўны завод маркі. Вытворчасць аўтамабіляў тут стартавала ў 1905 годзе разам з пачаткам дзейнасці кампаніі Laurin & Klement. Цяпер у тых гістарычных завадскіх залах размяшчаецца музей маркі Škoda. Цяперашняя вытворчая пляцоўка знаходзіцца побач. На заводзе вырабляюць аўтамабілі шасці мадэляў: Fabia, Scala, Octavia, Kamiq, Karoq і Enyaq. Апроч аўтамабіляў, тут таксама вырабляюцца рухавікі, механічныя каробкі перадач MQ 200 і MQ 100, восі і акумулятары для гібрыдных мадэляў.

У сакавіку 2021 года з канвеера ў Млада Болеславе сышоў 15 мільённы аўтамабіль[7].

Врхлабі

Вытворчасць у Врхлабі пачалася ў 1864 годзе, калі Тэадор Петэра разам з сынамі заснаваў фабрыку па выпуску конскіх сёдлаў, экіпажаў і саней. З 1908 года пачалася вытворчасць аўтамабільных кузаваў. У 1946 годзе прадпрыемства было нацыяналізавана і ўключана ў склад Škoda.

На заводзе выпускаліся мадэлі:

У 2012 годзе вытворчасць аўтамабіляў тут была завершана, а фабрыка перайшла на вытворчасць трансмісій[8].

Завод выпускае каля 2300 каробак перадач у дзень. Прыкладна дзве пятыя ад вырабленых трансмісій усталёўваюцца на мадэлях маркі Škoda, астатняя частка ідзе на іншыя аўтамабілі канцэрна Volkswagen Group.

У 2021 годзе завяршыўся пераход на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і фабрыка стала вугляродна-нейтральнай, першай з усіх заводаў Škoda. Каля 90 працэнтаў электраэнергіі атрымана з узнаўляльных крыніц. Завод скараціў выкіды вуглякіслага газу з ранейшых 45000 тон у год да 3000 тон. Астатнія выкіды завод пакрывае за кошт кампенсацыйных мер. Акрамя пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і эканоміі, таксама скарацілі да нуля колькасць адкідаў, што вывозяцца на звалку. З пачатку 2019 года ўсе адкіды выкарыстоўваюцца паўторна для вытворчасці іншых матэрыялаў або энергіі[9].

У Кітаі

Škoda выпускае аўтамабілі ў Кітаі з 2007 года. Вытворчасць ажыццяўляецца на чатырох заводах сумеснага прадпрыемства SAIC-Volkswagen (Kodiaq і Kodiaq GT выпускаюцца ў Чаншы, Octavia і Karoq у Нінбо, Rapid і Rapid Spaceback у Ічжэне, Superb, Kamiq і Kamiq GT у Нанкіне).

У ліпені 2020 года ў Кітаі быў выраблены трохмільённы аўтамабіль Škoda[10].

У Індыі

У 1999 годзе першае пакаленне Octavia пачалі пастаўляць у Індыю ў выглядзе камплектаў SKD0. Увозіліся практычна цэлыя аўтамабілі ў зборы, на іх на месцы мантаваліся толькі колы і фары. Пасля Індыя змяніла мытныя правілы, што вымусіла Škoda пашыраць зборку з паступовым павелічэннем долі лакальных кампанентаў, а пасля быў пабудаваны новы завод у горадзе Аурангабад. Акрамя таго, у Пуне створаны цэнтр распрацоўкі і мясцовая студыя дызайну[11].

У Расіі

Вытворчасць у Расіі пачалася ў кастрычніку 2009 года на заводзе групы Volkswagen у Калузе. Першай мадэллю стала «Актавія» другога пакалення. У 2012 годзе кантрактную зборку наладзілі на Горкаўскім аўтазаводзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 2012 годзе была выраблена 100-тысячная Шкода, у 2018 годзе 500-тысячная, у красавіку 2021 года 750-тысячная Шкода расійскай вытворчасці[12].

Станам на 2021 год у Расіі вырабляюць чатыры мадэлі: у Калузе выпускаецца Rapid, а ў Ніжнім Ноўгарадзе красоверы Karoq і Kodiaq і ліфтбек Octavia чацвёртага пакалення.

Спонсарства і дабрачыннасць

Чэшскі аўтавытворца мае доўгую гісторыю падтрымкі турніраў па хакеі з шайбай. Škoda з 1993 года бесперапынна з’яўляецца генеральным спонсарам чэмпіянату свету[13].

У Беларусі

Станам на канец 2019 года ў Беларусі зарэгістравана 48 775 аўтамабіляў Шкода[14].

