wd wp Пошук:

Махабхарата

«Махабха́рата» (санскр.: महाभारत, mahābhārata IAST, — «Сказанне пра вялікіх Бхаратаў») — старажытнаіндыйскі эпас, адзін з буйнейшых літаратурных твораў свету. Паэма складаецца з 18 кніг, некалькіх уводных эпічных сказанняў і многіх сказанняў і легенд пераважна фальклорнага характару, а таксама лірыка-дыдактычных дыялогаў, дыдактычных разважанняў багаслоўскага, палітычнага, прававога характару, касмаганічных міфаў, генеалогій, гімнаў, плачаў, аб’яднаных па тыповаму для вялікіх форм індыйскай літаратуры прынцыпу абрамлення; утрымлівае больш за 100 000 двухрадкоўяў, што ў чатыры разы даўжэй за Біблію і ў сем разоў — за «Іліяду» і «Адысею». У індыйскай традыцыі лічыцца «пятай Ведай».

Эпас паступова склаўся на аснове вусных сказанняў і легенд плямён і народнасцей паўночна-заходняй і паўночнай Індыі пачынаючы з 2-й паловы 2-га тысячагоддзя да н.э. Сучасны выгляд набыў да V стагоддзя н.э. Лічыцца, што першапачатковае сказанне «Махабхараты» створана на пракрытах і толькі потым выкладзена на санскрыце. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму мудрацу В’ясу beru.

«Махабхарата» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ў нацыянальных літаратурах народаў Індыі, Інданезіі, М’янмы, Камбоджы, Тайланда, Лаоса, Шры-Ланкі, а таксама адлюстраваліся ў літаратурах Тыбета і Манголіі. У кожнай з нацыянальных літаратур сюжэты «Махабхараты» маюць сваю інтэрпрэтацыю ў адпаведнасці з эпохай і канкрэтным нацыянальным асяроддзем. У Еўропе «Махабхарата» вядома з канца XVIII стагоддзя.

Змест

У цэнтры «Махабхараты» расказ пра бітву двума царскімі родамі стрыечных братоў (Пандаваў і Каўраваў) і іх саюзнікаў за панаванне над Хастынапурай (цяпер — Дэлі). Даследчыкі лічаць, што ў аснову эпасу ляглі паданні пра рэальныя падзеі, што адбываліся ў паўночнай Індыі ў позневедыйскі перыяд — вайну паміж саюзамі плямёнаў куру і панчалаў, якая завяршылася перамогай апошніх. Радаводы старажытнаіндыйскіх уладароў дазваляюць датаваць бітву XI стагоддзем да н.э.

Прыкметнай рысай эпасу з’яўляецца тое, што асноўны сюжэт займае толькі адну чацвёртую частку ўсёй паэмы. Астатні тэкст — устаўныя эпізоды: міфы, легенды, апавяданні, байкі, прыпавесці, а таксама філасофскія, палітычныя, маральна-этычныя трактаты. Некаторыя з уставак утвараюць як бы самастойныя творы, якія самі па сабе з’яўляюцца шэдэўрамі сусветнай літаратуры. Такая дзіўная структура адрознівае «Махабхарату» ад іншых класічных народных эпасаў. Але падобны прынцып пабудовы аказаўся запатрабаваны ў літаратуры постмадэрнізму.

Сярод устаўных эпізодаў «Паэма пра Наля». Галоўны герой твора Наль прайграў брату ў косці сваё царства і ўсю маёмасць. Разам са сваёй каханай царэўнай Дамаянці ён блукае па глухім лесе, воляю абставін яны разлучаюцца. Паасобку яны перажываюць шматлікія прыгоды і нарэшце зноў сустракаюцца. Цудоўна перададзены тут перажыванні герояў, сімволіка і мова кахання, вернасці, рэўнасці, гора і радасці. Паэма прасякнута незвычайнай для старажытнай літаратуры рамантыкай пачуцця. Гэта адзін з лепшых твораў сусветнай літаратуры пра каханне. Ад яго ідзе традыцыя авантурна-любоўнага сюжэта.

Устаўныя эпізоды «Махабхараты» пераказваюць, па сутнасці, усю арыйска-індыйскую міфалогію. Тут і міфы пра старых багоў, з якімі арыйцы ішлі ў Індыю, тут і багі, успрынятыя ад мясцовага насельніцтва або «сінтэтычныя» — Брахма, Шыва, Вішну, а таксама міфы пра Сусветны патоп і першачалавека Ману, пра збіццё масла з Малочнага акіяна і г.д.

Такім чынам, «Махабхарата» — збор самых розных сюжэтных тэкстаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яна ўяўляе з сябе не адзін твор, а цэлую літаратуру, бо эпас складваўся на працягу тысячагоддзяў. Народная індыйская прыказка гаворыць: «Чаго няма ў „Махабхараце“, таго няма ўвогуле ў Індыі». Гэта свяшчэнная кніга пра сэнс і мэту жыцця, пра чалавечую мараль і абавязак.

Стварэнне «Махабхараты»

Рэдактарская праца над «Махабхаратай» у цэлым завяршылася ў першыя стагоддзі нашай эры, але адзінай рэдакцыі паэмы не было створана, нягледзячы на тое, што стварэнне «Махабхараты» прыпісваецца аднаму аўтару, легендарнаму мудрацу і паэту В’ясу. Адрозніваюцца паўночная і паўднёвая рэдакцыі. Гэтыя адрозненні выяўляюцца ў парадку размяшчэння асобных момантаў падання і ў наяўнасці ці адсутнасці пазнейшых уставак. Варыянты асноўнага падання — гісторыі саперніцтва Пандаваў і Каураваў — у розных рэдакцыях адрозніваюцца нязначна.

Структура паэмы (наяўнасць у першай кнізе двух шмат у чым супадаючых каталогаў яе зместу) дазваляе вылучыць дзве яе асноўныя рэдакцыі. Першую можна арыенціровачна датаваць VII стагоддзем да н. э. (эпохаю да будызму), яна ўключала асноўны сюжэт пра вайну Пандаваў і Каураваў, пачынаючы пераказ з Шантану (прадзеда галоўных герояў), і завяршалася смерцю Крышны і зыходам Пандаваў. Другую рэдакцыю можна датаваць перыядам адраджэння брахманізму ў II стагоддзі да н. э. Тады былі зроблены шматлікія ўстаўкі ў паэму, у прыватнасці самастойная кароткая версія «Рамаяны». Сучасны выгляд эпас набыў к V стагоддзю.

Літаратура

На русскай

На англійскай

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Махабхарата
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Кнігі паводле алфавіта