Парэ́чкі чырвоныя[3] (Ribes rubrum) — маленькі лістападны хмызняк, від раслін сямейства агрэставых (Grossulariaceae).
Натуральная вобласць распаўсюду знаходзіцца ў лясной зоне па ўсёй Еўразіі, дзе расце ў дзікім выглядзе. У Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі[4].
Сустракаецца на лясных ўзлесках, аддае перавагу берагам рэк або ручаёў, утварае зараснікі.
Плады і кветкі чырвоных парэчак |
Лістападныя зімаўстойлівыя кусты вышынёю 0,7—1,5 метра[4] з парасткамі шэрага або жаўтлявага колеру. Драўніна зеленаватая са светлым асяродкам.
Лісце 3-5-лопасцевае[4] з вышчарбленымі бакамі і гладкім бліскучым верхам. Ніжні бок ліста больш светлага адцення, часам з апушанымі жылкамі.
Кветкі непрыкметныя дробныя жоўта-зялёныя або чырванавата-бурыя, сабраныя ў пэндзлі. Цвіце ў маі[4].
Плады — сакавітыя ягады, чырвоныя розных адценняў, белыя, жаўтаватыя, кіслыя на смак, дыяметрам 8-12 мм, утвараюць гронкі[4].
Спрыяльнае спалучэнне кіслот і цукроў надае ягадам своеасаблівы прыемны і асвяжальны смак.
Кусты чырвоных парэчак добра паддаюцца плоскай фарміроўцы ў выглядзе веера (разрэджаная пасадка ў радах праз 100—150 см) або вертыкальнай сценкі (загушчаная пасадка ў радах праз 30—50 см). Аснову фарміравання складае выразка або пакарачэнне галін, моцных парасткаў і разгалінаванняў, што растуць у бок міжрадкоўяў, шырыню якіх пры закладцы насаджэнняў скарачаюць з 2,5—3 м да 1,5—2 м. Аднагадовыя прыкаранёвыя парасткі, якія загушчаюць насаджэнні, прарэджваюць. Галіны, што адпладаносілі, калі ім па 5—6 гадоў, выразаюць, замяняючы іх моцнымі прыкаранёвымі парасткамі. У залежнасці ад сорту галіны падвязваюць да 1—2-драцянай аднараднай шпалеры (абходзяцца і без яе). Пасадкі ў плоскай планіроўцы ўраджайныя і вельмі дэкаратыўныя, асабліва ў перыяд цвіцення і выспявання ягад. Гэта дае магчымасць выкарыстоўваць чырвоныя парэчкі на жывыя агароджы.
Від Парэчкі чырвоныя ўваходзіць у род Парэчкі (Ribes) сямейства Агрэставыя (Grossulariaceae) парадку Каменяломнікакветныя (Saxifragales).
яшчэ 14 сямействаў (па Сістэме APG III) |
||||||||||||
парадак Каменяломнікакветныя | від Парэчкі чырвоныя | |||||||||||
аддзел Кветкавыя, ці Пакрытанасенныя | семейство Агрэставыя | род Парэчкі |
||||||||||
яшчэ 58 парадкаў кветкавых раслін (па Сістэме APG III) |
яшчэ каля 150 відаў | |||||||||||
Плады чырвонай парэчкі адносна больш кіслыя, чым плады чорных парэчак. Таму яны культывуюцца большай часткай для атрымання джэмаў і іншых кансервавых вырабаў.
Ягады чырвоных парэчак выкарыстоўваюць на перапрацоўку, карысныя яны і ў свежым выглядзе, асабліва людзям, у якіх паніжаная кіслотнасць страўнікавага соку. 3 ягад атрымліваюць сок, з якога гатуюць жэле, мармелад, асвяжальнае марожанае, напоі. Добрыя кампоты з ягад, а варэнне з іх вараць рэдка з-за наяўнасці буйнога і цвёрдага насення.
У скандынаўскіх краінах часта выкарыстоўваецца як кампанент фруктовых супоў і пудынгаў. У Германіі яе выкарыстоўваюць у камбінацыі з заварным крэмам або безэ, як напаўняльнік для тартоў.
Свежыя ягады і прадукты іх перапрацоўкі паляпшаюць апетыт, павышаюць засваяльнасць бялкоў жывёльнага паходжання, садзейнічаюць узмацненню перыстальтыкі кішэчніка. Сок валодае асвяжальнай і агульнаўмацавальнай уласцівасцю, у гарачае надвор’е наталяе смагу, рэкамендуецца хворым, якія знаходзяцца ў ліхаманкавым стане. У народнай медыцыне яго ўжываюць як патагонны сродак і лічаць карысным пры мочакаменнай хваробе — садзейнічае вывядзенню солей мачавой кіслаты.