Шымон Бар-Кохба (іўр.: שמעון בר כוכבא з арамейскага — Шымон сын зоркі) — правадыр паўстання іўдзеяў супраць рымлян пры імператары Адрыяне, у 131—135 гг. н.э.
На працягу 115—118 гадоў іўдзеі тры разы беспаспяхова спрабавалі пакласці канец рымскаму панаванню; нарэшце, у 130 г., неадкладна пасля ад’езду Адрыяна з Сірыі, падрыхтаванае ўпотай паўстанне пачалося зноў — і на чале руху стаў Бар-Кохба[1].
Сапраўднае яго імя было Шымон Бен-Касіба. Яму далі мянушку Бар-Кохба, гэта значыць «сын зоркі», паколькі старажытнае месіянскае прароцтва Білама (Лік. 24:17) пра зорку, якая ўзыходзіць ад Якава, павінна была, паводле меркавання яго прыхільнікаў, споўніццца на ім. Вядомы таксама пад абразлівым імем Бар-Казіва, ці Бар-Косба (па-арамейску «сын хлусні»), якое далі яму, відавочна, яго праціўнікі ці тыя, хто расчараваўся ў ім пасля паражэння паўстання. Спачатку Бар-Кохба змагаўся з вялікім поспехам супраць рымлян, якія прымушаны былі нават пакінуць Іерусалім, так што ён быў абвешчаны царом і стаў чаканіць манету.
Вайна перайшла па-за межы ўласна Ізраіля; 50 гарадоў і шмат вёсак перайшлі пад уладу паўстанцаў, якіх падтрымліваў таксама знакаміты рабі Аківа са сваімі вучнямі. Калі з’явіўся палкаводзец Адрыяна Юлій Север, паўстанцы перайшлі да абароны і Іерусалім паў. Пасля гэтага Бар-Кохба схаваўся ў крэпасці Бейтар — і ў жніўні 135 года абложаныя былі голадам вымушаны здацца. Сам жа Бар-Кохба загінуў ад укусу змяі.
Сотні тысяч (каля 580 000) іўдзеяў[2] загінулі ў гэтай барацьбе, многія, сярод якіх быў рабі Аківа, былі пакараны смерцю і раскрыжаваны, жорсткія пакаранні сталі вынікам спробы іўдзеяў вярнуць сабе палітычную незалежнасць.
Шымон Бар-Кохба на Вікісховішчы |