wd wp Пошук:

Катарына фон Бора

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бора.

Катарына фон Бора (ням.: Katharina von Bora; 29 студзеня 1499, Ліпендорф каля Пегау — 20 снежня 1552, Торгау) — жонка і найбліжэйшая памочніца нямецкага царкоўнага рэфарматара Марціна Лютэра.

Біяграфія

Катарына фон Бора адбывалася з саксонскага дваранскага роду. Выхоўвалася ў бенедыкцінскім кляштары ў Брэне, а з 1509 года — у цыстэрцыянскім кляштары Німбшэн каля Грымы. Тут яна вучылася пісьму, чытанню, лічэнню, спевам, а таксама латыні і пачаткам вядзення сельскай гаспадаркі. У гэтым жа кляштары дзяўчына ў 1515 годзе дае клятву стаць манашкай.

Неўзабаве пасля гэтага Катарына знаёміцца з крытычнымі сачыненнямі Марціна Лютэра, і яна вырашае бегчы з кляштара. Звярнуўшыся па дапамогу да Лютэра, які прысылае ў кляштар воз, Катарына разам з яшчэ 11 манашкамі хаваецца ў ім сярод бочак з селядцом. З-за таго, што пасля вяртання дамоў жанчынам пагражала смерць, Лютэр прывёз іх у Вітэнберг, дзе разлічваў знайсці ім «прыстойных мужоў». Катарына фон Бора жыла ў гэтыя дні ў мастака Лукаса Кранаха Старэйшага, пэндзлю якога належаць выдатныя партрэты Катарыны і Марціна Лютэра.

Пасля таго як сватаўство Катарыны з некалькімі знойдзенымі для яе жаніхамі не ўдалося, Марцін і Катарына 13 чэрвеня 1525 года пабраліся шлюбам. Жылі яны ў былым аўгусцінскім кляштары, які курфюрст Ёган Цвёрды перадаў у іх распараджэнне. Катарына тут займалася гаспадаркай, у тым ліку жывёлагадоўляй і піваварствам. У многіх праблемных пытаннях, з якімі сутыкаўся ў паўсядзённым жыцці Лютэр, жонка была яму вялікай дапамогай.

У Марціна Лютэра і Катарыны нарадзіліся шасцёра дзяцей — 3 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. Пасля смерці мужа і вырашэння праблем з яго завяшчаннем Катарына стала забяспечанай жанчынай, якая карысталася заступніцтвам курфюрста Саксоніі Ёгана-Фрыдрыха Вялікадушнага, караля Даніі Крысціяна III і герцага Прусіі Альбрэхта. Падчас Шмалькальдэнскай вайны, у 1546 і ў 1547 гадах, яна была вымушана з дзецьмі бегчы ў Магдэбург. Вярнуўшыся ў Вітэнберг, Катарына даведалася, што яе гаспадарка была разрабавана. Тым не менш заставалася ў Вітэнбергу аж да 1552 года, калі ў наваколлях пачаўся неўраджай, а ў горадзе вылілася эпідэмія чумы.

Надмагільная пліта Катарыны фон Бора ў Торгау

З’ехаўшы ў Торгау, памерла з-за няшчаснага выпадку ў дарозе.

Зноскі

  1. 1 2 https://www.evangelisch.de/inhalte/90067/21-11-2013/zehn-protestanten-und-ihre-letzten-ruhestaetten Праверана 28 чэрвеня 2021.
  2. 1 2 Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Лютэранства
Катэгорыя·Гісторыя Германіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1499 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 студзеня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Саксоніі
Катэгорыя·Памерлі ў Торгау
Катэгорыя·Жанчыны Сярэдневякоўя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Свяшчэннай Рымскай імперыі
Катэгорыя·Памерлі ў Свяшчэннай Рымскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэфармацыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1552 годзе
Катэгорыя·Марцін Лютэр
Катэгорыя·Памерлі 20 снежня