З 11 сакавіка 2021 года продаж новых аўтамабіляў «Шкода Рапід» у Беларусі быў прыпынены наказам Дзяржстандарту аб неабходнасці ўдакладнення фармулёвак у Адабрэнні тыпа транспартнага сродку (АТТС)[15]. Камітэт заявіў, што падчас правядзення праверкі ў дачыненні да ТАА «ФелОкт-Cэрвіс» (дыстрыб’ютар маркі Škoda ў Беларусі), выяўлены неадпаведнасці машын звесткам у дакуменце. У прыватнасці, у ім згадвалася, што гэтая мадэль выпрабоўвалася з сістэмай дапаможнага тармажэння (BAS), але на рынку аўтамабіль рэалізуецца без яе. Усталяваныя на машынах фары дзённага святла нібыта не такія, якія былі ўнесеныя ў АТТС. Заяўлялася таксама аб разыходжаннях у звестках аб колькасці дзвярэй, экалагічным класе ды іншых паказчыках[16].

23 красавіка 2021 года пастановай Савета Міністраў прадукцыя маркі Шкода была ўнесеная ў пералік тавараў, якія забаронены да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго з 5 мая продажы аўтамабіляў былі спыненыя на паўгода[17]. Забарона тройчы працягвалася яшчэ на паўгода (2 лістапада 2021, 4 мая 2022, 3 лістапада 2022) і на бягучы момант дзейнічае да 5 мая 2023 года[18][19][20].

Зноскі

  1. 1 2 annual report
  2. 1 2 3 ČTK «Škodě Auto loni klesl zisk o 68 procent» // «E15.cz», 22.03.2010.(недаступная спасылка) (чэшск.)
  3. ČTK «Provozní zisk Škody Auto klesl o dvě třetiny» // «E15», 12.03.2010. Архівавана 4 сакавіка 2016. (чэшск.)
  4. ŠKODA Výroční zpráva 2016, ŠKODA Annual Report 2016 — 2017. — 116 с.
  5. Первая после войны. Как Skoda Tudor поднимала чешский автопром с колен(руск.) . abw.by (30 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  6. Škoda letos slaví významné jubileum, 30 let od vstupu do koncernu Volkswagen(чэшск.) . auto.cz (23 сакавіка 2021). Праверана 23 сакавіка 2021.
  7. Škoda v Mladé Boleslavi vyrobila už 15 milionů aut. Tím jubilejním je Enyaq(чэшск.) . auto.cz (7 сакавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  8. Jak ve Vrchlabí vyrábějí převodovky: Roboty tady lidi nikdy nenahradí(чэшск.) . auto.cz (28 кастрычніка 2019). Праверана 15 красавіка 2021.
  9. Závod Škody Auto Vrchlabí přešel na obnovitelné zdroje, je uhlíkově neutrální(чэшск.) . auto.cz (7 кастрычніка 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  10. Škoda slaví tři miliony vyrobených aut v Číně. Může za to Octavia a bohatá paleta SUV(чэшск.) . auto.cz (23 ліпеня 2020). Праверана 15 красавіка 2021.
  11. Podívejte se, jak Škodovka kdysi začínala v Indii. Bylo to s jedničkovou Octavií(чэшск.) . auto.cz (10 лютага 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  12. В России выпустили три четверти миллиона «Шкод»(руск.) . motor1.com (9 красавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  13. IIHF ICE HOCKEY WORLD CHAMPIONSHIP. History of the ŠKODA Sponsorship(англ.)  (недаступная спасылка). Škoda Auto (21 мая 2017). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021.
  14. Автостатистика ГАИ: сколько у белорусов Geely, а сколько — Ferrari(руск.)  (недаступная спасылка). news.21.by (31 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2021. Праверана 13 жніўня 2021.
  15. О временной приостановке продаж ŠKODA RAPID(руск.)  (недаступная спасылка). skoda-auto.by (10 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 23 красавіка 2021.
  16. Госстандарт объяснил, почему в Беларуси приостановлены продажи Skoda Rapid(руск.) . abw.by (11 сакавіка 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
  17. Официальные дилеры ŠKODA на территории Республики Беларусь временно приостанавливают продажу любых новых автомобилей ŠKODA(руск.) . skoda-auto.by (4 мая 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
  18. В Беларуси не будут продавать Skoda ещё полгода(руск.) . av.by (4 лістапада 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
  19. Запрет на ввоз Skoda в Беларусь продлили. Но машины купить в салоне всё же можно(руск.) , av.by (5 мая 2022). Праверана 17 мая 2022.
  20. Запрет на ввоз и реализацию Skoda, Liqui Moly и Nivea в Беларуси продлен еще на полгода(руск.) , abw.by (4 лістапада 2022). Праверана 4 лістапада 2022.

Спасылкі

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кампаніі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кампаніі паводле алфавіта
Катэгорыя·Кампаніі, заснаваныя ў 1895 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Škoda