wd wp Пошук:

Аксамітная рэвалюцыя

Аксамі́тная рэвалю́цыя (чэшск.: sametová revoluce, славацк.: nežná revolúcia) — падзеі, якія адбываліся ў Чэхаславакіі ў лістападзе-снежні 1989 года і прывялі да адносна мірнага падзення камуністычнага рэжыму і ўсталявання дэмакратыі.

Пачаткам сталася дэманстрацыя студэнтаў у Браціславе (Славакія) 16 лістапада 1989 года, а потым, на наступны дзень, дэманстрацыя пратэсту студэнтаў у Празе (Чэхія). Дэманстрацыя ў Браціславе прайшла мірна, а ў Празе паліцыя жорстка разагнала студэнтаў, якія са свечкамі і вянкамі выйшлі ўспомніць пра сваіх папярэднікаў, і ў прыватнасці студэнта Яна Оплетала, які быў у 1939 годзе пакараны нацыстамі.

На наступны дзень пражскія тэатры абвясцілі, што здымаюць усе спектаклі і аддаюць свае сцэны для публічных дыскусій. Прадстаўнікі чэшскай апазіцыі, царквы, студэнцтва, сабраўшыся ў адным з тэатраў, абвясцілі пра стварэнне Грамадзянскага форуму і запатрабавалі зменаў ва ўладзе, свабоды слова і сходаў, вызвалення палітычных вязняў.

20 лістапада ідэі і патрабаванні Форуму ўжо прагучалі на масавай дэманстрацыі на Вацлаўскай плошчы, дзе сабралася 150 тысяч чалавек.

Камуністычная партыя Чэхаславакіі тэрмінова змяніла сваіх кіраўнікоў Мілаша Якеша — на Карла Урбанка. Улады пайшлі на дыялог з прадстаўнікамі Форуму, а прэзідэнт Густаў Гусак даў загад вызваліць вядомых палітвязняў.

Дзве дэманстрацыі студэнтаў атрымалі нечакана вялікі рэзананс. Студэнты спантанна вынеслі на вуліцы тыя патрабаванні дэмакратычных свабод, якія даўно выспелі ў грамадстве, на якія дзесяцігоддзямі перад тым працавалі шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, такія як «Хартыя-77» і яе пазнейшая спадкаемца — ініцыятыва «Некалькі сказаў».

27 лістапада прыйшла чарга наступнага ўсеагульнага чыну — 2-гадзіннай агульнай забастоўкі. Праз дзень надзвычайны сход Федэральнага парламента Чэхаславакіі выканаў яшчэ адно народнае патрабаванне — з Канстытуцыі былі прыбраныя артыкулы пра кіруючую ролю камуністычнай партыі і марксізм-ленінізм як дзяржаўную ідэалогію.

Крызіс самой камуністычнай партыі быў настолькі глыбокі, што ўлада фактычна выпала з яе рук. Дысідэнты, якія першапачатковы разлічвалі на дыялог з уладай і змякчэнне палітычнага рэжыму, фактычна атрымалі саму ўладу.

29 снежня 1989 года дэпутаты Федэральнага сходу Чэхаславакіі абралі дысідэнта, аднаго з заснавальнікаў Грамадзянскага форуму Вацлава Гавела новым прэзідэнтам. Гэты дзень лічыцца днём перамогі «аксамітнай рэвалюцыі», але чэхі традыцыйна адзначаюць угодкі «аксамітнай рэвалюцыі» 17 лістапада, дзень, калі адбылася першая дэманстрацыя ў Празе.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Перабудова
Катэгорыя·Метафары
Катэгорыя·Рэвалюцыі ў Чэхіі
Катэгорыя·Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка
Катэгорыя·Лістапад 1989 года
Катэгорыя·Падзеі ў Чэхаславакіі
Катэгорыя·Рэвалюцыі ў Славакіі
Катэгорыя·Падзеі 16 лістапада
Катэгорыя·Рэвалюцыі XX стагоддзя
Катэгорыя·1989 год у Чэхаславакіі