wd wp Пошук:

Музей-сядзіба Васіля Быкава

Музей-сядзіба Васіля Быкава — музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, размешчаны ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

Дзейнічае як філіял Ушацкага музея народнай славы[1]. У склад музея ўваходзяць адбудаваныя дом, хлеў, пуня, агароджа.

Гісторыя

Інтэр’ер хаты.

Музей заснаваны паводле рашэння Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2004 года і распараджэння Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 1 сакавіка 2004 года[1]. На стварэнне музея ўлады выдаткавалі 80 мільёнаў рублёў[2].

Колішняя хата, у якой да 1940 года жыў пісьменнік, была пабудавана Уладзімірам Хведаравічам Быкавым. З 1976 года яна пуставала і ў 2003 годзе была разабрана па прычыне старасці, а на яе месцы была ўзведзена дакладная копія[3].

На ўрачыстым адкрыцці сядзібы 18 чэрвеня 2004 года старшыня Ушацкага райвыканкама К. Пачэпка зазначыў, што намагаліся будаваць так, як было калісьці зроблена бацькам пісьменніка.

На тэрыторыі сядзібы размешчаны хата, у якой прайшло дзяцінства Васіля Быкава, хлеў, гумно. Вакол хаты — дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка.

У хаце, якая складаецца з трох пакояў (жылая пакой, кухня і сенцы) агульнай плошчай 49 м² знаходзіцца этнаграфічна-бытавая экспазіцыя, дзе размешчаны прадметы хатняга ўжытку (альбо іх аналагі), якімі карысталася сям’я Быкавых. Захоўваюцца таксама кнігі з аўтографамі паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны, іншых дзяржаў. Сярод экспанатаў — копіі малюнкаў Васіля Быкава, стужка ганаровага жыхара Ушацкага раёна, асабістыя рэчы пісьменніка[4].

Экспазіцыя носіць мемарыяльны характар, што і абумоўвіла яе спецыфіку: на аснове тыпалагічных прадметаў быў адноўлены прыжыццёвы інтэр’ер і абстаноўка, у якой рос пісьменнік. Пры стварэнні мемарыяльнай экспазіцыі музея за аптымальную дату, на якую і была праведзена асноўная рэстаўрацыя і рэканструкцыя, аднаўленне інтэр’ераў, быў прыняты гістарычны перыяд, звязаны з нараджэннем і юнацкімі гадамі Васіля Быкава[5].

У асноўнай экспазіцыі музея ў сціснутай форме выдзелена гісторыка-біяграфічная частка, пабудаваная па тэматыка-храналагічным прынцыпе. Тут змешчаны дакументы, фотадакументы, аўтабіяграфічныя матэрыялы, літаратурныя выданні.

Зноскі

  1. 1 2 Музей-сядзіба Васіля Быкава. // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. (бел.)
  2. У вёсцы Бычкі на Вушаччыне адчыніўся мэмарыяльны музэй Васіля Быкава, сястры Быкава не далі перарэзаць чырвоную стужку. // Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода, 18 чэрвеня 2004. (бел.)
  3. Музей Васіля Быкава ў Бычках. // Беларускае Радыё Рацыя, 19 чэрвеня 2017. (бел.)
  4. «Даўгая дарога». // Звязда, 3 ліпеня 2019. (бел.)
  5. Сядзіба-музей Васіля Быкава. // Ушацкі музей народнай славы імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка. (бел.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Персанальныя музеі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Музеі Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Дамы-музеі Беларусі
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Васіль Быкаў
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Славутасці Ушацкага раёна
Катэгорыя·2004 год у Беларусі
Катэгорыя·З’явіліся ў 2004 годзе
Катэгорыя·Бычкі (Ушацкі раён)